
РР.: Вы былі добра знаёмыя з Уладзімірам Караткевічам. Што вы думаеце пра яго асаблівы талент? Калі, прыкладам, чытаеш яго творы пра сярэднявечча, не пакідае ўражанне, што аўтар жыў у тыя часы, настолькі выразна апісаныя розныя дробныя дэталі. Проста нейкіх навуковых ведаў замала. Ёсць тэорыя, што людзі асаблівага дару могуць «хадзіць», зазірнуць як у мінулае, так і ў будучыну. Што вы думаеце пра гэта?
З.П.: Ну, гэта такія байкі. Караткевіч валодаў вельмі вялікай фантазіяй. Яго фантазія была надзвычай развітая. І ён валодаў гістарычнымі ведамі і ўяўленнямі. Я гэта ведаю, паколькі сам гэта раблю. І ён гэтыя свае ўяўленні бачыў, канкрэтна мог іх апісаць. Мог сваю фантазію матэрыялізаваць у сваіх уяўленнях. Вось гэта ў яго быў такі талент сапраўды. Таму што пісьменнікі розныя бываюць. Скажам, вось я, калі пісаў «Вялікае Княства»… Вось я магу пісаць у любых месцах: у аўтобусе, у самалёце. Людзі гавораць, я буду пісаць, мяне не праймае. Я магу адключыцца. Людзі гавораць, а я не чую, што яны гавораць. Дык вось «Вялікае Княства» я пісаў усяляк: і ў машыне, і ўсюды. Але яно настолькі вот пранікла ў мяне, я бачу тых людзей, тыя мясціны. І вось цяпер я часам думаю, ці я гэта перажыў, ці прыдумаў. Вы разумееце, што адбываецца? Калі ты ўваходзіш у вобразную сістэму, калі ты пішаш твор, то ты павінен бачыць, як выглядае Любча, яе голас, усё, усё… Я яе бачыў, я магу намаляваць яе партрэт, як яна вось пахне, я ўсё гэта адчуваю. Я бачу гэтыя мясціны, гэтыя дарогі, я бачу ўсё. І цяпер я думаю, ці гэта я перажыў. І вось гэта ўнутранае перажыванне вобраза, яно робіцца часткай твайго жыцця. І ў Караткевіча, неяк прыходзілася з ім гаварыць, дык вось Валодзя мог пранікнуць у той свет, які ён ствараў. А ён ствараў на аснове ведаў, бо ён добра ведаў гісторыю, ён адчуваў людзей. І тады ты бачыш свет, калі нечага не хапае, ты дамалюеш. Можа быць гэта прырода рамантычнай творчасці, бо ён рамантык. Я таксама люблю рамантызм, лічу «Вялікае Княства» рамантычнай паэмай. Дык вось я так разумею гэтую сітуацыю, калі тое, што выдуманае, тое, што прыдумана і ты яго бачыш, яно робіцца часткай тваёй істоты. Калі ты яго не бачыш, то ты яго не апішаш. І цяпер я разумею, «У краіне светлай, дзе я ўміраю, у белым доме, ля сіняй бухты, я не самотны, бо кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты». Геніальна напісана! А сутнасць, то што? Вось гэта кніга – гэта яго дзіця Багдановіча. Яго дзіця, ён мае гэту кнігу, ён жыве гэтым. Гэта прырода творчасці. І гэта сапраўды так. Вось нейкія свае кніжкі, вершы – гэта як мае дзеці. Я гэта ўсё перажыў, і мне гэта дорага. Таму і ў Валодзі гэта было. Гэта сапраўдны быў пісьменнік, паэт. Дарэчы, яго паэзія вельмі харошая, асабліва ранняя, «Матчына душа» і «Вячэрнія ветразі» – проста выключныя. Ну, але ён больш як празаік. Дык вось я лічу, што гэта прырода яго таленту, прырода рамантычная. І яго асаблівасць – вельмі развітая фантазія.
Р.Р.: Якія аўтары/творы беларускай літаратуры абавязкова павінны быць у школьных праграмах? Мы казалі пра беларускую школу, пра духовыя патрэбы, добрую літаратуру. Што, на вашу думку, павінна быць адпаведна ўзросту школьнага?
З.П.: Беларуская літаратура вельмі высокая, вельмі чалавечная, гуманістычная, прыгожая, надзвычай харошая літаратура. І таму вялікія паэты павінны быць там у першую чаргу, асабліва Якуб Колас. Гэта вялікі паэт, вельмі аптымістычны, вялікі педагог, які ведаў дзіцячую душу. У яго шмат дзіцячых твораў. Дык вось Якуб Колас вельмі важны і, канешне, Янка Купала, Максім Багдановіч, Караткевіч. І на гэтых паэтаў, асабліва на Купалу, трэба глянуць па-новаму. Бо бальшавікі таксама давалі ў школьную праграму і Купалу «Там ідзе беларус, пан сахі і касы, цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы». Вось што яны давалі. Верш не дрэнны, але слухайце, Купала ж не ў гэтым.
Р.Р.: Перад рэвалюцыяй было дрэнна, пасля рэвалюцыі – добра. Вось, што яны давалі.
З.П.: Тое самае і з Коласам. Трэба многія творы Купалы. Купала стварыў тэатр свой. Да гэтага часу драматычная паэма «Сам» не пастаўлена ў тэатры. Велізарнейшы твор, магутны! Не знайшлося рэжысёра, які б гэта зразумеў. Яны не дараслі да Купалы. Вось у чым справа. Таму Купала – гэта яшчэ паэт будучыні, яшчэ ён у тэатры павінен прагучаць.
Ну і канешне Багдановіч. Ня толькі ж «Слуцкія ткачыхі», а тое, што «Песняры» адкрылі і праспявалі, гэта таксама павінна быць у школе.
Р.Р.: А хто з сучасных аўтараў беларускіх вам падабаецца?
З.П.:З цяперашніх?
Р.Р.: Так. Ці вы мала чытаеце з сучаснай беларускай літаратуры?
З.П.: Мала чытаю, але тое, што чытаю, мне не падабаецца. Таму мне цяжка нават сказаць. У мяне такое ўражанне, што гэтыя лукашысцкія трыццаць гадоў – гэта правал у літаратуры. Пасля таго, як памёр Быкаў, як памёр Барадулін, памёр Бураўкін, Разанаў, нічога беларуская літаратура не дала…Нічога.
Не хачу называць тое, што зараз называюць літаратурай, гэта нават не літаратура. Дык вось маё такое ўражанне, што літаратура за 30 гадоў лукашызму не нарадзіла нічога, у беларускай літаратуры здарыўся правал. Можа нейкія даволі дробныя пытанні, бытавыя, прыватныя – нешта там ёсць. Але асэнсаванне чалавека, перыяду крушэння ідэалаў нацыі, асэнсавання няма. Купала, Колас, Багдановіч – яны жылі ў сваёй эпосе і пісалі пра гэта: «Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня! Паглядзі, як усход разгараецца, колькі ў хмарках залётных агня…». Яны пісалі, звалі…Купала – прарок, усё пісаў, яны жылі гэтым, эпоху адлюстравалі магутна і моцна. А цяпер што? Няма ні аднаго пісьменніка, ні аднаго паэта, які б гэта падняў і паказаў. А брыдоты поўна! Адзін напісаў пра половой акт на могиле БНР. Паэт «вялікі»…
РР: Вы выдалі досыць значную колькасць кніг. Якая з іх асабліва дарагая? І пра што марыце яшчэ напісаць, якую кнігу стварыць і выдаць?
З.П.: Гэта труднае пытанне, як кажуць, усе дзеці дарагія. Зараз у мяне вельмі цяжкі час, таму што прыходзіцца займацца толькі палітыкай, тым больш у цяжкіх умовах. Вельмі цяжкі час мы зараз перажываем. Але я выдаў чатыры тамы сваёй публіцыстыкі, розных твораў тэарэтычных. І ў мяне ёсць матэрыялы яшчэ на чатыры тамы. Гэта па 600-700 старонак А4. Вельмі шмат і гэта ўсё трэба выдаць. Для гэтага трэба час і грошы. Таксама хачу архівы выдаць. Архівы Фронту расцягалі, але тыя часткі, якія ёсць, трэба будзе выдаваць. Шмат чаго трэба выдаць, але няма на гэта часу.
РР: А штосьці такое, як паэма «Вялікае Княства Літоўскае» пішацца, ці марыцца пра нешта такое?
З.П.: Канешне, у мяне шмат што ўжо і напісана, але толькі фрагменты засталіся. Пачаў пісаць і…пачаў іншым займацца. І пакінуў. І так застаюцца незакончаны раман, незакончаная аповесць. Так атрымліваецца. Бо будзеш займацца толькі гэтым, а Беларусь знішчаць. І каму гэта будзе патрэбна? Таму прыйшлося ўсё гэта кінуць і займацца палітычнымі справамі. І я не шкадую. Шмат, што пачата, і я ня ведаю калі гэта скончу. Я некалі займаўся самвыдатам. Быў беларускі самвыдат. Пра многае я забыўся, але былі некалькі вялікіх працаў напісаны ў 70-ых гадах. І сталася, што мой адзін сябра знайшоў гэта ў інтэрнэце. Яны ж разыходзіліся, але ў вельмі вузкім коле. І я ня ведаў, што гэта ёсць. І вось я зараз выдам іх Гэта пісалася 50 гадоў таму. Беларускі самвыдат. Часопіс там быў такі каталіцкі, які я ад пачатку да канца рабіў, і адзін твор які я хацеў перадаць тады за мяжу на радыё «Голас Амерыкі» альбо «Нямецкая хваля», але не ўдалося тады перадаць. На рускай мове было тады напісана, бо гэта зварот да ўсіх народаў Савецкага саюзу. І скора кніжка выйдзе. Так і называецца «Самвыдат» (на момант гэтай публікацыі ужо выдана – РР).
РР: Шчыра хочам падзякаваць за тое, што знайшлі столькі часу для Беларускага Радыё Рацыя! Шчыра зычым вам здароўя, творчага натхнення, канешне вольнай Беларусі і вяртання на радзіму. Што б вы маглі пажадаць нашым слухачам?
З.П.: Нашым слухачам трэба пажадаць такога: Верце ў вольную Беларусь і набліжайце яе кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну і кожную секунду! Ад гэтага залежыць наша будучыня. Усе мы павінны зараз працаваць на Беларусь, на нашу будучыню. Бо пагроза нам ад Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя
Цалком пераслухаць усе часткі гутаркі можна на нашай старонцы ў рубрыцы падкасты: перадача “Вочы ў вочы”.






