Сябры журы двух сезонаў прэміі Шэрмана зацвердзілі доўгія спісы, але не ва ўсіх намінацыях.

У сезоне 2023 года доўгі спіс зацверджаны толькі для намінацыі “Пераклад прозы”, у намінацыях “Пераклад паэзіі” і “Пераклад дзіцячай літаратуры” журы вырашылі не вызначаць доўгія спісы з-за невялікай колькасці намінаваных кніг.
У сезоне 2024 года доўгі спіс зацверджаны для намінацый “Пераклад прозы” і “Пераклад дзіцячай літаратуры”, у намінацыі “Пераклад паэзіі” журы пастанавіла не вызначаць доўгі спіс – таксама з-за невялікай колькасці пазіцый у поўным спісе.
Наступны этап для ўсіх намінацый абодвух сезонаў – вызначэнне кароткіх спісаў.
Нагадаем, што сёлета намінанты маглі скарыстацца шыфраваннем, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
Уручэнне прэміі Шэрмана адбудзецца ў Варшаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA напрыканцы лістапада.
У журы Прэміі Шэрмана 2023 ўвайшлі: філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка, перакладчыца, рэдактарка, кніжная блогерка Наста Карнацкая, паэтка, перакладчыца, выкладчыца англійскай мовы Ганна Шакель, літаратар, журналіст, рэдактар Сяргей Дубавец. Cябры журы Прэміі Шэрмана 2024 пажадалі застацца непублічнымі.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.
У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа (пераклад паэзіі) і Мікола Раманоўскі (пераклад прозы). Андрэй Строцаў атрымаў спецпрыз за “смелы перакладчыцкі дэбют”.






