“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: дызайнерамі, рамеснікамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Сёння госцем праекту стаў Зміцер Анісімаў – графічны дызайнер, стваральнік плакатаў.
Звычайна ў маёй распрацоўцы каля 10-15 плакатаў адначасова. Растлумачу. Ёсць нейкая сітуацыя, якая фарміруе ідэю. Потым гэтая ідэя праходзіць некалькі этапаў прыняцця і карэкціровак. Часам гэта можа заняць пару дзён, а часам – каля году. Так я для сябе вызначаю неабходнасць і каштоўнасць працы, аддзяляю першаснае ад другараднага. Рэч у тым, што нейкія працы навязваюцца рознымі жыццёвымі маніпуляцыямі звонку. А яшчэ перыядычна людзі просяць у мяне плакаты на пэўныя вузкія тэмы. Я не супраць іх, але такога кшталту “здзелка” проста будзе камерцыяй.
А я стараюся рабіць працы, якія б дапамагалі б пражыць нейкі досвед або па паглядзець на сітуацыю інакш. Насамрэч я вельмі шмат разоў лавіў сябе на думцы тыпу “рабіць нешта хайповае і папулярнае і зарабляць на гэтым”. Але любы такі падыход – гэта яма без дна, і з кожным новым разам ты ўсё глыбей і глыбей будзеш тануць у цемры сваёй несапраўднасці, пакуль цалкам не растворышся ў ёй. Менавіта таму я раблю толькі тое, што найперш важна мне самому і што не зводзіцца да банальнага камерцыйнага ўдзелу.
Мне складана вылучыць нейкую канкрэтную адметную працу. Але калі казаць пра плакаты з пераважным патэнцыялам ці наймацнейшым імпульсам для мяне, то вылучыў бы “Жыве Беларусь”, “Маяк” і “Wybór”. Да іх бы я яшчэ дадаў працу “Nie przechodź”. Яна закранае сітуацыю паміж пешаходамі і аматарамі колаў на роварных дарожках у Польшчы.
“Папера сцерпіць усё”
Любы плакат – гэта тое, з чым я жыву цяпер ці з чым жыў раней. Тое, з чым змагаўся ці змагаюся, наконт чаго хвалююся, што ўсведамляю і як наогул успрымаю рэальнасць. І калі я пачынаю працу па любым такім плакаце, то я комплексна пражываю той эмацыянальны стан, які ў гэты момант закранаецца. Дзе я апускаюся ў сітуацыю, прапрацоўваю яе. І так, думаю, гэта можна назваць свайго роду такой тэрапіяй. Плюс такі падыход дапамагае зірнуць на розныя сітуацыі зусім па-рознаму. Калі падсумаваць, то я б сказаў адной фразай майго сябра: “Папера сцерпіць усё”.
Пра дабрачынныя акцыі: “Мне – разгрузка і вызваленне, а людзям – радасць”
Калі я ствараю плакаты, я не заўсёды ведаю, як будзе рэалізаваны той ці іншы плакат (калі будзе наогул). А калі і ведаю, то не заўсёды рэалізоўваю. І паколькі праекты робяцца рэгулярна, то праз нейкі час плакатаў назапашваецца так шмат, што для новых на паліцы месца ўжо не хапае. І я падумаў, а чаму б не задаволіць нейкага роду бясплатную раздачу ўсіх плакатаў. Мне – разгрузка і вызваленне, а людзям магчымая нават радасць. Таму я вырашыў зрабіць акцыю на раёне, дзе жыў. Праз актыўны мясцовы чат беларусаў падрыхтаваў невялікі анонс, указаў месца і час. На ўсё выдаткаваў 3 дні (калі не памыляюся).
То бок на працягу трох дзён я прыходзіў у месца “n” і чакаў сваіх гасцей. Спадзяванні на такую акцыю былі вышэя за рэальнасць, але гэта было і плюсам, я ў чарговы раз пераканаўся, што бясплатна трэба далёка не ўсім (эфект абясцэньвання). А таксама – што перш, чым нешта купляць або атрымліваць, важна спачатку выбудаваць кантакт даверу з канчатковым спажыўцом (на той момант я быў для большасці толькі чарговым незнаёмцам з натоўпу). Але было, як было, і ў любым выпадку гэта добры досвед. Ці паўтару яшчэ раз такое? Думаю, што так.
Часам я дару свае плакаты новым знаёмым, часам рэалізую па запыце. Да мяне ў апошні час прыйшло некалькі новых кліентаў пад дызайн і я зараз цалкам у іх вытворчасці. Таму часу на плакаты застаецца вельмі мала. Выдатна, калі хаця б 1 дзень на тыдзень атрымліваецца вылучыць на прапрацоўку плакатаў. Але я рады, што ў мяне атрымліваецца і далей генераваць працы і не выпадаць. Гэта дарагога каштуе.
Парады творцам: “Спрабуйце знайсці нешта сваё”
Дызайнерам-пачаткоўцам варта вывучаць асновы і ўкараняць нейрасеткі ў свае паўсядзённыя праекты, не баяцца спрабаваць новае і абавязкова фарміраваць сваё партфоліа. Ну а дызайнерам са стажам, важна працаваць над засваеннем дадатковых дадаткаў (тых жа нейрасетак) і мець магчымасць прапанаваць кліенту пашыраны спектр паслуг + гэтак жа працягваць фармаваць партфоліа і не забываць пра базу. Ну а калі ты профі, то галоўны момант, які я б хацеў заўважыць дык гэта “не застойвацца ў прафесіі”. Працягваць цікавіцца нішай, быць уцягнутым у дызайн кам’юніці, адкрываць новыя эмоцыі, мець зносіны і абменьвацца ведамі з іншымі.
Бо аддаючы, мы практычна заўсёды атрымліваем удвая. Мы не будзем зараз закранаць дызайнераў у студыях, працу ў кампаніях, бо гэтая тэма патрабуе асобнай размовы. А што да магчымасці рэалізацыі, то тут варыяцый проста касмічная колькасць. Цяпер столькі напрамкаў, што месца знойдзецца кожнаму. Спрабуйце знайсці нешта сваё, а не слепа ісці за трэндамі.
“Напаўненне праз абнуленне”
У перспектыве я планую стварыць нешта накшталт сайта або асобную сацыяльную платформу, дзе можна будзе паглыбіцца ў сэнсы, пачытаць, пагартаць, паглядзець. Таксама хачу стварыць архіў беларускіх сучаснікаў і не толькі, хто так ці інакш узаемадзейнічаў/узаемадзейнічае з плакатным мастацтвам. Яшчэ я працую над ілюстраванай кнігай пра гістарычную спадчыну і фарміраванне беларускага этнасу. Не ведаю, як і калі яна ўвогуле выйдзе ў свет, але маленькімі крокамі я ўсё ж іду. Такія планы на бліжэйшую будучыню.
Што да прафесійнай дзейнасці, то, вядома, буду працягваць працаваць у сферы дызайну па стварэнні канцэпцый і візуальнай выявы для сваіх замоўцаў. Дапамагаць ім вылучацца, напаўняцца сэнсамі і даносіць пасланне сваім кліентам.
Ну і пра сябе, натуральна, варта не забываць: адпачынак, здароўе, узаемадапамога і татальнае напаўненне праз абнуленне.
Беларускае Радыё Рацыя