
Ужо больш месяца плакаты ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі і Украіны людзі могуць убачыць ў Беларускай прасторы «Робім разам» у Варшаве. Нашым госцем сёння ёсць арганізатар выставы беларускі мастак Зміцер Гушча, з якім мы пазнаёмімся бліжэй, а таксама з яго творчасцю, марамі і грамадскімі справамі:
— Вітаю, мяне завуць Змітор, мяне ведаюць як Дзім Нюман. Я жыву ў Даніі шмат гадоў, але сэрцам і душой я беларус. Я нарадзіўся ў Беларусі, і таксама люблю Польшчу і Украіну — гэта два вельмі блізкія для мяне краі, што маюць непасрэднае дачыненне да маёй ідэнтычнасці. І мне выпала такая місія, я нават не разлічваў, але быць адным з 38 мастакоў на гэтай выставе.
РР: Адкуль мастакі?
— Адны з самых выбітных мастакоў Польшчы, Беларусі, Украіны, таксама Літвы, Латвіі, нават з Малдовы і далёкага Ізраіля дасылалі нам працы. Так што гэта сапраўды міжнародная выстава. І мы спадзяёмся, што тэма міжнароднай салідарнасці тут будзе як мага больш раскрытая.
РР: Чаму менавіта вы вырашылі зрабіць выставу? Вы арганізатар, наколькі мне вядома?
— Гэта ўсё арганізавалася стыхійна. Я — адзін з мастакоў. Мы проста далі пляцоўку і свабоду творчасці мастакам, і яны дасылалі нам працы на тэму салідарнасці з Украінай, падтрымкі вольнай Беларусі. Адна з асноўных тэм, якая нас аб’ядноўвае, — гэта барацьба з маскоўскім імперыялізмам.
РР: Колькі тут плакатаў прыкладна?
— Я вам дакладна скажу, што тут больш за 300 плакатаў.
РР: Чаму менавіта плакаты, а не малюнкі ці карціны?
— Таму што плакат — гэта такі медыум, які вельмі танны. Плакат раздрукаваць нашмат танней, чым выставіць карціну ці малюнак. Гэта патрабуе больш адпаведных умоў, і гэта вельмі складана зрабіць. Але за кошт ідэі плакат можа быць не горшай камунікацыяй за паўнавартасную карціну.
РР: Колькі гадоў вы ўжо не жывяце ў Беларусі?
— Апошні раз я наведаў Беларусь у 2020 годзе.
РР: Стала пражываеце за мяжой?
— Стала пражываю за мяжой з 2004 года.
РР: А чаму пакінулі Беларусь?
— На той момант я паехаў вучыцца за мяжу, шукаў новыя перспектывы і хацеў паказаць, што беларус можа дасягнуць нейкага глабальнага роўню ў свеце.
РР: Вам удалося?
— Я лічу, што ў пэўным сэнсе так.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З госцем Беларускага Радыё Рацыя мастаком Зміцерам Гушчам размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Падрабязней пра выставу тут: https://racyja.com/by/kultura/pakaz-vystavy-salidarnasc-2-0-padouzyli-u-varsave/
Беларускае Радыё Рацыя






