Дзень роднай мовы – гэта асаблівы дзень. Кажа наш сённяшні госць – Зміцер Косцін.

Запрашаем на размову, падчас якой пагаворым з госцем пра яго асабісты моўны досвед, пра моўнае багацце Падляшша, і запросім на сённяшні фінал Дэкламатарскага конкурсу, які адбудзецца ў Беластоку.
РР: Зміцер, ці гэта таксама тваё асабістае свята – Дзень Роднай Мовы?
– Напэўна, гэта таксама маё асабістае свята. Але гэта хутчэй не дзень, калі я проста прыгадваю, што ёсць беларуская мова, што мае продкі беларусы, і што варта ў гэты дзень больш размаўляць па-беларуску. Проста так склалася ў апошнія гады, што беларуская мова стала дамінантнай мовай майго штодзённага функцыянавання. Гэта мова маёй сям’і, гэта мова, на якой размаўляюць мае дзеці паміж сабой, на якой я размаўляю з імі. Яна таксама гучыць часам і ў кантактах з польскімі сябрамі, якія цікавяцца беларускай культурай.
– Таму гэты дзень, хутчэй, нагадвае нам, якая вялізная каштоўнасць у нас ёсць, і тую адказнасць, якую мы нясём за гэты скарб, што дастаўся нам ад продкаў. Канешне, гэта прагучала пафасна, але на самай справе дзень вельмі важны. Важны таму, што ён паказвае нашае разнастайнае, але адначасова моцнае культурнае асяроддзе.
РР: І вось акурат пра дзяцей. Твой асабісты досвед тут таксама цікавы. Бо бывае, што дзеці могуць спытаць: «Навошта нам гэтая беларуская мова?» Асабліва тут, на Падляшшы, дзе мы з табой жывем. Яны могуць разважаць: «Навошта нам яна, калі сітуацыя ў Беларусі такая, якая ёсць, і вярнуцца туды цяпер немагчыма?» Як ты адказваеш на такія пытанні?
– Гэта даволі цікавы досвед. Думаю, большасць беларускамоўных бацькоў, якія спрабуюць выхоўваць дзяцей па-беларуску, сутыкаліся з такімі пытаннямі. І яны ўзнікаюць на розных этапах жыцця дзіцяці.
– Памятаю, калі майму сыну было пяць гадоў. Тады мы яшчэ маглі ездзіць у Беларусь. Мы ехалі на машыне, і ён пытаўся: «Тата, а вось тут» – мы праязджалі Ваўкавыск – «ці будзе нехта, з кім я змагу паразмаўляць па-беларуску?» Я адказваў: «Напэўна, так, але, хутчэй за ўсё, не шмат». Далей праязджалі Зэльву, і зноў тое ж пытанне.
– Безумоўна, хацелася б адказваць на гэтыя пытанні больш аптымістычна. Хацелася б разумець, што беларускамоўнае выхаванне не выключае дзяцей з грамадства. Але пры гэтым мы стараліся, каб нашы дзеці былі адкрытымі да іншых моў і іншых культурных асяроддзяў. І дзякуючы гэтаму пазней мы чулі ад суседзяў-палякаў, што яны захапляюцца, калі дзеці гуляюць разам, а ў пэўны момант мой сын Кандрат адварочваецца да сястры і пачынае гаварыць па-беларуску.
– І ўсе дзівіліся: «Як гэта магчыма, што дзеці валодаюць некалькімі мовамі адначасова?»
– Але складана было, канешне, у падлеткавым узросце. У нейкі момант у зносінах пачала з’яўляцца руская мова.
РР: Як і ў большасці дзяцей з Беларусі, якія цяпер жывуць у Беластоку, напэўна.
– Так. Думаю, што гэта была такая спроба крыху пазмагацца з бацькамі. Усе падлеткі праходзяць праз гэта. Спачатку я, канешне, хваляваўся, а потым зразумеў: гэта іх спосаб самавыражэння.
– Але з цягам часу на стаўленне да беларускай мовы паўплывалі падзеі навокал. У пэўны момант бацькі перастаюць быць асноўным аўтарытэтам для дзіцяці. І вось у 2020 годзе для майго старэйшага сына гэтым аўтарытэтам сталі беларусы, якія выходзілі на вуліцы гарадоў у Беларусі і ў Беластоку.
– Тады ягоныя ўнутраныя сумневы, пытанні накшталт «ці ёсць у нас падстава ганарыцца сваёй мовай», зніклі. І сапраўды, ён знайшоў у гэтым сваю апору. Ён шчыра радаваўся таму, што ён беларускамоўны.
– Цяпер, вядома, будучы студэнтам, ён ужо крыху інакш на гэта глядзіць, але тая аснова, тое ўсведамленне каштоўнасці мовы застаецца з ім.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






