BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зміцер Косцін пра фестываль SONCAHRAJ

Супольныя спевы, танцы і забавы. Трэці фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ сёння стартуе ў Беластоку, а наперадзе – Вітава, Супрасль і Навасады.

Што чакае гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства, а таксама пра тое, як паўставаў фестываль, паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” – кіраўніком рэдакцыі нацыянальных меншасцяў Польскага Радыё Беласток, прадстаўнік фонду TUTAKA, галоўны ініцыятар і стваральнік фестывалю SONCAHRAJ Зміцерам Косціным.

РР: Чым парадуеце ў гэтым годзе? Мясцовасці зноў новыя.

– Так, мясцовасці новыя. Пачынаем з Беластока і прызнаюся шчыра хвалюемся. Беластоцкая публіка – гэта публіка спецыфічная, публіка якая вымагае шмат. Мне здаецца, што калі гаварыць пра такія традыцыйныя пленэрныя імпрэзы і мерапрыемствы, то тут прыгадаю толькі “Свята беларускай культуры”, якое арганізуе Беларускае грамадска-культурнае таварыства на Плантах.

З году ў год гэтае мерапрыемства адбываецца на адкрытым паветры. Рэшта мерапрыемстваў адбываецца перыядычна, можа пры нагодзе нейкіх іншых мерапрыемстваў. Тут мы вырашылі пайсці ў ва банк, арганізаваць пад Ратушай і запрасіць усіх. Калі хтосьці спадзяецца, што гэта будзе фестываль з вялікай сцэнай, з якой будуць выступаць гурты, дзе будзе шмат гэтай гукаўзмацняльнай тэхнікі і расстаўленыя крэслы, ён напэўна памыляецца.

Сёлетняя ідэя – гэта так званы unplugged. Мы хочам наблізіцца да такой традыцыйнай вясковай забавы, дзе людзі спявалі, танцавалі на пятачку ля лавачкі на панадворку. Так і тут будзе, ля ўваходу ў музей пры Ратушы. Робім такую пляцоўку, дзе будзем супольна спяваць, дзе будзем танцаваць. Перадусім цешымся, што ўдалося запрасіць гасцей, бо сёлета ёсць праблема з гэтым. Звязана гэта праблема не да канца з намі.

Фонд TUTAKA у Інстаграме прызнаны экстрэмісцкім. Мы ўсе ведаем, што ў Беларусі могуць стварыць праблемы для людзей, таму для бяспекі нашых сяброў, з якімі мы шмат гадоў сустракаліся, мы вырашылі напоўніць фестываль тымі сіламі, якія ёсць у замежжы. Вядома не магло абысціся без “Жэмэрвы”. Для мяне “Жэмэрва” – гэта такі знак якасці, які ўжо больш за 20-ць гадоў паказвае нашу спеўную традыцыю, музычную традыцыю, танцавальную традыцыю. Таму напэўна будзе шмат спеваў і супольных танцаў. Выступяць гурты, якія паўсталі пры фондзе TUTAKA – гэта спеўны хор “Зграя” і жаночая група “Кудзеля”.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Кожны год Фестываль SONCAHRAJ вандруе па гарадах і мясцовасцях Падляшша. Усё для таго, каб як мага большая колькасць людзей сустрэлася з беларускай музычнай традыцыяй:
хтосьці – упершыню з ёй пазнаёміўся, хтосьці – прыгадаў яе сабе, і кожны – упэўніўся, што традыцыя жыве. Усё для таго, каб вы нарэшце выбраліся са сваіх вялікіх гарадоў і ЎБАЧЫЛІ Падляшша,
якім яно ёсць і чым яно жыве.
Дзе ж Фестываль гасціць сёлета?
У першы дзень Фестывалю – 31 траўня – сустракаемся ў самым сэрцы Беластока: на Рынку Касцюшкі каля Ратушы;

1 чэрвеня бачымся з Вітаве (гміна Дубічы Царкоўныя);

7 чэрвеня чакаем вам у Супраслі на пляцоўцы каля будынка Цэнтра
культуры і рэкрэацыі;

8 чэрвеня спатыкаемся ў Навасадах (гміна Міхалова).
Пачатак фестывальных канцэртаў – 17:00.
Удзельнікаў чакаюць выступы гуртоў Жэмэрва, Асочнікі, Zhraja i Kudziela ды майстар-класы традыцыйных танцаў з патанцоўкай ад Беларускай капэлі з Гданьска.
Далучайцеся!