У грузінскім Батумі можна набыць кнігі на беларускай мове, і кнігі прадстаўлены ў даволі шырокім асартыменце. Продажам кніг займаецца беларус з Ганцавічаў Зміцер «Зух».
Зміцер распавядае, якія кнігі набываюць мясцовыя беларусы:
– Мабыць самы набываемы аўтар – гэта Сяргей Пясецкі. Яго творы прадаваліся ўлёт. Яшчэ некаторыя кнігі па гісторыі Беларусі таксама даволі хутка расходзяцца. Ёсць і беларускія аўтары, перакладныя кнігі, але я заўважыў дзіўную рэч – перакладныя творы тут набываюць нашмат горш.
Зміцер дзеліцца сакрэтамі, дзе і як ў Батумі набыць кнігі па-беларуску:
– Асноўная пляцоўка – гэта на бульвары, а таксама праз адну з нашых інтэрнэт-крам, якая займаецца продажам розных беларускіх тавараў – сімволіка, вопратка і іншае. Звычайна працуем такім чынам, што людзей трэба разгаварыць і тады купляюць. Так каб мэтанакіравана падышлі, маўляў, я хачу штосьці канкрэтнае купіць, такое бывае рэдка.
Зміцер «Зух» выходзіць гандляваць на «Бульвар» тры-чатыры разы на тыдзець, і пра тое, што адбываецца гэты гандаль, ён паведамляе ў чатах мясцовых беларусаў ці ўкраінцаў.
Беларускае Радыё Рацыя