BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зьнічу – 85

16 снежня беларускі паэт, філосаф і выдавец Зьніч адзначае сваё 85-годдзе. У свецкім асяроддзі ён паэт Алег Бембель, які потым быў інакам Мікалаем, а цяпер – манах Іаан.

          Шмат гадоў Зьніч жыве ў Жыровічах, пакінуўшы родны Менск, дзе нарадзіўся ў сям’і вядомага беларускага скульптара Андрэя Бембеля.  

          За 85 гадоў сталічны творца перажыў шмат. Ён у свой час атрымаў добрую адукацыю. Скончыў Менскае музычнае вучылішча і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам музыкі ў Глыбокім, Менску, у Расеі. Вучыўся ў Інстытуце філасофіі і права АН БССР, працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута.

          У 1985 годзе ў Лондане ён выдаў кнігу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. За гэта Алега Бембеля звольнілі з Інстытута філасофіі і права. У 1990-х гадах ён становіцца актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, друкуе свае вершы ў ЗША і Польшчы. Становіцца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, працуе ў Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Францыска Скарыны…

          З 1996 года манах Алег Бембель жыве ў Жыровічах. Шмат гадоў ён выдаваў багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток “Жыровіцкая абіцель”, прымаў удзел у грамадска-культурным жыцці Беларусі.

          З друку выходзяць яго кнігі вершаў “Саната ростані”, “Рэха малітвы”, “Малітвы за Беларусь”, “Між тэктанічных пліт…”, “За мурам”, “Крэсіва” і іншыя. Разам з паэтам Алесям Клышкам свет пабачылі кнігі сумоўяў “Жыровіцкія камяні”, “Шлях да Жыровічаў”, “Жыровіцкая пастараль” і “Званіца”, якія былі прысвечаны духоўнаму адраджэнню Беларусі.

          Пра святыя праваслаўныя Жыровічы, якія вядомыя ўсяму свету, паэт Зьніч прысвяціў шмат паэтычных радкоў і нават малітваў. А адна “Малітва Жыровіцкіх старцаў” гучыць так:

Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Новы Адаме,

Ты можаш – усё, што захочаш. Ты распяўся і ўваскрос –

Дзеля ўратавання нас грэшных…

Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Новы Адаме,

Калі хочаш – зрабі, як мы просім…

Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Новы Адаме,

Па-над усімі нашымі – не дзеля ўратавання душы –

Прашэннямі… памкненнямі… натхненнямі…

Летуценнямі… — хай будзе воля Твая Святая.

Амінь.

Беларускае Радыё Рацыя