BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Зрабіць альтэрнатыву акадэмічнай літаратурнай навуцы – гэта было проста шыкоўна”

У Вільні праходзіць Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. У сталіцы Літвы ён ладзіцца ўжо чацвёрты раз. 14 лютага падчас урачыстага адкрыцця фэсту ў будынку Саюзу пісьменнікаў Літвы агучылі імя сёлетняга лаўрэата прэміі імя Міхася Стральцова. Ім стаў беларускі пісьменнік і перакладчык Кастусь Цвірка.

Пра фестываль, навінкі літаратуры і новага лаўрэата літаратурны крытык, прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч распавядае нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай.

РР: Гэта ўжо чацвёрты фестываль, які праходзіць у Вільні. Распавядзіце, чым ён адметны? Шмат хто піша, што ён маштабны, у чым яго маштабнасць?

Ціхан Чарнякевіч: У першыню насамрэч сёлета ў нас чатыры дні, раней мы неяк абмяжоўваліся двума. І цяпер такая выдалася магчымасць, што партнёры нашы прапанавалі зрабіць прэзентацыю літоўскай анталогіі. Яна выйшла на беларускай мове, там сабрана 29 літоўскіх паэтаў на беларускай мове. У нас было ўрачыстае адкрыццё ў Саюзе пісьменнікаў Літвы з уручэннем прэміі імя Міхася Стральцова.

А вось ужо традыцыйна будзе два дні ў клубе “Павільёнас” з канцэртамі, дыскусіямі, з кніжным кірмашом. Таму мы лічым, што мы пашыраемся. Як мінімум маштаб пашыраецца, і маштабнасць большая.

РР: Вы, напэўна, прааналізавалі тую літаратуру, якую прывезлі выдаўцы, і пагаварылі з аўтарамі некаторых кніг, што вас больш за ўсё ўразіла і што параіце людзям набыць?

Ціхан Чарнякевіч: З такіх знакавых рэчаў выйшла анталогія Сяргея Дубаўца “Вільня ў беларускай паэзіі”, выдавецтва “Логвінаў”, гэта вельмі свежая кніга. Прыехалі новыя кнігі “Камуніката” з Беластока. Гэта кнігі і Ларысы Геніюш, і Андрэя Федарэнкі, проза. З паэтычных такіх рэчаў  – яркія мы прадстаўляем, будзем пра іх гаварыць, будзем сустракацца з аўтарамі і аўтаркамі. Але там таксама нямала файных рэчаў. Зусім нядаўна выйшла “Дзікае паляванне караля Стаха”, лібрэта Андрэя Хадановіча, асобнай выдатнай і прыгожай кнігай. Таксама варта звярнуць увагу.

РР: Лаўрэатам стаў Кастусь Цвірка, як вы ацэньваеце яго творчасць?

Ціхан Чарнякевіч: Намінацыя ў нас фактычна адна – за лепшы стыль, але Кастусь Цвірка праявіў свой стыль і ў паэзіі, і ў перакладах з польскай мовы, канешне, у першую чаргу, і як арганізатар, таму што арганізаваць легендарную серыю “Беларускі кнігазбор”, дзе выйшла больш за 100 кніг, зрабіць такую альтэрнатыву акадэмічнай літаратурнай навуцы – гэта было проста шыкоўна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя