BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Звышверш»: памяці Надзеі Артымовіч

Да дня народзінаў беларускай паэткі зь Бельску Падляскага Надзеі Артымовіч (18 лютага) апублікаваны своеасаблівы гукавы падарунак. Белыя вершы аўтаркі ўпершыню загучалі ў выглядзе харавых кампазіцыяў і дэклямацыі пад фартэпіяна. У працы паўдзельнічалі Віктар Сямашка й Хор вольных беларусаў “Гук цішы”, аранжаванні для якога выканаў Канстанцін Яськоў. Запіс праходзіў цягам году ў варшаўскай Quality Studio.

«Хто чуў, кажа, што атрымаўся альбом-гісторыя. Няўлоўны сюжэт, сапраўды, прысутнічае. Нейкі парадаксальны рух празь люстэркавы лябірынт ад лістапада да лістапада. У аповедзе шмат Бельску й, увогуле, белага… Сьціраюцца межы між сном і нясном, між сьмерцю й жыцьцём, між тэатрам і натурай. Таксама ўжо пасьля запісу заўважыў, што Надзея не ўжывае ў агучаных мною вершах дзеясловаў жаночага роду, на -ла. Гэта значыць падзеі ў тэксьце адбываюцца тут і цяпер або вельмі хутка адбудуцца. Яна пазьбягае й звыклае атрыбутыкі жаночае паэзіі. Гэта ня пошук кампрамісу, не запрашэньне да каханьня. Кожны верш унівэрсальны, самадастатковы й зьвернуты ўглыб сябе, робіць і вывучае сам сябе. Мажліва таму, і прыйшоў такі загаловак для альбома – «Звышверш», – тлумачыць Віктар.

Першае частковае публічнае праслухоўваньне альбома адбылося на мінулых выходных у Вільні падчас літфэсту “Вершы на асфальце”. Цяпер праграму можна вольна паслухаць і спампаваць на рэсурсе Bandcamp (https://viktar-siamashka-and-company.bandcamp.com/album/–2). Маюцца прапановы наконт канцэртовых прэзэнтацыяў на Падляшшы разам з хорам і выданьня на вініле або cd.

VS&C°