BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Жыццё на мяжы культур: архітэктар Ежы Усціновіч пра сваю місію і каштоўнасці

Нядаўна прафесар, вядомы архітэктар і спецыяліст у галіне аховы помнікаў Ежы Усціновіч быў узнагароджаны срэбным медалём “Zasłużony Kulturze Gloria Artis” за выдатныя заслугі ў галіне мастацкай творчасці і аховы нацыянальнай спадчыны. Узнагароду прафесар атрымаў з рук Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Ганны Урублеўскай.

З нашым “Госцем Рацыі” – прафесарам Усціновічам мы пагаварылі пра яго шматгадовую працу ў галіне архітэктуры, яго ўклад у стварэнне помнікаў памяці, у тым ліку знакавых праектаў, як помнік “Ахвярам бежанства і абаронцам праваслаўя на Падляшшы” і помнік святой Марыі Петручук. Прафесар таксама распавёў пра свой удзел у фільме “Наша памяць”, які ўжо паглядзелі больш за 1100 гледачоў на Беласточчыне.

РР: Дазвольце Вас павіншаваць з узнагародай срэбным медалём “Zasłużony Kulturze Gloria Artis”. Што для вас азначае гэтая ўзнагарода?

Ежы Усціновіч: Медаль «Gloria Artis» уручаецца за творчую і навуковую дзейнасць у галіне культуры і за мастацкую творчасць. Гэта важная для мяне ўзнагарода. З’яўляецца пацвярджэннем пэўнага майго дасягнення – творчага, навуковага і даследчага. Гэта для мяне вялікі гонар.

РР: Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе. Дзе вы нарадзіліся? Як прыйшлі ў прафесію архітэктара?

Ежы Усціновіч: Сваё жыццё з маленства я накіраваў у мастацкі кірунак. Мая падставовая адукацыя ад пачатку часткова была звязана з мастацкім кірункам у музыцы. Закончыў першы ўзровень у музычнай школе, пачаў навучанне на другім. І прыйшоў час прыняцця пэўных рашэнняў. І гэтым рашэннем стала архітэктура. Сваю ўражлівасць я рэалізаваў у музыцы. І мне было проста перайсці да архітэктуры, калі зразумеў, што архітэктура мне вельмі падабаецца і ў гэтай галіне магу лепш сябе рэалізаваць. І таму выбар быў натуральны. Архітэктура выявіла ў мяне здольнасць абстрактнага мыслення. Гэта досыць важна ў творчасці архітэктара. Лёс пакіраваў мяне так, што першым сваім полем дзейнасці стала сакральная архітэктура, архітэктура духоўная. Гэта шырокае паняцце. І з таго часу мой лёс звязаны з гэтай сферай дзейнасці. Хоць гэта і цяжкая сфера, бо патрабуе шмат творчых намаганняў, але ў той самы час вельмі захапляльная.

РР: Дазвольце мне працытаваць выраз Гётэ, які перагукаецца са старажытнагрэцкімі думкамі пра тое, што ўсё ж такі архітэктура – гэта музыка, якая застыла ў камені. Як у Вас палягае гэты працэс працы ў архітэктуры? Гэта сапраўды намацванне застыўшай музыкі ў камені, у дрэве? Ці ўсё ж такі гэта пошук свайго падляшскага стылю?

Ежы Усціновіч: Пані, мае тут рацыю. Музыка і архітэктура – гэта галіны роднасныя. Яны аперуюць тымі ж самымі паняццямі. Імкнуцца да гармоніі. Выкарыстоўваюцца такія паняцці як рытм, сінтэз, сіметрыя. Гэта паняцці, якія кіруюць у гэтых сферах. І думаю, што нават цяжка аддзяліць архітэктуру ад музыкі. Хаця б у сакральным дойлідстве. Цяжка яго ўявіць без музыкі, без іконы, без жывога харальнага спеву. Гэта ўсё працуе супольна. І мне зручна пераходзіць ад архітэктуры да музыкі, да скульптуры. Можна сказаць, што гэта адна сфера дзейнасці ў мастацтве, якая мае сваё месца ў жыцці чалавека.

Я чалавек пагранічча, пагранічча культурнага, пагранічча народаў, рэлігій. Я тут нарадзіўся. Я тутэйшы. Я закаранёны ў гэтым асяроддзі. І культывую тыя вартасці, якія на памежжы паўставалі, паўстаюць і будуць паўставаць. Гэта супольнае асяроддзе жыцця людзей. Каб быць аўтэнтычным у сваёй дзейнасці, стараюся гэтую сферу далей культываваць, у тым ліку дзейнасцю навуковай і даследчай. Гэта для мяне вельмі натуральна.

Цалкам размова:

З “Госцем Рацыі”, прафесарам, вядомым архітэктарам і спецыялістам у галіне аховы помнікаў Ежы Усціновічам, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара, bialystok.wyborcza, radio.bialystok і przegladprawoslawny/