
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка па запрашэнні польскага боку прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 160-ай гадавіны Паўстання 1863-1864 гадоў, вядомага ў Беларусі як Паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. У вітальным слове міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Бартламея Сянкевіча асобна быў падкрэслены той факт, што сённяшні героі, беларусы, змагаюцца за вызваленне Украіны ў складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага — аднаго з герояў Паўстання 1863-1864 гадоў. На ўрачыстым мерапрыемстве было адзначана, што гэтыя гістарычныя падзеі аб’ядноўваюць чатыры народы — беларусаў, палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў. Дырэктар Музея гісторыі Польшчы Роберт Кастра ў Варшаве прывітаў прадстаўнікоў канцылярыі прэзідэнта Польшчы, парламента, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, дыпламатаў Украіны і Літвы.
У межах урачыстага мерапрыемства, якое прайшло 20 студзеня ў Музеі гісторыі Польшчы ў Варшаве, адбыўся канцэрт, падчас якога прагучалі творы ў тым ліку славутага кампазітара беларускага паходжання Станіслава Манюшкі ў выканні Polska Orkiestra Sinfonia Iuventus im. Jerzego Semkowa.
Падчас размоў з прадстаўнікамі ўлады Польшчы Павел Латушка адзначыў, што падзеі Паўстання аб’ядноўваюць нас гістарычна ў мінулым, у сённяшнім і будуць аб’ядноўваючым фактарам у будучыні ў змаганні і адстойванні незалежнасці нашых дзяржаў і народаў.
Крыніца: t.me/CabinetBelarus