
20 гадоў назад у Беларусі 19 сакавіка адбыліся выбары, у якіх галоўным супернікам Лукашэнкі стаў Аляксандр Мілінкевіч, якога абралі адзіным кандыдатам на Кангрэсе дэмакратычных сіл.
Мілінкевіч увасабляў надзею на перамены, якая панавала ў гарамадстве, – прыгадвае Аляксандр Дабравольскі, тагачасны намеснік кіраўніка выбарчага штаба адзінага кандыдата.
– Па-першае, Аляксандр Мілінкевіч – гэта інтэлектуал, які працаваў у мясцовых органах улады. Ён быў намеснікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама. Ён паказаў на практыцы, што ўмее працаваць, умее вырашаць праблемы, умее пачуць людзей і адказаць на іх запыты. Другое, што яго адрознівала, гэта тое, што ён працаваў з грамадскай супольнасцю, працаваў з самымі рознымі грамадскімі арганізацыямі па Беларусі. Яго ведалі, яго падтрымлівалі, яго паважалі. Была і трэцяя важна перавага – што ён быў супольным кандыдатам ад дэмакратычных сіл.
Аляксандр Мілінкевіч правёў дзясяткі сустрэч з выбаршчыкамі ў розных рэгіёнах Беларусі, якія адбываліся нягледзячы на пастаянныя перашкоды з боку ўладаў. Шыны яго аўто праколвалі трынаццаць разоў. Негледзячы на запужванні і ціскі з боку рэгіянальных ідэолагаў, выбаршчыкі збіраліся, каб убачыць альтэрнатыву дзеяючыму рэжыму.
Тэарэтычна, у Аляксандра Мілінкевіча былі шанцы перамагчы, кажа Аляксандр Дабравольскі:
– Трэба разумець, што калі б лічылі галасы, то дакладна быў бы другі тур, а ў другім туры любы нармальны кандыдат перамагаў бы Лукашэнку, таму што людзі хацелі зменаў. Але ж усе выбарчыя камісіі кантраляваліся Лукашэнкам і ён не збіраўся лічыць галасы.
Менавіта адсутнасць празрыстага падліку галасоў і абурыла беларусаў. У вечар галасавання, паводле розных ацэнак, у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай Плошчы сталіцы ўзялі ўдзел ад 20 да 50 тысяч чалавек. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як «Плошча-2006» — знак адвагі і імкнення да свабодных выбараў.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






