Роўна 25 гадоў таму, 16 верасня 1999 года, першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІІ склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнесовец, грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя і зніклі.
Пазней, экс-начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў расказаў, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя і расстраляныя паводле загаду асобаў, набліжаных да найвышэйшай дзяржаўнай улады.
Пра выкраданне і знішчэнне палітычных апанентаў Лукашэнкі расказаў журналістам некалькі гадоў таму экс-спецназавец Юрый Гараўскі. Ён паведаміў, што ўваходзіў у групу, якая 7 траўня 1999 года на загад заснавальніка САХР падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасня таго ж года — Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Гараўскага судзілі ў 2023 годзе ў Швейцарыі паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі і апраўдалі.
Беларускае Радыё Рацыя