Высокая прадстаўніца Еўразвязу ў міжнародных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што 26 дзяржаў Еўразвязу пацвердзілі гатовасць удзельнічаць у стварэнні спецтрыбунала па падзеях у вайне супраць Украіны.

Паводле яе слоў, Брусэль чакае каштарыс расходаў, у тым ліку ад Нідэрляндаў, пасля чаго работа над праектам працягнецца. Стварыць трыбунал прапанавала Уршуля фон дэр Ляен у 2022 годзе. Структуру плануюць сфармаваць у рамках Рады Еўропы, якую Расея пакінула ў тым жа годзе.
Раней Кая Калас заявіла, што Еўразвяз вылучыў першыя 10 мільёнаў еўра на стварэнне спецыяльнага трыбуналу для разгляду справаў аб ваенных злачынствах Расеі ва Украіне. У Крамлі заяўлялі, што не прызнаюць легітымнасць такога трыбунала.
Сёлета 25 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ падпісалі дамову аб стварэнні спецыяльнага трыбуналу для расследавання злачынства агрэсіі супраць Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя






