27 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі заклікалі ўрады краін Еўрасаюза, у першую чаргу Польшчы, аказаць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў. У адкрытым лісце, апублікаваным англійскім выданнем The Independent са спасылкай на беларускага палітолага Дзмітрыя Балкунца, гаворыцца пра “чалавечую катастрофу рэпрэсій у Беларусі”. У звароце падкрэсліваецца, што “за апошнія чатыры гады ў Беларусі больш за 50 тысяч чалавек падвергліся палітычным рэпрэсіям, сотні тысяч пакінулі краіну, тысячы падвергліся катаванням”. На думку аўтараў ліста, “Польшча, як суседняя з Беларуссю краіна, валодае ўнікальнымі і эфектыўнымі рычагамі для такіх дзеянняў”.
Сярод тых, хто падпісаў адкрыты ліст – лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, лаўрэаты прэміі міру ўкраінская праваабаронца Аляксандра Мацвійчук, журналіст і былы галоўны рэдактар незалежнай расейскай “Новай газеты” Дзмітрый Муратаў ды іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя