BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

37 краін нагадалі Беларусі аб абавязацельствах перад АБСЕ

37 дзяржаў-удзельніц, якія з’яўляюцца членамі нефармальнай Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі, зрабілі сумесную заяву аб сітуацыі ў Беларусі. Яна прагучала 6 снежня на 31-м пасяджэнні Савета міністраў (Ministerial Council — цэнтральны орган прыняцця рашэнняў і ўпраўлення АБСЕ, які склікаецца раз на год у краіне, якая ажыццяўляе старшынства).

Аўтары асудзілі ўцягнутасць і ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і выказалі заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека ў нашай краіне, якая пастаянна пагаршаецца. У заяве гаворыцца аб фактычным знішчэнні грамадзянскай прасторы, умовах у турмах, катаваннях, рэжыме інкамунікада.

«Ніхто не павінен падвяргацца такому звароту. Ні адна сям’я не павінна перажываць такі боль. Мы зноў заяўляем, што беларускія ўлады павінны забяспечыць гуманнае абыходжанне з усімі асобамі, пазбаўленымі волі, і павагу іх годнасці. Беларускія ўлады нясуць адказнасць за выкананне сваіх абавязацельстваў перад АБСЕ, уключаючы абавязацельствы, прынятыя ў 2020 годзе ў Тыране, Рашэннем Савета міністраў аб папярэджанні і выкараненні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання», — заклікаюць падпісанты.

Яны адзначаюць, што, нягледзячы на памілаванні, беларускія ўлады працягваюць адвольна затрымліваць па палітычных матывах значна больш грамадзян, чым было вызвалена.

«Такім чынам, мы зноў патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення прыкладна 1300 палітычных зняволеных, а таксама іх эфектыўнай рэабілітацыі. Мы зноў заклікаем да неадкладнага вызвалення па гуманітарных меркаваннях тых, хто мае сур’ёзныя праблемы са здароўем або хранічныя захворванні, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, непаўналетніх, пажылых людзей, людзей з дзецьмі або адзінокіх бацькоў», — заклікаюць аўтары.

«Акрамя таго, мы пільна сочым за расследаваннямі, звязанымі з перадачай украінскіх дзяцей у Беларусь або праз яе. Мы заклікаем беларускія ўлады забяспечыць, каб ніводнае ўкраінскае дзіця не было гвалтоўна перавезена на тэрыторыю краіны або праз яе», — падкрэсліваюць яны.

На іх думку, свабодныя і сумленныя выбары немагчымыя пры адсутнасці свабоды слова, СМІ і сходаў, рэпрэсіях супраць іншадумцаў.

«Як было ўзгоднена ў Маскоўскім дакуменце 1991 года ўсімі дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЕ, абавязацельствы, прынятыя ў галіне чалавечага вымярэння, з’яўляюцца пытаннямі, якія ўяўляюць непасрэдную і законную цікавасць для ўсіх дзяржаў-удзельніц і не адносяцца выключна да ўнутраных спраў адпаведнай дзяржавы. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў усіх дзяржаў-удзельніц зноў пацвердзілі гэта ў 2010 годзе ў Астане», — нагадваюць аўтары.

«У адпаведнасці са сваімі абавязацельствамі перад АБСЕ, беларускія ўлады павінны пакласці канец гэтым парушэнням правоў чалавека і дазволіць беларускім грамадзянам удзельнічаць у свабодных і справядлівых выбарах, з сапраўдным выбарам і без страху перад рэпрэсіямі, пачынаючы з прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на студзень 2025 года. Мы таксама нагадваем беларускім уладам аб абавязальніцтвах, прынятых дзяржавамі-ўдзельніцамі ў Стамбуле ў 1999 годзе, запрасіць назіральнікаў за выбарамі з усіх іншых дзяржаў-удзельніц АБСЕ, БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ», — падкрэслілі яны.

Аўтары заклікаюць Беларусь прадэманстраваць адчыненасць да дыялогу, пра якую гавораць прадстаўнікі беларускіх уладаў.

«Калі беларуская дэлегацыя таксама шчыра заяўляе, што яна адкрытая да дыялогу і супрацоўніцтва, яна можа прадэманстраваць гэта, адказаўшы змястоўным чынам на пытанні, зададзеныя дзяржавамі, якія задзейнічаюць Венскі механізм. Аднак патрабуюцца больш актыўныя дзеянні», — заяўляюць яны.

Падпісанты заклікаюць Беларусь:

  • выканаць рэкамендацыі экспертаў Маскоўскага механізма;
  • неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых палітычных зняволеных;
  • выканаць усе абавязацельствы ў рамках АБСЕ і міжнародна-прававыя абавязацельствы;
  • спыніць падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

З заявай выступілі Бельгія, Балгарыя, Канада, Харватыя, Чэхія, Кіпр, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грэцыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Чарнагорыя, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Украіна, Вялікабрытанія, ЗША. Да яго таксама далучыліся Албанія, Аўстрыя, Боснія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн, Сан-Марына, Славакія і Швейцарыя.