BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Навумчык: Лукашэнка адчувае, што Крэмль можа яго “прыбраць”

Чаму Аляксандр Лукашэнка спяшаецца з правядзеннем чарговых прэзідэнцкіх выбараў? І што будзе з паўнамоцтвамі Святланы Ціханоўскай пасля гэтых выбараў?

Фота з акаўнта ў facebook Сяргея Навумчыка

На нашыя пытанні адказвае палітык, журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання Сяргей Навумчык.

РР: Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Гэта фактычна праз 3 месяцы. І можна сказаць, што яны пройдуць датэрмінова, паколькі за поўгады да максімальна вызначанай даты заканадаўствам. Першае пытанне – якое было вашае першае ўражанне ад прызначэння такой даты выбараў?

– Крышку адчуванне дэжавю. Ужо шмат гадоў, нават некалькі дзесяцігоддзяў увогуле тое, што мы называем словам «выбары» не мае ніякіх адносінаў да сапраўдных выбараў. Ні ў так званы Парламент, ні так званага Прэзідэнта. Таму Лукашэнка мог з роўным поспехам прызначыць гэтую дату на любы іншы дзень, на любы іншы месяцы. Адзінае, што прызначэнне на вельмі халодны час, яно паказвае, што ўсё будзе замарожана. Пацвярджае, што ўсё будзе замарожана. Я б сказаў, што гэтае слова «замарожана» вельмі дакладна характарызуе стан, у якім знаходзіцца Беларусь.

Практычна замарожаная ўся грамадзянская актыўнасць, усё палітычнае жыццё. Ніякай палітыкі няма. Я нават не называю тое, што там зараз у Беларусі, дыктатурай. Гэта не дыктатура, гэта тэрор, прарасейскі дзяржаўны тэрор. Усё астатняе проста знішчана і змарожана. Лукашэнка проста хоча захаваць гэты стан, калі мы гаворым пра грамадства, калі мы гаворым пра народ у больш шырокім сэнсе, назаўсёды. Вось колькі ён будзе жыць, столькі гэта будзе. Таму вось такія “замаразкі”. І прызначэнне гэтай аперацыі, акцыі, ці, як яе яшчэ называюць, выбараў гэта проста пацвярджае.

Ясна, што там людзі і так не выходзілі б збіраць подпісы за нейкага кандыдата, не ўзгодненага з адміністрацыяй, гэта зразумела, а яшчэ і плюс мароз, гэта проста абсалютна… Ведаеце, не хочацца слова «фарс» ужываць, бо гэтае слова яшчэ утрымлівае нейкі сэнс нейкай весялосці, нейкага гумару ці сатыры. Там абсалютна нічога, там проста жорсткая замарожаная сітуацыя.

РР: А чаму Вы думаеце, усё ж такі Аляксандр Лукашэнка не мог правесці выбары бліжэй да гэтага 20 ліпеня? У чэрвені, у траўні? Што зменіцца ў гэтым стане “замарожанага грамадства”? Ці ён баіцца чагосьці, што зменіцца за гэты час?

– Я думаю, што ён, як чалавек, які інтуітыўна адчувае, у яго вельмі магутны інстынкт самазахавання. Палітычнага, жывёльнага. Зараз яго жывёльнае самазахаванне залежыць ад палітычнага. Бо калі гэтага не адбудзецца, то з ім могуць зрабіць усё што заўгодна. Я зараз маю на ўвазе не апазіцыю: полк Каліноўскага, ці нейкіх ягоных ворагаў, якія ўпусцяць нейкую групу і яго заб’юць. Не. Я найперш маю на ўвазе Маскву, Крэмль, Лубянку, якая яго рэальна можа “прыбраць”, забіць у кожны момант. Проста ў любы момант, хоць заўтра ці сёння, калі ён перастане быць ім выгодны.

– Пакуль ён стопрацэнтна выконвае тое, што яму загадана. Ён даўно гэта выконвае, ён робіць гэта з 1994 году. Але тады ён лавіраваў, шукаў для сябе нейкія магчымасці адноснай самастойнасці. Канешне для задавальнення нейкіх сваіх уласных амбіцый, бо душой ён цалкам належаў Расеі, ён усё жыццё належыў Расеі. А цяпер яму зразумела, што яго могуць забіць у любы момант.

Гэта можа здарыцца залежна ад таго, як будуць разгортвацца падзеі на украінска-расейскім фронце, у ваенным сэнсе. Я не аптыміст у гэтым сэнсе, я бачу, што Захад фактычна здаў Украіну. Захад прымушае Украіну падпісаць нейкае пагадненне з Расеяй на умовах, якія будуць выгодныя Пуціну, бо ўсё, што не азначае паразу і развал Расеі – выгодна Пуціну. Але могуць быць розныя варыянты, у якіх для Лукашэнкі не будзе месца. Я маю на ўвазе фізічна не будзе месца. Таму ён і спяшаецца. Спяшаецца пацвердзіць сваю, як ён гэта разумее, легітымнасць. Гэта пытанне жывёльнага выжывання, не палітычнага.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Нашым госцем быў палітык, журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання Сяргей Навумчык.

Беларускае Радыё Рацыя