BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валерый Кавалеўскі: Канец расейска-украінскай вайны за тры дні будзе перамогай для Пуціна


Дональд Трамп перамагае на выбарах у ЗША. Ён становіцца 47-м прэзідэнтам краіны, якая сярод самых уплывовых у свеце. Былы беларускі дыпламат, кіраўнік агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі лічыць, што істотных зменаў у дачыненні да Беларусі не павінна быць, хаця ёсць пэўныя асаблівасці. Трамп абяцаў за тры дні скончыць вайну ва Украіне.

Плану, як гэта зробіць не прадставіў, але акурат гэтыя яго заявы закранаюць беларускія інтарэсы, сказаў у нашым эфіры Валерый Кавалеўскі.

– Я сачыў за выбарамі ў ЗША аж да 3-й гадзіны ночы, сачыў за тым, як развіваецца сітуацыя. Ужо тады былі некаторыя прыкметы таго, што Трамп сапраўды пераможа на гэтых выбарах.

РР: Якія гэта прыкметы? Пра што мы гаворым зараз? Што Вы бачылі сваім прафесійным вокам?

– Я бачыў, што там былі даволі дэталёвыя расклады па галасаванні ў тых Штатах якія былі нявызначаныя, якія не з’яўляюцца цвёрда рэспубліканскімі ці дэмакратычнымі. Яны фактычна вырашаюць вынікі гэтых выбараў. Там былі першыя прыкметы таго, што усё ж такі яны будуць схіляцца на бок Трампа. Тады пра гэта было яшчэ рана казаць, але было пра што падумаць. А ўжо раніцай канешне вынікі былі навідавоку.

РР: Кажам што змяняецца ўлада ў ЗША, чаго чакаць для нашага рэгіёну? Згадваюцца словы Трампа, які казаў пра тое, што гатовы за тры дні завершыць вайну ва Украіне, але не распавядаў як ён мае гэта зрабіць. Трамп характарызуецца шматлікімі заявамі, якія не падмацаваныя нейкімі канкрэтнымі разлікамі і аналітыкай.

– Сапраўды, гэта тое што будзе закранаць і беларускія інтарэсы, я б тут канцэнтраваўся на тым, што закранае Беларусь. У гэтым сэнсе, калі казаць пра завяршэнне вайны за тры дні, то гэта немагчыма зрабіць у фармаце справядлівага міру, калі будуць улічаныя інтарэсы і Расеі і Украіны. Найперш Украіны, якая з’яўляецца ахвярай агрэсіі. За тры дні можна скончыць гэтую вайну калі Украіна здасца ці пагодзіцца на вельмі невыгодныя ўмовы.

– У сваю чаргу чаму гэта важна для нас? Гэта можа азначаць, што не будуць улічаныя беларускія нацыянальныя інтарэсы. Напрыклад тое, што расейскія вайскоўцы павінны выйсці з тэрыторыі Беларусі, што расейская ядзерная зброя не можа захоўвацца на тэррыторыі Беларусі, яна таксама павінна быць выведзеная. Гэта калі казаць пра практычныя моманты. Але падобны мір, заключаны за тры дні, будзе перамогай для Пуціна. І гэта тое, што прыдасць яму папулярнасці ў самой Расеі. Тое, што зробіць яго яшчэ больш амбітным, яшчэ больш агрэсіўным у тым, каб прасоўваць сваю павестку, якая вельмі небяспечная для міжнароднай супольнасці. Такі мір можа прывесці да сур’ёзных наступстваў найперш для Беларусі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя