Роўна 44 гады таму 13 снежня 1981 года ў Польшы быў уведзены надзвычайны рэжым «ваеннага становішча».

Стэфан Свярубскі сустрэў навіну, што краіна апынулася ў рэжыме «ваеннага становішча», акурат падчас тэрміновай службы ў войску. Вось, як ён узгадвае гэты дзень:
– Памятаю той дзень. Было надвор’е як сёння – такая позняя восень. Але ўночы прыйшла сапраўдная зіма. Я быў у войску. Уночы нас абудзіла сірэна трывогі. У шэсць раніцы было вельмі цёмна, такая панурая хвіліна, бо слухалі прамову Ярузельскага. Былі мы ў шоку, спачатку думалі, што будзе вайна.

Юры Ляшчынскі, будучы тады вучнем беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскім, узгадвае абвяшчэнне «ваеннага стану» па тэлебачанні генералам Ярузельскім і варункі паўсядзённасці, у якіх тады ў адначассе апынуліся жыхары Польшчы і Падляшша ў прыватнасці.
– «Грамадзяне і грамадзянкі. Айчына на мяжы…» І гэтак далей. Такая была прамова. Што здарылася? А потым аказалася, што перасталі выходзіць газеты, радыё мясцовае маўчыць, толькі першы канал ішоў, тэлебачанне маўчыць, толькі першы і другі канал працуюць. Толькі дзве газеты выходзіць – «Zolneż wolności» і «Trybuna Ludu». Крамы працуюць па карткавай сістэме. Каменданцкая гадзіна. Вучні і студэнты распушчаны – заняткі не адбываюцца. Усе дамы культуры закрытыя.
Рэжым «ваеннага становішча» трываў у Польшчы з 13 снежня 1981 па 22 ліпеня 1983 года. З часам яго абмежаванні слабелі. Але за гэтыя паўтара года Польшча зведала ахвяры, па розных ацэнках, ад 40 да 122 цывільных асобаў і адзін вайсковец. А таксама больш 10 000 інтэрнаваных грамадзянаў Польшчы.
Цалкам матэрыял:


Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Archiwum IPN






