Гэта той чалавек, які толькі дзеля ўласнага жадання захаваць уладу гатовы рабіць усё, што важна для яго гаспадара Пуціна. Такое меркаванне выказаў сённяшні Госць Рацыі, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Таксама ён распавёў, што азначае візіт Пуціна ў Мінск:
– Я думаю, што важна звярнуць увагу на тыя дамовы, якія былі падпісаныя паміж Лукашэнкам і Пуціным. Гэта два дакументы, якія выклікаюць вялікую занепакоенасць з нашага боку.
– Першы дакумент — гэта канцэпцыя бяспекі так званай Саюзнай Дзяржавы, дамова пра стратэгічную бяспеку і ўзаемную дапамогу па пытаннях бяспекі ў рамках Саюзнай Дзяржавы. Фактычна гэтыя дакументы, наколькі мы разумеем, ствараюць прававую аснову для таго, каб у будучыні беларускія ўзброеныя сілы маглі быць выкарыстаныя ў вайне, якую Расея вядзе супраць Украіны. І яны могуць быць задзейнічаныя як на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, так і на тэрыторыі Украіны, бо Расея, парушаючы міжнароднае права, лічыць шэраг абласцей Украіны сваёй тэрыторыяй.
– Другі элемент, які выклікае занепакоенасць, — гэта зноў падкрэсленая магчымасць выкарыстання ядзернай зброі, якая тэарэтычна можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
– Усё гэта сведчыць пра залежнасць Лукашэнкі ад Расеі і паказвае яго няздольнасць весці самастойную знешнюю і ваенную палітыку. Гэта цалкам супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і беларускага народа. Гэтая сітуацыя стварае дадатковыя пагрозы: як патэнцыйнае ўцягванне Беларусі і беларускай арміі ў вайну, так і магчымасць выкарыстання тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны або для размяшчэння ядзернай зброі.
– Лукашэнка – гэта вайна. Ён гатовы на ўсё дзеля захавання сваёй улады і дэманструе поўнае падпарадкаванне Расеі. Яго дзеянні служаць толькі інтарэсам Крамля. Візіт Пуціна сведчыць пра тое, што Крэмль імкнецца яшчэ раз падкрэсліць свой поўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, разглядаючы яе як сферу сваіх уплываў, як стратэгічны і палітычны рэсурс для сваіх мэтаў.
РР: Што з ядзернай зброяй? Сітуацыя абвастраецца?
– Усё будзе залежаць ад магчымых перамоў паміж Украінай і Расеіяй пры ўдзеле міжнародных партнёраў. Крэмль выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю як дадатковы рычаг для стварэння пагрозы Украіне і Захаду. Лукашэнка застаецца часткай ваеннай пагрозы, якую Расея фарміруе ў адносінах да Захаду. Яго палітыка ніколі не будзе адпавядаць інтарэсам незалежнай Беларусі.
– Падпісанне гэтых дакументаў і яго поўнае падпарадкаванне Крамлю ў 2020 годзе выключаюць любыя перспектывы змены палітычнай сітуацыі ў краіне. Нам, беларусам, і заходнім партнёрам важна зразумець: толькі змена рэжыму і палітычнай сістэмы можа прывесці да вызвалення палітвязняў, аднаўлення дэмакратыі і ліквідацыі пагрозы, якую Беларусь цяпер уяўляе. Задача — распрацоўка і рэалізацыя стратэгіі падтрымкі беларускага грамадства, бо менавіта народ мае вырашальную ролю ў змене лёсу краіны. Спадзевы на змену палітыкі Лукашэнкі марныя.
– Ён ніколі не верне Беларусь да дэмакратыі, бо баіцца страціць уладу. Ён знаходзіцца пад поўным кантролем Расеі і залежыць ад яе падтрымкі. Любая яго “лібералізацыя” будзе толькі фарсам. Сапраўдныя перамены магчымыя толькі пры кардынальнай змене ўлады і поўным вызваленні Беларусі ад уплыву Крамля.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Акрамя таго, Павел Латушка прыняў удзел ў свяце для дзяцей беларускіх палітвязняў, якое адбылося ўчора ў Варшаве. “Салідарнасць, якую паказалі беларусы ў 2020-ым, працягваецца. Важная падтрымка і сёння”, – дадаў палітык.
Беларускае Радыё Рацыя






