BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“КГБ сёння ўсё яшчэ хавае прозвішчы катаў” – гісторык пра злачынствы савецкіх спецслужбаў

Каб лепш разумець прыроду рэпрэсіўных дзеянняў лукашэнкаўскіх спецслужбаў супраць свайго народа ў 21-м стагоддзі з нашым госцем даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Ігарам Станкевічам мы паглыбімся ў далёкі час нараджэння савецкай сістэмы і сталінскага перыяду, калі былі створаны карныя спецслужбы.

Ігар агучыць знойдзеныя ў польскіх архівах прозвішчы катаў, раскажа, як катавалі, забівалі, фальсіфікавалі дакументы, груба парушалі законнасць.

РР: Ці можна назваць злачыннай групоўкай жалезнага Фелікса — ВЧК, ГПУ, НКВД, КГБ? Назваю гэтыя абрэвіятуры, каб слухачам было больш зразумела.

-На жаль, на сённяшні дзень ні ВЧК, ні ГПУ, ні НКВД, ні тым больш КГБ афіцыйна на дзяржаўным роўні, прынамсі ў нас, у Беларусі, не прызнаны злачыннымі арганізацыямі. Але калі глядзець на тыя злачынствы, якія яны здзейснілі ў першую чаргу ў перыяд 20-х—50-х гадоў, відавочна, што КГБ займаўся пераследам палітычных апанентаў яшчэ і пазней, але ўжо не на такім роўні, як гэта было, напрыклад, у 30-я гады: тая жорсткасць, тая нянавісць да людзей, тая людажэрнасць. Такога роўню пазней не было. Хоць відавочна, і сёння захоўваюцца метады пераследу палітычных апанентаў, катаванняў, вярбоўкі людзей на супрацоўніцтва з КГБ.

Што датычыць тых злачынстваў, якія яны здзейснілі, то гэтыя факты зафіксаваныя ў дакументах, у тым ліку самога КГБ і пракуратуры. І вось яны сведчаць, што супрацоўнікі НКВД у 30-я гады катавалі людзей, забівалі. У мяне ёсць дакументы, дзе падчас допытаў людзі проста паміралі. Гэта значыць, ровень катаванняў быў відавочна страшны.

Са сведчанняў відаць, што расследаванні фактычна не праводзіліся, а арышты адбываліся вельмі адвольна, без санкцый пракурора. Напрыклад, у некаторых дакументах ёсць толькі адзін пратакол допыту, без разгорнутага аналізу ці супастаўлення паказанняў розных падазраваных. Існавалі нават камеры-душагубкі, вельмі маленькія, без вентыляцыі, толькі з печкай, якую напальвалі так, што людзей там трымалі, як селядцоў у бочцы. У выніку людзі гублялі прытомнасць ці ішлі на любыя саступкі, каб спыніць катаванні.

Адным з вядомых катаў быў Самуіл Шліфінсон. Ён стварыў душагубкі ў Воршы, Рэчыцы, Гомелі. Акрамя таго, НКВДшнікі стваралі агентурныя групы сярод арыштаваных, якія збівалі іншых зняволеных, каб змусіць іх даваць паказанні супраць сябе і сваіх знаёмых. Напрыклад, у Менскай турме НКВД быў арганізаваны адмысловы карцар, дзе людзей засуджаных на расстрэл працягвалі катаваць, каб атрымаць дадатковыя паказанні.

Згодна з дакументамі, адна асоба ў такіх умовах дала паказанні на 3400 жыхароў БССР. Сярод вязняў быў і Браніслаў Тарашкевіч. Ці можна яго лічыць злачынцам? Відавочна не, калі табе ламаюць рэбры і не даюць спаць, ты будзеш даваць паказанні на каго заўгодна.

РР: Ці трэба сёння называць імёны і прозвішчы катаў?

– У дакладзе Панамарэнкі згадваецца, што былі арыштаваныя 35 супрацоўнікаў НКВД. Пяць чалавек засудзілі да расстрэлу, астатнія атрымалі розныя тэрміны. Аднак многія з іх не адбылі свае пакаранні.

Сёння мы павінны выцягваць гэтыя імёны. Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўсё яшчэ хавае прозвішчы катаў, знішчаючы сведчанні. Гэта трэба рабіць, каб памяць пра іх засталася.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З госцем Беларускага Радыё Рацыя, даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Ігарам Станкевічам размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя