BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Фралоў: Працуем, каб зрабіць Смаленшчыну незалежнай

Падчас правядзення Пскоўска-Смаленскай (Усходне-Крыўскай) канферэнцыі былі прыняты важныя рашэнні, якія тычацца развіцця Усходне-Крыўскай Платформы і яе ключавых ініцыятыў. У тым ліку Сяргей Фралоў, кіраўнік праекта “Беларуская Смаленшчына”, афіцыйна ўліўся ў шэрагі Смаленскага Рэспубліканскага Цэнтра і стаў яго прадстаўніком.

“Госць Рацыі” Сяргей Фралоў пракаментаваў сваё прызначэнне, распавёў пра шляхі, якімі Смаленшчына рухаецца да незалежнасці і працуе з уласнай гісторыка-культурнай спадчынай; пра працу актывістаў на фоне вайны па суседстве і пра тое, чаму помнікі на Смалешчыне апынуліся пад пагрозай знікнення:

РР: Для нас прыемна, што вы былі прызначаны нашым прадстаўніком Смаленска-Рэспубліканскага цэнтра. То некалькі слоў пра вашу дзейнасць, далейшыя мэты і задачы. У чым палягае вашая роля як прадстаўніка?

– Мэтай з’яўляецца развіццё і прасоўванне ідэй гістарычнай і культурнай самабытнасці Смаленшчыны. У рамках дзейнасці я імкнуся захоўваць і распаўсюджваць веды пра беларускія рэгіёны, сувязь з Беларуссю і ў будучыні зрабіць Смаленшчыну незалежнай. Задачы, вядома, было б добра, калі б у нас была магчымасць арганізоўваць культурныя мерапрыемствы, лекцыі, канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі і культуры Смаленшчыны на самой Смаленшчыне. Але, на жаль, пакуль такіх магчымасцяў няма. Таму зараз мы працуем з насельніцтвам праз інтэрнэт, каб фармаваць павагу да старажытнай культурнай спадчыны Смаленскай зямлі.

– Таксама мы вывучаем гістарычныя дакументы, якія паказваюць сувязь Смаленшчыны з Беларуссю. У нас ёсць планы друкаваць кнігі і ствараць дакументальныя і мастацкія фільмы. Нарэшце, як я ўжо казаў, я вельмі даўно працую ў гэтым кірунку, і мы, можна сказаць, звярнулі ўвагу адзін на аднаго з цэнтрам. Мне вельмі спадабалася, што іх падтрымлівае Зянон Пазняк. Так і атрымалася наша супрацоўніцтва.

РР: Год таму мы запісвалі размову з Уладзіславам Жывіцам, і я таксама пыталася ў яго, як грамадства рэагуе на вашу дзейнасць, ці ёсць падтрымка з боку мясцовых уладаў, ці назіраецца нейкі супраціў. Як вас успрымаюць на месцах? Бо тады ўвага да гэтага была мінімальная. Зараз нешта змянілася?

– Грамадства даволі разнастайнае. Часам насельніцтва праяўляе цікавасць да ідэй і падтрымлівае ініцыятывы, але разам з тым ёсць і супраціў з боку мясцовых уладаў і людзей, якія бачаць у гэтым пагрозу для палітычнай стабільнасці. Апошнім часам актывісты рабілі апытанку, і вынікі можна пабачыць у нашым тэлеграм-канале «Беларуская Смаленшчына і Смаленская Рэспубліка». Вынікі вельмі цікавыя.Таксама я маю кантакты з некаторымі асобамі ў адміністрацыі раёнаў Смаленскай вобласці, дзе ёсць падтрымка.

Больш падрабязна казаць не магу. Ідэя стварэння канала ўзнікла з жадання прасоўваць веды пра беларускую спадчыну Смаленшчыны. На канале я часта закранаю тэмы гісторыі, культурных сувязяў з Беларуссю, аналізую ўплыў палітычных і гістарычных падзей на рэгіён. Найважнейшым лічу данесці да аўдыторыі каштоўнасць захавання гістарычнай памяці. Зараз у нас няма супольных праектаў, а наша аўдыторыя прыкладна на 80% складаецца з жыхароў Расеі.

РР: Як вы ацэньваеце падыходы іншых ініцыятыў, што займаюцца беларускай спадчынай? Ці перасякаецеся ў сваёй дзейнасці?

– Захаванне помнікаў павінна стаць агульнай справай гісторыкаў, актывістаў і мясцовых жыхароў. Толькі супольнымі намаганнямі мы зможам дасягнуць значных вынікаў.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З “Госцем Рацыі”, прадстаўніком Смаленскага Рэспубліканскага Цэнтра, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя