“Трэба капаць”. Лукашэнка даручыў знайсці рэдказямельныя металы ў Беларусі. Скандал у Белым доме і яго наступствы. Новая палітыка Трампа: што рабіць Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Лукашэнка аб’явіў, што беларускім геолагам трэба заняцца пошукам рэдказямельных металаў. «Кажуць, што ў нас у нетрах ёсць рэдказямельныя мінералы. Трэба разведаць і астатняе: і хімія, і нафту, і газ, і іншае. Іх шмат не бывае ў зямлі. Трэба капаць, трэба глядзець, што ёсць у нас у зямлі», – цытуе нараду ў Беларусі расейскае незалежнае выданне Meduza.
«Тэма рэдказямельных металаў апошнім часам набыла асаблівую актуальнасць, заявіў Лукашэнка, нагадаўшы аб праекце пагаднення паміж ЗША і Украінай. Дональд Трамп заявіў, што ЗША хацелі б атрымаць доступ да ўкраінскіх рэдказямельных металаў, у абмен на аказаную Кіеву ваенную дапамогу. Прапанаваны ЗША варыянт адпаведнай дамовы ўлады Ўкраіны падпісваць не сталі. Меркавалася, што дапрацаваная дамова будзе падпісаная 28 лютага падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон. Аднак паміж Трампам, віцэ-прэзідэнтам ЗША Вэнсам і Зяленскім адбылася сварка, пасля якой украінская дэлегацыя пакінула Белы дом. Пра гатоўнасць прапанаваць ЗША сумесна працаваць у галіне здабычы рэдказямельных металаў на тэрыторыі Расеі (уключаючы анексаваныя ўкраінскія рэгіёны) у лютым заяўляў і Пуцін, што выклікала неадназначную рэакцыю ўнутры краіны», – нагадвае расейскае незалежнае выданне.
agliad presy_world_adbiuka ap_jk
У пятніцу падчас сустрэчы ў Белым доме, якая транслявалася ў прамым эфіры тэлебачання, прэзідэнт ЗША Трамп і прэзідэнт Украіны Зяленскі ўступілі ў гарачую сварку наконт расейскай вайны супраць Украіны. Трамп і яго намеснік Вэнс запатрабавалі ад Зяленскага праявіць большую гатоўнасць да кампрамісаў для заключэння здзелкі, а таксама большай падзякі за падтрымку з боку Злучаных Штатаў. Зяленскі падкрэсліваў, што Расея парушае пагадненні і дамоўленасці. У наяўнасці пераломны момант, – падсумоўваюць аглядальнікі. Румынскі партал Hotnews абураецца з нагоды абвінавачванняў, кінутых Трампам Зяленскаму.
«Украіну абвінавацілі ў тым, што яна, маўляў, можа справакаваць трэцюю сусветную вайну. Абвінавацілі не краіну, якая валодае ядзернай зброяй і штораз пагражае такога роду вайной, не краіну, якая напала на Ўкраіну і ў любы момант здольная спыніць бойню, усяго толькі спыніўшы сваё ўварванне. Украіну абвінавачваюць у тым, што яна абараняецца і плаціць за гэта коштам дзясяткаў тысяч жыццяў. Па сутнасці, Трамп і Джэй Ды Вэнс прапанавалі, каб Кіеў заткнуўся – і праглынуў умовы капітуляцыі. Для таго, каб пачуць такое, Зяленскі мог бы адразу адправіцца ў Крэмль», – адзначае румынскае выданне.
agliad presy_world news_adbiuka zvanoch
На фоне ўсё больш выразнага развароту ў знешняй палітыцы ЗША пры прэзідэнце Трампе звыклы парадак рэчаў і гарантыі становяцца ўсё больш хісткімі, што робіць неабходным распрацоўку новых стратэгій. Адпаведна, намячаюцца новыя кааліцыі і падыходы – у тым ліку ў Еўрасаюзе. Еўрапейскія СМІ разважаюць аб тым, ці трэба Еўропе выпрацоўваць новую геапалітычную пазіцыю і калі так, то якую. Капенгагенская газета Berlingske лічыць, што ў Еўропы ёсць магчымасць узмацніць свае пазіцыі.
«Еўразвязу варта паскорыць перамовы наконт пагаднення аб свабодным гандлі сярод іншага з Індыяй, Аўстраліяй і Інданезіяй і заклапаціцца – як то асцярожна і прапаноўваў былы генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн – выбудоўваннем восі краін, якія супрацьдзейнічалі б ‘націску з боку Расіі, Кітая’. Нам не варта адштурхоўваць ЗША, але ў той жа самы час мы абавязаныя згуртаваць свае шэрагі ў Еўропе і сфармаваць новыя альянсы, якія служылі б нашай мэце – міжнароднаму правапарадку», – адзначае дацкае выданне.
agliad presy_world_adbiuka ap_jk
У Лос-Анджэлесе адбылася 97-я цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук – больш вядомай як “Оскар”. Гэтую ўзнагароду атрымліваюць кінакарціны і кінематаграфісты, якія сталі лепшымі па версіі Галівуду. Еўрапейская прэса сачыла за цырымоніяй і каментуе атмасферу, а таксама пераможцаў у асобных намінацыях, сярод якіх і кранальны мультфільм з Латвіі. Капенгагенская Politiken вітае ўзнагароджанне палестына-ізраільскай дакументальнай стужкі “No Other Land”.
«Гэты фільм, нягледзячы на рост прорвы паміж двума народамі, быў створаны сумесна ізраільскімі і палестынскімі рэжысёрамі. Ёсць іншы шлях, апроч вайны, і гэты шлях – супрацоўніцтва, падобнае таму, дзякуючы якому з’явіўся ‘No Other Land’. Адна з трагедый цяперашняга канфлікту ў тым, што ізраільцяне і палестынцы ўсё горш разумеюць і ведаюць адзін аднаго. Нягледзячы на страшныя кадры, фільм ‘No Other Land’ і гісторыя яго стварэння даюць магчымасць накіраваць позірк у будучыню, дзе ізраільцяне і палестынцы змагаюцца разам – супраць несправядлівасці і за мір, у якім абодва народа будуць вольныя», – піша дацкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






