BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валерый Кавалеўскі: Мірны працэс будзе дасягнуты за кошт саступак Украіны

У нашым эфіры пабываў кіраўнік агенцтва Еўра-Атлантычнага Супрацоўніцтва, таксама былы дыпламат Валерый Кавалеўскі.

РР: Спадар Валерый, хацелася б абмеркаваць з вамі міжнародную павестку, і я хачу пачаць з таго, што ж цяпер адбываецца на міжнароднай арэне? Здаецца, узнікае мноства праблем, і ніколі няма ніводнага сапраўднага прасвету. Давайце пачнем з Кіева. Па сутнасці, гаворка ідзе пра размовы паміж Трампам і Пуціным. Як вы іх ацэньваеце?

Па-першае, я магу адзначыць, што з майго пункту гледжання, добра што мірнаму працэсу размову надалі пэўны імпульс. Але з іншага боку, мы разумеем, што чым хутэчэй развіваецца сітуацыя, чым мацней імкненне да мірнага пагаднення, тым больш верагоднасць таго, што гэта будзе дасягнута за кошт Украіны, праз саступкі з яе боку. На самай справе, тое, што я бачу, заключаецца ў тым, што Трамп прыняў дактрыну «Мір праз сілу», але гэтая сіла ўжываецца фактычна толькі да Украіны, а таксама да саюзнікаў Злучаных Штатаў, Еўразвязу і НАТО, якім фактычна не даюць магчымасці ўдзельнічаць у перамовах. У гэтым сэнсе Расея застаецца па-за прымяненнем гэтай сілы. Трамп беражэ Пуціна, не жадае псаваць адносіны. Відавочна, што ён разглядае Пуціна і Расею як стратэгічнага партнёра, а Украіну — як пэўную перашкоду на гэтым шляху. Мне здаецца, Трампу вельмі хацелася б як мага хутчэй вырашыць гэтую праблему і завяршыць мір, нават калі гэта азначае, што інтэрэсы Украіны будуць трапляць у другасны план.

РР: І гэта тое самае, пра што мы кажам: Украіну могуць “здаць”?

– Можна сказаць, што на сённяшні дзень інтарэсы Украіны ўлічваюцца ў апошнюю чаргу. Найперш мы бачым, што Трамп дамаўляецца з расейцамі пра пэўныя формулы, якія затым перадаюцца на ўзгадненне з украінскім бокам. Якраз сёння адбывалася тэлефонная размова Зяленскага з Трампам, наступная пасля той размовы, што была ўчора паміж Трампам і Пуціным. Магчыма, з’явяцца пэўныя вынікі ўмоўнай дамоўленасці адносна абмежаванні ваенных дзеянняў, то бок дамоўленасць аб тым, што Расея і Украіна не павінны нацэльвацца на энерга- і грамадзянскую інфраструктуру. Аднак мы бачылі, што ў гэтую ноч Расея зноў здзейсніла масавы налёт на энергааб’екты на тэрыторыю Украіны, што сведчыць пра тое, што дамоўленасць не спрацавала. Так што паглядзім, якім чынам будзе працягвацца размова. Мы памятаем, што ў Белым доме, калі быў Зяленскі, размова двух прэзідэнтаў скончылася не вельмі добра і стала тактычнай перашкодай для далейшых перамоваў. І прыйшлося прыкласці вялікія намаганні з боку саюзнікаў і самога Зяленскага, каб супакоіць Трампа і вярнуць яго да больш-менш канструктыўнай размовы. Але, вяртаючыся да вашага пытання, існуе высокая верагоднасць, я б сказаў, што гэта варта назваць рызыкай таго, што мірная дамоўленасць будзе працягвацца ў тым жа рэчышчы, што Украіна будзе вымушана саступаць, а Расея будзе дыктаваць пэўныя ўмовы, якія будуць падтрыманыя Трампам.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя