
Расціслаў Лапіцкі, арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948-50 гадах, нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута (Вялейскі раён). Паходзіў з шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара Аляксандра Лапіцкага. У час Другой сусветнай вайны з сям’ёй пераехаў на Мядзельшчыну, дзе бацька атрымаў у Кабыльніку царкоўны прыход. Тут у 1944 г. Расціслаў пайшоў вучыцца ў адкрытую Кабыльніцкую сямігодку. У гэты ж час праз старэйшага брата Алега Лапіцкага – семінарыста Віленскай духоўнай семінарыі – ён далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў беларускай гімназіі і Віленскай семінарыі. Пасля разгрому арганізацыі і арышту значнай часткі яе ўдзельнікаў 16-гадовы Расціслаў быў таксама засуджаны, як малалетні, на 3 гады зняволення, а старэйшы брат Алег – да 10 гадоў. Аднак па амністыі ў сувязі з перамогай над фашысцкай Германіяй у 1945 г. вызвалены з турмы і вярнуўся ў Кабыльнік, дзе працягваў навучанне.
Пасля смерці бацькі зімой з 1946 на 1947 разам з маці перабраліся ў Мікасецк непадалёк ад Мядзела, дзе Расціслаў спрабаваў знайсці нейкі заробак пры мясцовай царкве. З Мікасецку ж юнак хадзіў і ў Мядзельскую дзесяцігодку. Расціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся сваімі ярка выражанымі антыкамуністычнымі і беларускімі патрыятычнымі настроямі. Сваіх думак і перакананняў не хаваў, выказваў іх нават на ўроках.
У сітуацыі нястачы і голаду ў пошуках паратунку восенню 1949 г. маці з сынам пешкі, ведучы на вяроўцы карову-карміліцу, падаліся за 80 км у Смаргонь. Там Расціслаў пайшоў у 10-ы клас мясцовай школы. І ў час вучобы ў Мядзельскай школе, і ў Смаргонскай школе Расціслаў збіраў вучнёўскую моладзь, якую аб’ядноўваў антыкамунізм, у антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю. Арганізацыяй выдаваліся антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Пасля масавага з’яўлення ў Смаргоні ў пачатку снежня 1949 г. антыкамуністычных улётак Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.
У мэтах канспірацыі Лапіцкі пакінуў Смаргонь, тайна вярнуўся на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Там яго знайшоў Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанаў АК пераправіць яго за мяжу. Аднак хворы Расціслаў не змог выкарыстаць гэтую прапанову. У Кабыльніку ён быў паўторна арыштаваны. Да суду ўтрымліваўся ў жахлівай турме ў Вялейцы, дзе на допытах яго жорстка катавалі. Быў збіты так, што не мог сам ісці, выглядаў на старога дзеда.
Судзілішча над Расціславам Лапіцкім і бальшынёй ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падполля адбылося ў Маладэчне ў чэрвені-ліпені 1950 г. 17-20 ліпеня 1950 г. у Маладэчне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Бальшыня падсудных трымалася мужна. Асабліва нязломным быў Расціслаў Лапіцкі, яго заключнае слова было абвінавачаннем камуністычнаму рэжыму. Кіраўнік браў усю адказнасць на сябе. Падсудны не апраўдваўся, а абвінавачваў камуністычны рэжым. Засуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Было засуджана ўсяго 19 чалавек. Лапіцкага забілі 28 кастрычніка 1950 года ў Красным Беражку (Вялейскі раён), было яму толькі 22 гады.
Юзаф Качэрга апавядаў паводле словаў Факунды Несцяровіча, які вярнуўся з сталінскіх канцлагераў, пра апошнія хвіліны жыцця кіраўніка мядзельска-смаргонскага падполля так:
«Восеньскай ноччу Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча павезлі ў падвялейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факунду. А затым тут жа абвясцілі пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР аб яго памілаванні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расціславу. Аднак рашэнне аб памілаванні не абвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму».

У наш час грамадскія актывісты ўшаноўвалі памяць Расціслава Лапіцкага, за што пераследаваліся.






