Сёння – 85-ая гадавіна Катыньскага расстрэлу.

Каб ушанаваць памяць тысяч забітых савецкім НКВД палякаў, у Варшаве арганізавалі памятныя ўрачыстасці з удзелам прадстаўнікоў уладаў. «Аддаючы пашану ахвярам Катыні, мы сабраліся разам, каб падкрэсліць, што не можна быць бяссільным перад абліччам зла, ілжы і агрэсіі», – казаў падчас сваёй прамовы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск:
– Сёння, калі гаворым пра ўрок Катыні, урок, які важны для палякаў, для полек, для цэлага свету, а мы хацелі б, каб гэты ўрок быў важны для цэлага свету, і калі мы гаворым пра небяспеку, то помнім гэтыя словы генерала, прэм’ера Уладзіслава Сікорскага, які да брытанскіх сяброў прамовіў: не паддавайцеся так проста хлусні, на баку Расеі ёсць сіла, але на нашым баку справядлівасць. Гэта выдатныя словы, але мы не хацелі ніколі гэтых словаў паўтарыць.

Фота: PAP
Падчас свайго выступу Дональд Туск аднёсся да сённяшняй трагедыі ва ўкраінскіх Сумах, дзе ў выніку расейскай атакі загінулі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дзеці:
– У горадзе Сумы ўпалі на людзей, якія маліліся, якія ішлі на імшу, на жанчын, дзяцей, мужчын, расейскія ракеты. Некалькі гадзін таму. На вуліцах таго горада ляжаць памерлыя, якія загінулі ў такі асаблівы дзень. Смерць заўсёды трагічная, але мы ніколі не будзем ў стане параўнаць ані гэтых ахвяр, ані лічбы статысткі. Гэтае зло матэрыяльнае і відавочнае.
Вясной 1940 года, падчас Другой сусветнай вайны, супрацоўнікі НКВД расстралялі амаль 22 тысячы польскіх грамадзян. Як прызнаў Сейм Польшчы, гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.
Беларускае Радыё Рацыя