BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Аб падзяцы”

Яшчэ ў сакавіку крамлёўскі монстр сустрэўся з удовамі і сваякамі тых, хто загінуў у так званай “спецыяльнай ваеннай аперацыі”. І толькі на днях відэа гэтай сустрэчы прасачылася і распаўзлося па прасторах Інтэрнэту.

Фота: РИА Новости

Галоўны мэсэдж роліка – падзяка народа дыктатару. І не проста нейкага абстрактнага народу, а жанчын, якія страцілі на вайне сыноў, мужоў, братоў. Такі вось абсурд: замест гневу, слёз і праклёнаў на адрас таго, хто адправіў блізкіх у магілу – слова ўдзячнасці. Той, хто «абнуліў» сотні тысяч расейскіх мужыкоў паводле капрызу свайго запалёнага веліччу мозгу, паблажліва выслухоўвае блажэнна ўсмешлівых жанчын.

«Мой муж погиб. Спасибо, ВВ»; «Я — мать четверых детей, а с недавних пор — вдова. Спасибо, ВВ»; «Я потеряла на этой войне сына. Спасибо, ВВ». 

Увогуле дыктатару вельмі пашанцавала з народам: рабі з ім, што хочаш, хоць жыцця пазбаўляй, а сваякі потым яшчэ і дзякуй скажуць. Але чаму гэтае відэа прытрымлівалі амаль два месяцы? Ды ўсё зразумела: набліжаецца 9 Мая і чацвёрты парад перамогі падчас варварскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Культ рэваншызму і бразгання зброяй, паралелі з цяперашнімі «вызваліцелямі» і амаральная канкурэнцыя ахвяр. І галоўнае – падзяка ўдоў і маці «вызваліцеляў». У Кемерава ў радзільні немаўлят апранаюць у ваенную форму. Намёк расейскім маці, што яны нараджаюць гарматнае мяса?

У гэтай краіне ўсё перакулілася з ног на галаву: смерць – гэта падарунак, слёзы – акт удзячнасці, страта – гонар. 

 «І вам дзякуй за хлапчукоў», – сказаў дыктатар і ціхенька пастукаў пад сталом капытамі.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя