Аператыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку мае паўнамоцтвы самастойна адключаць тэлекамунікацыі. Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў ад 6 лютага, паведамляе «Позірк».
Дакумент сярод іншага ўдакладняе парадак «прыярытэтнага выкарыстання, прыпынення або абмежавання выкарыстання сетак і сродкаў электрасувязі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, увядзенні надзвычайнага або ваеннага становішча».
Статус прыярытэтнага карыстальніка азначае, што пры ўвядзенні надзвычайнага становішча аператары электрасувязі даюць доступ да сваіх сетак і сродкаў у першую чаргу «органам унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, дзяржаўнай аховы, унутраным войскам, органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях», а цяпер і ААЦ.