BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ад „шараваршчыны” да генацыду

Здымак ілюстрацыйны

Яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання кіраўніцтва РФ рыхтавалася да генацыду украінцаў. Татальная ўкраінафобія культывавалася ва ўсіх сферах жыцця расейскага грамадства: цягам дзесяцігоддзяў усё ўкраінскае падавалася, як смехатворнае, другаснае, пазбаўленае ўласнай ідэнтычнасці. Чаго варты адзін тэрмін «шараваршчына»! Злучэнне элементаў нацыянальнай культуры, іх спрошчванне, падмена паняццяў – усё гэта рабілася таксама і для саміх украінцаў, каб, так бы мовіць, яны ўсведамлялі сваю „непаўнавартаснасць” у параўнанні з “маштабнай” расейскай культурай.

Такі шаблон – чырванашчокія дзяўчаты-ўкраінкі ў вянках з яркіх штучных кветак ды тоўстыя мужчыны ў бліскучых атласных шараварах – не меў ніякага дачынення да сапраўднай украінскай аўтэнтычнасці. Як і трыяда “сала, гарэлка і галушкі”. Пасля сталі з’яўляцца культавыя расейскія фільмы крымінальнага жанру, дзе ўкраінцаў выстаўлялі адкрыта недалёкімі і камічнымі персанажамі. З часам насмешкі перараслі ва ўжо пэўныя генацыдальныя практыкі РФ.

Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, перад пачаткам уварвання акупантаў інструктавалі, як ўладкоўваць калектыўныя магілы і карыстацца перасоўнымі крэматорыямі, ў якіх планавалася масава спальваць целы. Таксама складаліся расcтрэльныя спісы, у якія павінны былі трапіць настаўнікі ўкраінскай мовы і літаратуры, гісторыі, ветэраны АТА, журналісты, святары ПЦУ і іншых канфесій, што падтрымліваюць Украіну, пісьменнікі, навукоўцы, грамадскія і палітычныя дзеячы.

Адначасова расейская прапаганда адкрыта заклікала да знішчэння ўкраінцаў, абапіраючыся на хворыя тэзісы з прамоў фюрара аб адмаўленні права ўкраінцаў на існаванне. Па сутнасці, гэта і стала ідэалагічнай асновай і своеасаблівым “дазволам” на будучыя злачынствы.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя