BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адміністрацыя Трампа спыніла фінансаванне „Голасу Амерыкі“

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вылучыла пералік прэтэнзій да вяшчальніка «Голасу Амерыкі» і такім чынам «растлумачыла», чаму вырашыла спыніць яго фінансаванне. Вяшчальніка абвінавацілі ў парушэнні журналісцкіх стандартаў і прадузятасці. Белы дом указвае на тое, што некаторыя рэпарцёры публікавалі ў сваіх прафесійных акаўнтах у сацыяльнай сетцы X каментары супраць Трампа, нягледзячы на палітыку бесстароннасці. Акрамя таго, кіраўніцтва «Голасу Амерыкі» прасіла супрацоўнікаў не называць ХАМАС і яго чальцоў тэрарыстамі, «за выключэннем выпадкаў, калі цытуюцца афіцыйныя заявы». Як паведамлялася, увечары 15 сакавіка стала вядома, што каля 1300 супрацоўнікаў «Голасу Амерыкі» былі адпраўлены ў «адміністрацыйны» адпачынак без права доступу да электроннай пошты. Акрамя таго, адміністрацыя Трампа абвясціла пра адмену фінансавання для сеткі RFE/RL («Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода»). У «Радыё Свабода» ўжо назвалі гэтае рашэнне «падарункам ворагам Амерыкі». Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заявіла, што гэтае рашэнне пагражае свабодзе прэсы ва ўсім свеце і анулюе 80-гадовую гісторыю падтрымкі свабоднага распаўсюду інфармацыі з боку ЗША.