BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адпрацоўка прымянення тактычнай ядзернай зброі на «Захад-2025» абмяняецца?

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка абверг інфармацыю пра тое, што на вучэннях «Захад-2025» будзе адпрацоўвацца прымяненне тактычнай ядзернай зброі. У Міністэрстве абароны Беларусі назвалі гэтыя паведамленні «фэйкавымі».

Павел Муравейка. Фота: «Ваяр»

«У межах вучэння (рэд. «Захад-2025») плануецца прымяненне ўсіх відаў узбраення. А прымяненне… — нельга выкарыстоўваць тое, што нясе пагрозу ўсяму свету, усеагульнай бяспецы. А вось як гэта планаваць — будзем вучыцца», — перадае словы Муравейкі прэс-служба ведамства.

Ён таксама заявіў пра беларускую «пазіцыю адкрытасці» ў межах правядзення вучэнняў і абвінаваціў заходнія краіны ў «неадэкватным адказе».

«Каб знізіць напружанасць, паказаць адкрытасць і талерантнасць нашай беларускай дзяржавы, прэзідэнтам нашай краіны было прынята рашэнне адсунуць вучэнні ад заходніх і паўднёвых межаў, каб нас не абвінавачвалі ў рознага кшталту інсінуацыях і магчымых правакацыях.

Вучэнні спланаваныя і адбываюцца на палігонах у глыбіні краіны або ў яе ўсходняй частцы. У сваю чаргу заходнія сілы на сёння спланавалі і праводзяць каля васьмі вучэнняў на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Польшчы.

Агульная колькасць удзельнікаў вучэнняў, напрыклад «Жалезны абаронца» на тэрыторыі Польшчы, — 34 тысячы. Гэта, скажам так, неадэкватны адказ», — заявіў кіраўнік Генштаба.

Нагадаем, раней міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заяўляў, што на будучых вучэннях «Захад-2025» будзе адпрацоўвацца планаванне прымянення ядзернай зброі і «Арэшніка».

Вучэнні “Захад-2025” пройдуць у Беларусі 12-16 верасня.