Футуралогія – гэта не пра фантастыку. Гэта пра аналітыку. Прычым, як вайсковую, гэтак і агульна цывілізацыйную аналітыку. Толькі крошкі ад таго аналітычнага пірага трапляюць на шырокі стол інфармацыйнага спажывання.

Надоечы паслухаў размову з украінскім палітычным аглядальнікам Остапом Дроздовым. Сярод іншага, была закранутая футуралогія для Украіны. Дакладней, яе адсутнасць.
І тут зноў жа варта ўдакладніць – у каго адсутнасць? Цалкам верагодна, што ў кіраўніцтва, напрыклад, NATO, ёсць некалькі сцэнароў развіцця сітуацыі ў Еўропе, у тым ліку ва Украіне. І магчыма, кіраўніцтва ЗСУ мае доступ да тых прагнозаў. Але на шырокую публіку наўрад ці будуць вынесеныя тыя варыянты, у якіх няма вызвалення ўсёй тэрыторыі Украіны.
Цяпер перанясем карту магчымых варыянтаў на беларусаў.
Хто ж нам агучыць версію, у якой Беларусь беспрасветна загразла на кіпцюры Крамля, людзей будуць усё далей душыць, моладзь будзе ўцякаць, а за мяжой актывісты перасварацца, а астатнія знікнуць як супольнасць у сваіх новых краінах?
Ніхто не скажа, бо тады няма сэнсу штосьці рабіць на карысць Беларусі як ідэі. А таксама ніхто не скажа яшчэ таму, што гаворка толькі пра версію.
З іншага боку, карміць людзей выключна надзеямі – гэта шлях у тупік. Надзею будзе выцясняць расчараванне, а следам недавер да тых, хто пэўны час дарыў ілюзію поўнай перамогі.
Сыходзячы з рэалій пачатку 2024 году, у беларусаў ёсць адзін рэальны шанец на хоць якую змену патавай сітуацыі. Гэта цалкам вераемная нямогласць Лукашэнкі.
Так, безумоўна пры ўладзе застануцца тыя самыя злыдні ды іх памагатыя, што існуюць і цяпер.
Але я бы хацеў ад людзей, якія прэтэндуюць на грамадска-палітычнае прадстаўніцтва беларусаў за мяжой, ужо сёння пачуць наступнае. «Я, такі і такі, у выпадку адыходу ад улады Лукашэнкі, прапаную такія і такія крокі».
Футуралогія? Так. Але мы ўжо цяпер мусім мець у кішэні усе магчымыя варыянты развіцця падзеяў.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя