BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы

Еўразвяз унёс у санкцыйныя спісы яшчэ 26 чалавек і дзве юрыдычныя асобы з Беларусі. Польшча: год ураду Туска. Крах рэжыму ў Сірыі: якія наступствы для Украіны? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц

«ЕЗ унёс у санкцыйныя спісы яшчэ 26 чалавек і дзве юрыдычныя асобы з Беларусі», – цытуе рашэнне, размешчанае на сайце Рады Еўразвяза, DW.

«Абмежавальныя меры былі ўжытыя да суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, а таксама да начальнікаў калоній і СІЗА і іх намеснікаў і да начальніка медчасткі ў адной з гэтых установаў, дзе палітвязні “утрымліваюцца ў нечалавечых умовах і з імі жорстка абыходзяцца”, гаворыцца ў рашэнні. У санкцыйныя спісы таксама трапілі ўладальнікі і саўладальнікі бізнесу, якія атрымліваюць выгаду з рэжыму Лукашэнкі і садзейнічаюць абыходу санкцый ЕЗ. Сярод іх – кампанія “Влатэ Лагістык”, якая валодае двума прыгранічнымі тэрміналамі на граніцы Беларусі і Польшчы, і яе пяць акцыянераў. А таксама – беларуская кампанія “Рузэкспедыцыя”, якая, на думку экспертаў ЕЗ, удзельнічае ў пастаўках падсанкцыйных аўтамабіляў, і яе ўладальнік Алег Арлоў. Таксама ў санкцыйных спісах – новы кіраўнік “Беларуськалія” Андрэй Рыбакоў, бізнесмен Ігар Субоцін, які вядомы як бізнес-партнёр Аляксандра Шакуціна, кіраўнік Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакоў. Усяго абмежавальныя меры ЕЗ зараз прымяняюцца ў дачыненні да 287 фізічных і 40 юрыдычных асоб з Беларусі», – перадае DW.

У снежні 2023 года ў Польшчы быў сфармаваны новы ўрад у складзе трох партый. На чале кааліцыі стаў Дональд Туск. Пасля васьмі гадоў кіравання правакансерватыўнай партыі Права і справядлівасць чаканні былі высокімі, аднак сёння, праз год, гучаць розныя меркаванні. Прычынай таму – бесперапынны канфлікт урада і прэзідэнта Анджэя Дуды, блізкага да лагера партыі ПіС. Польская прэса падводзіць вынікі году. У сваім артыкуле варшаўская Gazeta Wyborcza абвінавачвае папярэдні ўрад у тым, што ён пакінуў сваім пераемнікам вельмі цяжкую спадчыну.

«Васьмігадовае кіраванне людзей Яраслава Качыньскага – старшыні ПіС – расхісталі нашу дэмакратыю і становішча Польшчы на ​​міжнароднай арэне. На першым плане знаходзіліся інтарэсы партыі, а таксама «сяброў і знаёмых», якія каланізавалі нашу краіну. Вынікам гэтага стала глыбока ўкаранёная «глыбінная дзяржава» з дзясяткамі тысяч паслугачоў ПіС у дзяржаўных установах і кампаніях. Пішам пра гэта, каб мы не забываліся на тое, з чым кіруючая кааліцыя сутыкалася да гэтага часу. Яна спрабуе засяродзіцца на важных праблемах грамадзян, будучы пры гэтым вельмі неаднароднай – ад самых левых да жорстка кансерватыўнай Польскай сялянскай партыі», – піша польская газета.

Пасля краху рэжыму Асада Расея, як відаць, выводзіць з Сірыі войскі і перадыслакуе самалёты. Пакуль незразумела, што будзе з абедзвюма расейскімі вайсковымі базамі Тартус (ВМФ) і Хмеймім/Латакія (ВПС). «Гэтыя падзеі маюць вялікае значэнне ў тым ліку і ў кантэксце вайны РФ ва Украіне», – падкрэсліваюць аглядальнікі. «Крах рэжыму Асада агаліў слабасць Расеі – і Захад павінен гэта выкарыстоўваць», – патрабуе капенгагенская Berlingske.

«Таму менавіта цяпер – у часовы адрэзак пасля падзення Асада ў Сірыі і ў апошнія дні перад інаўгурацыяй Трампа 20 студзеня – існуе унікальная магчымасць даць Украіне добрыя карты ў рукі, з тым, каб яна сама меней апынулася ў значна больш выгадным становішчы на ​​перамовах – і магла б забяспечыць сабе перамогу над Расеяй, на якую павінны разлічваць усе дэмакратычна настроеныя краіны. Абавязак Захаду – трымацца згуртавана, забыцца на ўсе размовы пра мірныя перамовы на ўмовах Расеі – і замест гэтага аддаваць Украіне кожны патрон і кожны еўра, якія ёй неабходны для таго, каб зноў стаць свабоднай», – піша дацкае выданне.

У Сербіі шырацца пратэсты, якія пачаліся пасля абвальвання навеса на вакзале горада Нові-Сад, які забраў жыцці больш дзесяці чалавек. Гэта адбылося на пачатку лістапада. Цяпер студэнты заблакавалі каля 40 факультэтаў, амаль штодня праходзяць вулічныя пратэсты. Людзі патрабуюць апублікаваць дакументацыю па рэканструкцыі вакзала ў горадзе Нові-Сад, якая трымаецца пад замком, а таксама вызваліць удзельнікаў пратэстаў, незаконна затрыманых паліцыяй. Як адзначаюць аглядальнікі, справа можа перарасці ў сапраўдны крызіс. «Гэтыя пратэсты могуць стаць пачаткам канца эпохі Вучыча», – мяркуе партал Telegram.

«Нават не самая зацікаўленая грамадскасць ведае пра пратэсты студэнтаў, пра блакаду ўсё большай колькасці факультэтаў – і бачыць таксама прыкметы панікі, якія дэманструе Аляксандр Вучыч. Адной з такіх прыкмет стаў яго пост у сацсетках, у якім ён – без усякай нагоды! – паведаміў, што ён – “не Асад і бегчы з краіны не збіраецца”. Усё гэта паказвае, наколькі бездапаможны Вучыч у сітуацыі, якая склалася пасля абвальвання падстрэшка на вакзале горада Нові-Сад. Раней падобнага кшталту слабасці за ім не назіралася. Гнеў на адрас кіраўніцтва краіны і яго правадыра, мяркуючы па ўсім, распаўсюджваецца паўсюдна, няхай і не скаардынавана. І гэта сапраўды можа прывесці да таго, што Сербія “застопарыцца”, як пра гэта гаворыцца ў новым слогане апазіцыі. Ясна, што вяртання да апатыі ў грамадстве не будзе», піша харвацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя