Сусветны банк даў песімістычны прагноз па эканоміцы Беларусі. Перамір’е ў сектары Газа наступіла на тры гадзіны пазней запланаванага. Ці зможа Дональд Трамп масава дэпартаваць мігрантаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У новай справаздачы Сусветнага банка прагназуецца запаволенне росту эканомікі Беларусі: да 1,2% у 2025 годзе і 0,8% у 2026 годзе. Гэта самыя нізкія паказчыкі сярод краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
“Суседзі Беларусі чакаюць больш высокі рост: Расея – 1,6% у 2025 годзе, Казахстан – 4,7%, Польшча – 3,4%”, – гаворыцца ў справаздачы.
Сусветны банк таксама папярэджвае аб рызыках для сусветнай эканомікі, у тым ліку інфляцыю, напружанасць у гандлі і нявызначанасць глабальнай палітыкі. Гэтыя фактары могуць негатыўна адбіцца на краінах, якія развіваюцца, уключаючы Беларусь, абмяжоўваючы доступ да фінансавання і зніжаючы давер інвестараў.
***
Спыненне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна было наступіць у 8.30 раніцы 19 студзеня (9.30 мск), было адтэрмінавана. ХАМАС яшчэ напярэдадні павінен быў перадаць Ізраілю імёны заложнікаў, якія будуць вызваленыя ў нядзелю днём, але не зрабіў гэтага. «Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што спыненне агню пачнецца толькі пасля атрымання спісу вызваленых заложнікаў. ХАМАС перадаў спіс праз некалькі гадзін, патлумачыўшы затрымку “тэхнічнымі прычынамі”. Пагадненне набыло моц у 11:15 па мясцовым часе. ХАМАС запэўніў аб прыхільнасці дамоўленасцям», – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.
«На першым этапе перамір’я (шэсць тыдняў, пачынаючы з 19 студзеня) ХАМАС павінен вызваліць 33 ізраільскія заложнікі: жанчын, дзяцей, пажылых людзей, параненых і хворых. Агульны спіс ужо абнародаваны. Прадугледжваецца, што іх будуць адпускаць партыямі па некалькі чалавек. Прычынай адтэрміноўкі перамір’я стала адсутнасць спісу першай партыі. Па ўмовах пагаднення аб спыненні агню, Армія абароны Ізраіля на першым этапе перамір’я павінна пакінуць густанаселеныя раёны сектара, але захаваць кантроль над буфернай зонай уздоўж мяжы, а таксама над Філадэльфійскім калідорам – паласой зямлі ўздоўж мяжы Газы з Егіптам. Жыхары паўночнай часткі сектара Газа пачалі ўжо вяртацца ў свае дамы з поўдня, дзе яны знаходзіліся ў эвакуацыі. Афіцыйны прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Авіхай Адраі на арабскай мове папярэдзіў, што, паколькі спыненне агню яшчэ не набыло моц, гэта можа быць небяспечна. На перамовах паміж Ізраілем і ХАМАС у горадзе Доха ўзнімалася пытанне аб яго абмене на цела лідара ХАМАС Ях’і Сінвара, які загінуў у кастрычніку 2024 года, аднак дамоўленасць не была дасягнута», – піша расейскае незалежнае выданне.
***
Газета The Wall Street Journal даведалася, што Дональд Трамп праз суткі пасля інаўгурацыі пачне масавыя дэпартацыі мігрантаў. Рэйд пройдзе ў Чыкага. З 21 студзеня паліцыянты на працягу тыдня будуць затрымліваць там мігрантаў з крымінальным мінулым і выяўляць тых з іх, хто нядаўна парушаў закон, напрыклад, правілы дарожнага руху. «Для правядзення аперацыі таксама разглядаліся Нью-Йорк, Лос-Анджэлес, Сан-Францыска, Бостан і Сіэтл. У планах і Маямі», – сцвярджаюць крыніцы выдання.
«Трамп неаднаразова абяцаў узмацніць жорсткасць міграцыйнай палітыкі, калі вернецца ў Белы дом. І сцвярджаў, што дзеянні Джо Байдэна “ператварылі ЗША ў звалку”. Зрэшты, планам рэспубліканца могуць перашкодзіць фінансавыя цяжкасці і супраціўленне на месцах, разважаюць СМІ. Чыкага, а таксама Нью-Ёрк, Лос-Анджэлес, Сан-Францыска, Бостан і Сіэтл сталі так званымі «гарадамі-сховішчамі». Законы там адносна мяккія, а ўлады часта не перадаюць затрыманых мігрантаў федэралам. Каманда Трампа ў адказ плануе падвоіць кантынгент федэральнай паліцыі ў праблемных гарадах, а рэспубліканскія штаты, як чакаецца, падзеляцца супрацоўнікамі нацгвардыі. Пры гэтым Чыкага, як сцвярджае выданне, быў абраны не толькі за вялікую колькасць мігрантаў: у абранага прэзідэнта асабістая варожасць з мэрам-дэмакратам Брэнданам Джонсанам», – піша амерыканскае выданне.
***
«Міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак пакінула ўрадавае пасяджэнне, адмовіўшыся ад фота з канцлерам Олафам Шольцам пасля яго рашэння заблакаваць вылучэнне новага пакета дапамогі Украіне», – паведамляе Bild.
«На фота бачна, як Шольц спрабуе спыніць міністра, каб яна не пакінула залу, але яму не ўдалося гэта зрабіць. Олаф Шольц трапіў пад агонь крытыкі за адмову ўхваліць выдзяленне яшчэ 3 мільярдаў еўра на вайсковую дапамогу Украіне, калі яна не будзе фінансавацца за кошт дадатковых пазык. Выступаючы па нацыянальным тэлебачанні ў пачатку гэтага тыдня, Шольц заявіў, што пагодзіцца выдзеліць сродкі толькі ў тым выпадку, калі для фінансавання будуць выпушчаныя новыя дзяржаблігацыі, а не за кошт зразання выдаткаў на сацпраграмы. Гаворка ідзе пра пакет у дадатак да ўжо прадугледжаных у бюджэце на 2025 год 4-х мільярдаў еўра дапамогі Кіеву. Сродкі павінны пайсці ў асноўным на закупку ўзбраенняў для супрацьпаветранай абароны Украіны. Апазіцыйныя палітыкі і нават міністарка замежных спраў Аналена Бербак абвінавацілі Шольца ў перадвыбарчай агітацыі. «Нават цяпер, падчас перадвыбарчай кампаніі, некаторыя ставяць у аснову нацыянальную перспектыву — або тое, як хутка набраць некалькі галасоў на парламенцкіх выбарах — замест таго, каб узяць на сябе рэальную адказнасць за забеспячэнне міру і свабоды ў Еўропе», — цытуе міністарку нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






