ГУБАЗіК: як працуе галоўны карны орган Беларусі? Грэнландыя: як супакоіць сітуацыю? У Газе эскалацыя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Яшчэ некалькі гадоў таму вакол гэтага ўпраўлення МУС грымелі скандалы, аператыўнікі абвінавачваліся ў злачынствах, а Лукашэнка называў іх “бязмозгімі людзьмі”. Цяпер гэта незаменны для ўладаў РБ орган, накіраваны на барацьбу з іншадумцамі ў краіне і за мяжой», – перадае DW.
«Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) стварылі ў 1991 годзе. Да 2020-га працу аператыўнікаў часта крытыкавалі, здараліся і сапраўдныя правалы, асабліва з асабовым складам. Напрыклад, высветлілася, што супрацоўнік ГУБАЗіК уваходзіў у склад буйнога наркакартэля, чый злачынны даход ацэньваўся ў 1,7 млн даляраў. Іншы аператыўнік таемна аформіў грамадзянства Румыніі, вынес са службовага сейфа 270 тысяч долараў і схаваўся за мяжой. Летам 2019-га з крытыкай на сілавікоў абрынуўся і Аляксандр Лукашэнка. “Тады загаварылі, што ГУБАЗіК будзе расфармаваны, – распавёў DW былы сілавік. – Асноўная прычына – у Беларусі ўжо няма вострай праблемы з арганізаванай злачыннасцю, якая была ў 90-х. Але прайшлі выбары, і ГУБАЗіК стаў незаменнай структурай у сістэме”. Як адзначае суразмоўца, сваім новым становішчам супрацоўнікі ГУБАЗіК абавязаны былому начальніку ўпраўлення Мікалаю Карпенкаву: ён адразу зразумеў, што ў сілавікоў будзе карт-бланш на гвалт», – перадае DW.
Насуперак першапачатковым планам віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс мае намер далучыцца да сваёй жонкі Ушы падчас яе візіту ў Грэнландыю. Замест вызначанага было наведвання гістарычных месцаў і сустрэч з мясцовымі жыхарамі, шлюбная пара мае намер наведаць толькі касмічную базу ЗША Пітуфік, размешчаную на поўначы вострава. Змена праграмы візіту адбылася пасля пратэстаў, якія прайшлі ў Грэнландыі і Даніі напярэдадні прыбыцця няпрошаных гасцей. «У ЗША не толькі Трамп песціць экспансіянісцкія мары», – каментуе стамбульская Karar.
«Нават калі Данія не вельмі сур’ёзна ставіцца да магчымасці гвалтоўнага захопу гэтай тэрыторыі, гэтая магчымасць усё роўна застаецца рэальнай. Усё больш і больш газет, у першую чаргу New York Times, згадвае аб важнасці Грэнландыі для Амерыкі – і дае сваім чытачам геапалітычныя аргументы, якія маглі б паслужыць апраўданнем дзеянням Трампa. А таму не варта дзівіцца, калі гэтае пытанне неўзабаве стане рэчаіснасцю, выйшаўшы далёка за рамкі рыторыкі “Зробім Амерыку зноў вялікай”. Бо цікавасць да гэтага рэгіёна з’явілася не ўчора. ЗША цікавяцца Грэнландыяй з 1860-х гадоў, а дакладней – жадаюць набыць яе», – піша чэшскае выданне.
Пасля таго як рэжым спынення агню быў перапынены, ізраільскія вайскоўцы ўзмацнілі ўдары па тэрыторыі сектара Газа. Згодна з паведамленнямі падкантрольных ХАМАС ведамстваў, за дзесяць дзён загінула больш за 800 чалавек. У Ізраілі дзясяткі тысяч пратэстуючых выйшлі на дэманстрацыю супраць палітыкі прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху. А ў сектары Газа некалькі сотняў чалавек пратэставалі супраць улады ХАМАС. Берлінская taz вітае той факт, што ў Газе пачаліся пратэсты супраць ХАМАС.
«Трэба мець немалую мужнасць, каб менавіта ў гэтай сітуацыі даваць адпор ХАМАС. Гэта можа абярнуцца арыштам, катаваннямі – і нават смерцю. Ісламісцкае кіраўніцтва абыходзіцца са сваімі супернікамі вельмі жорстка, аж да забойстваў – нават калі гаворка ідзе пра супляменнікаў. І ў мірныя часы хамасаўцы хапалі палестынцаў, западозраных у супрацоўніцтве з ізраільскім ворагам, накідвалі ім на галаву мяшок, ставілі на калені і расстрэльвалі – проста на вуліцы, сярод белага дня. Абвінавачанне ў супрацоўніцтве з Ізраілем выкарыстоўвалася і ў якасці падставы для расправы з гомасэксуальнымі мужчынамі. Адважныя дэманстранты, якія пратэстуюць зараз супраць ХАМАС, сведчаць пра тое, што заявы ў тым духу, што ў Газе няма недатычных да злачынстваў, хлуслівыя», – падсумоўвае бельгійскае выданне.
Польшча і балтыйскія дзяржавы выпусцілі сумесную заяву аб тым, што яны выходзяць з Атаўскага дагавора аб забароне супрацьпяхотных мін – з мэтай абараніцца ад рпагрозы з боку Расеі і Беларусі. Пра падобныя крокі разважае зараз і Фінляндыя. Цюрыхская Tages-Anzeiger перасцерагае.
«Зразумела, што гэтыя дзяржавы перажываюць за сваю бяспеку больш, чым іншыя члены НАТА, размешчаныя ўдалечыні ад Расеі. Але ўсё ж такі гэтыя краіны маюць яшчэ і ўнутрыпалітычныя матывы. У Польшчы зараз разгар прэзідэнцкай кампаніі, і вось ужо не першы раз прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск раптам падхоплівае прапановы, спароджаныя ў нетрах раней кіруючай нацыяналістычнай партыі Права і справядлівасць. У Эстоніі нядаўна распалася кааліцыя, што ўвяло ўрад у крызіс. Ва ўсіх гэтых краінах пануе пастаянная палітычная барацьба за лепшую абарончую стратэгію. І відавочна, што дальнабачнасць і этыка пры гэтым усё больш адыходзяць на другі план. Абарона і стрымліванне неабходныя. Але звяртацца для гэтага да забароненых відаў узбраенняў зусім ні да чаго», – піша франузскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






