BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Абранне неабарачальнага

Фота: flickr.com

Чэхія можа безтэрмінова спыніць выдачу відаў на жыхарства расейцам і беларусам. Што азначае заява Дональда Трампа пра выхад ЗША з НАТА? Новы прэзідэнт Фінляндыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Міністэрства замежных спраў Чэхіі прапанавала спыніць выдачу віз і відаў на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі ў сувязі з уварваннем ва Украіну. «У міністэрстве заявілі, што дзеючую пастанову ўрада, якая дзейнічае да 31 сакавіка, неабходна замяніць новай без указання тэрміну», – звяртае ўвагу мясцовае выданне Brnodaily.

«Неўзабаве пасля нападу Расеі на Украіну ў 2022 годзе чэшскі ўрад пяціпартыйнай кааліцыі вырашыў спыніць выдачу віз грамадзянам Расеі, а пазней і Беларусі, за выключэннем гуманітарных выпадкаў. Хадайніцтвы аб прадастаўленні чэшскага віду на жыхарства, пададзеныя расеянамі або беларусамі, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам лічацца непрымальнымі, гэта значыць не падлягаюць разгляду. З мінулага года забарона распаўсюджваецца таксама на грамадзян Расейскай Федэрацыі і Беларусі, якія адначасова з’яўляюцца грамадзянамі іншай краіны. На тых, хто ўжо мае від на жыхарства, пастанова не распаўсюджваецца. Палажэнне таксама не распаўсюджваецца на заяўкі на атрыманне кароткатэрміновай візы, калі заяўнік з’яўляецца членам сям’і грамадзяніна Чэхіі або ЕЗ, які суправаджае яго. Гэта таксама не распаўсюджваецца на заяўкі на атрыманне візы або дазволу на доўгатэрміновае або пастаяннае пражыванне, калі знаходжанне заяўніка адпавядае інтарэсам Чэшскай Рэспублікі і гэтая зацікаўленасць была зацверджана міністрам замежных спраў. Таксама ад забароны не трапляюць беларусы, якія прэтэндуюць на від на жыхарства для навучання ва ўніверсітэце на падставе стыпендый Чэхіі, Еўразвяза або міжнародных арганізацый», – піша чэшскае выданне.

Дональд Трамп пагражаў не абараняць краіны НАТА ў выпадку нападзення Расеі. На выходных, выступаючы на перадвыбарчым мітынгу ў Паўднёвай Караліне, палітык заявіў, што, будучы прэзідэнтам, патрабаваў ад краін Паўночнаатлантычнага блока выканаць фінансавыя абавязацельствы перад альянсам. Трамп пераказаў даўнюю сустрэчу з лідарам адной з буйных краін. Неназваны суразмоўца спытаў, што будзе, калі іх атакуе Расея, а плацяжы ў агульны бюджэт пратэрмінаваны. Трамп нібыта адказаў, што абароны з боку ЗША чакаць у такім разе не варта. У Белым доме гэтыя заявы назвалі «шакуючымі і шалёнымі», а генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг адзначыў, што Трамп падвяргае рызыцы еўрапейскіх і амерыканскіх салдат. «Еўропе трэба трымаць вуха востра», – папярэджвае турынская газета La Stampa.

«Трамп сказаў, што ён думае пра НАТА. І калі ён так думае, то зразумела, што ён зробіць, калі будзе абраны на пасаду прэзідэнта: распусціць НАТА. Еўрапейцам не трэба мець ілюзій. Без цвёрдай прыхільнасці прынцыпу калектыўнай абароны ў выпадку агрэсіі і, вядома ж, без такой прыхільнасці з боку найважнейшага саюзніка, блоку НАТА ў тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, прыйдзе канец. А без НАТА трансатлантычныя сувязі, якія аб’ядноўвалі Паўночную Амерыку і Еўропу на працягу трох чвэрцяў стагоддзя, стануць нечым накшталт шведскага стала: кожны вольны выбіраць сабе толькі тое, што яму ў дадзены момант трэба», – адзначае італьянскае выданне.

Фінляндыя выбрала новага прэзідэнта: кансерватар Аляксандр Стуб ад партыі Нацыянальная кааліцыя перамог у другім туры выбараў, апярэдзіўшы палітыка ад партыі Зялёных Пекку Хаавіста. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, што гэты выбар значыць для краіны, і засяроджваюць сваю ўвагу на аспектах знешняй і абароннай палітыкі. Стакгольмская газета Expressen разважае аб тым, наколькі вялікай вагой будзе валодаць прэзідэнт у палітычным ландшафце краіны.

«У 1980-я гады ўлада парламента і ўрада няўхільна расла – прычым за кошт уразання ўлады прэзідэнта: апошні раз гэта мела месца ў 2012 годзе, калі было вырашана, што прадстаўляць Фінляндыю ў кантэксце ЕЗ будзе прэм’ер-міністр. Аляксандр Стуб становіцца слабым прэзідэнтам, але не з-за сваіх асабістых якасцяў, а таму, што так вырашыў фінскі парламент. І ў будучыні ён можа стаць яшчэ слабейшым. Ужо некаторы час існуюць планы змяніць Канстытуцыю, з тым каб кіраўніцтва палітыкай у кантэксце НАТА мог на сябе ўзяць урад. Згодна з апытаннямі, людзі не падзяляюць падобную ініцыятыву. Наадварот: шмат хто хацеў бы, каб у прэзідэнта было больш улады», – адзначае шведскае выданне.

МУС Францыі плануе абмежаваць магчымасць атрымання французскага грамадзянства ў заморскім дэпартаменце Майёта. Як заявіў міністр унутраных спраў Жэральд Дарманен, на Майотцы плануецца адмяніць дзеянне прынцыпу атрымання грамадзянства па месцы нараджэння. Згодна з гэтым прынцыпам, дзеці, якія нарадзіліся на тэрыторыі Французскай Рэспублікі, атрымліваюць яе грамадзянства аўтаматычна – ці па дасягненні паўналецця. Парыжская газета Le Figaro паказвае на тое, што занесці змены ў Канстытуцыю будзе няпроста, а таму прапануе зрабіць іншы, яшчэ больш радыкальны крок.

«Нам вядома, наколькі доўгі гэты шлях і колькі на ім розных перашкод. На фоне адноснай і вельмі раз’яднанай большасці гэтыя дэбаты могуць стаць вельмі і вельмі бурнымі. Левыя ўжо паўстаюць супраць таго, што яны тлумачаць як парушэнне прынцыпу тэрытарыяльнай роўнасці. Правым варта было б праявіць паслядоўнасць, і запатрабаваць, каб адмена атрымання грамадзянства па месцы нараджэння распаўсюджвалася на ўсю краіну! Чаму, пытанне, французскае грамадзянства наогул павінна прысвойвацца аўтаматычна – хоць на Майёце, хоць у іншых рэгіёнах Францыі?», – піша французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя