BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Ахілесава пята

Лукашэнка лічыць, што Кітай можа «выкарыстоўваць Беларусь для прасоўвання сваіх інтарэсаў у Еўропу». Хто галоўны ў ЕЗ? Тэрарызм у Дагестане. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Лукашэнка лічыць, што Кітай можа “выкарыстоўваць Беларусь для прасоўвання сваіх інтарэсаў у Еўропу”. Пра гэта 25 чэрвеня ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх ВНУ. “Мы дамовіліся са спадаром Сі Цзіньпінам, што калі Кітаю трэба, выкарыстоўвайце Беларусь у прасоўванні сваіх інтарэсаў у Еўропу», – цытуе Лукашэнку нямецкая служба DW.

Пры гэтым напярэдадні з афіцыйным візітам у Кітай прыбыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. На сустрэчы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам ён у тым ліку абмяркоўваў міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю і праблемы транспамежнага руху, з-за чаго, паводле яго слоў, абмяжоўваецца адзін з чыгуначных маршрутаў паставак тавараў з Кітая ў Еўропу. Раней міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча разглядае магчымасць закрыць астатнія пункты пропуску на мяжы з Беларуссю», – перадае DW.

У чацвер пачнецца чарговае пасяджэнне Еўрапейскай рады. Пакуль незразумела, ці ўдасца кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў прыйсці да згоды наконт кандыдатуры на пасаду старшыні Еўракамісіі. Тым часам у Еўрапарламенце новага склікання ідзе фармаванне фракцый, часу засталося мала. Спісы павінны быць прадстаўлены ўжо да 15 ліпеня – і толькі ў гэтым выпадку фракцыі будуць афіцыйна прызнаны на ўстаноўчым пасяджэнні 16 ліпеня. Афінская Naftemporiki дае наступны аналіз.

«Апошнія палітычныя падзеі, і перш за ўсё, датэрміновыя выбары ў Францыі, могуць паўплываць на шанцы Уршулі фон дэр Ляйен на пераабранне на пасаду кіраўніка Еўракамісіі. З прычыны чаканай перамогі ўльтраправай партыі Марын Ле Пэн на выбарах у Францыі і хрысціянскіх дэмакратаў на выбарах у Нямеччыне ў наступным годзе і Макрон, і Шольц знаходзяцца ва ўразлівай пазіцыі. Яны ўсведамляюць тое, што на чале Еўразвязу павінна стаяць магутная фігура, здольная захаваць адзінства еўрапейскага блока. Магчыма, адзіным сапраўдным «прадстаўніком заходняй дэмакратыі» з’яўляецца Драгі, якога можна задзейнічаць на вышэйшым узроўні кіравання Еўразвязам», – мяркуе грэчаскае выданне.

У мінулую нядзелю ў рэспубліцы Дагестан тэрарысты атакавалі цэрквы і сінагогі ў найбуйнейшых гарадах – Дэрбенце і Махачкале. Загінуў 21 чалавек, з іх 16 – супрацоўнікі паліцыі. Пяцёра тых, хто нападаў, у тым ліку двое сыноў і пляменнік кіраўніка мясцовай адміністрацыі, былі застрэлены. Губернатар Мелікаў абвінаваціў у нападзе “замежныя сілы”. На цяперашні момант рэжым КТА ў рэспубліцы адменены. «Аднак Каўказ быў і застаецца праблемай для кіраўніка Крамля», – падкрэслівае турынская La Stampa.

«Каўказ быў трамплінам для ўзыходжання Пуціна, калі ён агнём і мячом ‘улагоджваў’ Чачню. Каўказ з’яўляецца адным са слупоў неаімперскай ідэі. У аўтаматычным, амаль дакучлівым рэфлексе, з якім Масква рэагуе на напад джыхадыстаў, вінавацячы ў яго арганізацыі таямнічыя замежныя сілы і заходнія службы, крыецца ўнутраная прапаганда, звязаная з вайной супраць Украіны, але, перш за ўсё, гэта яшчэ і спроба адмаўляць той факт, што праблема ісламізму так і не была вырашана. Пуціну было б страшна прызнаць, што яго першы поспех на Каўказе на шляху да аднаўлення расейскай дзяржаўнасці аказаўся ўсяго толькі фарсам», – піша італьянскае выданне.

Джуліян Асанж выходзіць на волю. Заснавальнік WikiLeaks заключыў здзелку з пракуратурай ЗША, ён вылецеў у Аўстралію. Асанж быў за крок ад экстрадыцыі ў ЗША, дзе яму пагражала 175 гадоў зняволення па справе аб шпіянажы. Да апошняга ён абвяргаў абвінавачанні, але ў выніку вырашыў прызнаць віну часткова і выйшаў з брытанскай турмы пад заклад. «Асанж стаў фігурай, якая раскалола грамадства», – піша The Washington Post.

«Прыхільнікі бачаць у ім смелага журналіста, які выкрывае злачынствы ўрада, а нядобразычліўцы – чалавека напышлівага, жадаючага славы, дзейнасць якога толькі шкодзіць. Яго дзёрзкія метады адрозніваліся ад нормаў традыцыйнай прэсы. Для Белага дома справа Асанжа стала галаўным болем. Адміністрацыя Байдэна сутыкнулася з ціскам ключавога саюзніка – Аўстраліі, якая патрабавала пакласці канец прававой нявызначанасці. Але спрэчкі на гэтым не заканчваюцца. Ніякіх пагадненняў аб прызнанні віны для тых, хто пагражае нацыянальнай бяспецы», – цытуе амерыканскае выданне былога віцэ-прэзідэнта Майка Пенса. Здзелку з Асанжам апошні назваў «судовай памылкай».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: скрыншот