
У 2023 годзе Беларусь была трэцяй у свеце па колькасьці арыштантаў- журналістаў, Расея— пятай. Блізкі Усход: ААН патрабуе спынення агню ў Газе. ЕЗ абмяркуе пытанні пашырэння і фінансавай дапамогі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«З 1-га студзеня 2023 года да пачатку снежня 45 журналістаў па ўсім свеце былі забітыя ў сувязі з іх працай», – цытуе гадавы даклад ад «Рэпарцёраў без межаў» (RSF) расейскае выданне Meduza.io.
„Каля паловы (23) гэтых журналістаў былі забітыя ў зонах ваенных дзеянняў. З іх 17 былі забітыя ў Ізраілі, Ліване або сектары Газа, а двое былі забітыя ва Украіне. RSF адзначыла, што ў 2023 годзе колькасць рэпарцёраў, якая загінула пры выкананні службовых абавязкаў самая нізкая, чым у любы год з 2002 года. Паводле аўтараў зводкі, у цяперашні час у свеце 521 журналіст знаходзіцца ў зняволенні. Трыццаць дзевяць журналістаў, як паведамляецца, знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, што робіць яе краінай з трэцяй па колькасці зняволеных журналістаў, у той час як у Расеі параўнальна менш – 28 журналістаў у турме», – канстатуе расейскае незалежнае выданне.
Генеральная Асамблея ААН выказалася за неадкладнае спыненне агню ў сектары Газа – у мэтах забеспячэння самым неабходным людзей, якія вымушана пакінулі свае дамы і цяпер пакутуюць ад голаду і холаду. Ізраіль у сваю чаргу зноў указаў на тое, што радыкальная ісламісцкая групоўка ХАМАС працягвае выкарыстоўваць грамадзянскае насельніцтва ў якасці жывога шчыта. Як заявіла кіраўніцтва Ізраіля, барацьба будзе працягвацца да таго часу, пакуль ХАМАС не будзе канчаткова разгромлены. «Захад павінен паўплываць на Ізраіль», – адзначае міланская газета Corriere della Sera.
«Слабасць Ізраіля ў тым, што пасля 67 дзён вайны яго кіраўніцтва да гэтага часу так і не паведаміла, як менавіта яно сабе ўяўляе мір, што павінна адбывацца ў дзень заканчэння баявых дзеянняў, і хто ўстане на месца ХАМАС, пасля таго як гэтая арганізацыя – як хочацца спадзявацца – будзе канчаткова разгромлена. Такім чынам, Злучаным Штатам і Еўропе час паказаць Ізраілю шлях да перамір’я. Еўропа час ад часу спрабуе гэта рабіць, няхай не маючы пры гэтым адзінай стратэгіі і дзейсных аргументаў. А вось у ЗША, наадварот, ёсць мноства аргументаў, пачынаючы з масавых паставак боепрыпасаў і абсталявання і заканчваючы небяспекай пашырэння канфлікту на поўнач, дзе размяшчаецца Хезбала, і да Чырвонага мора з хусітамі ў Емене. Так, у Ізраіля ёсць права на самаабарону. Але і ў Захаду ёсць на Блізкім Усходзе свае інтарэсы», – піша італьянскае выданне.
У Бруселі цягнецца двухдзённы саміт ЕЗ, на якім, у прыватнасці, будзе абмяркоўвацца пытанне аб пачатку перамоваў аб уступленні у Еўрасаюз Украіны і Малдовы, а таксама аб выдзяленні Кіеву фінансавай дапамогі ў памеры 50 мільярдаў еўра. Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан нядаўна прыгразіў спыніць абодва гэтыя намеры ў дачыненні да Украіны. Аднак у сераду Еўрасаюз пагадзіўся выдзеліць Будапешту дзесяць мільярдаў еўра, якія раней былі замарожаны. Эстонская газета Eesti Päevaleht піша пра тое, што будзе вырашальная бітва паміж дзвюма Еўропамі.
«Вынікі гэтай бітвы будуць мець вялікі ўплыў на агульныя пытанні: на тое, ці будзем мы жыць у Еўропе вайны ці Еўропе міра, пры дыктатуры ці дэмакратыі. На саміце кіраўнікі ўрадаў краін ЕЗ павінны прыняць важнае рашэнне, а менавіта – аб пачатку перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕЗ і далейшай яе ваеннай і фінансавай падтрымцы (асабліва ўлічваючы тое, што дапамога з боку ЗША знаходзіцца пад пытаннем). Але Орбан пагражае накласці вета. Кіраўнікам варта таксама абмеркаваць палітыку бяспекі і абароны, прычым у тэрміновым парадку», – адзначае эстонскае выданне.
Для падрыхтоўкі агульнага выніковага мемарандума 28-й Канферэнцыі ААН па абароне клімату спатрэбіўся дадатковы дзень. Выніковы дакумент заклікае да «паступовага развароту» ад выкарыстання выкапнёвых відаў паліва, але не да таго, каб ад іх «адмовіцца», як на тым настойвалі больш за сотню дзяржаў. Да 2030 года плануецца ў тры разы павялічыць аб’ём энергіі, што вырабляецца з аднаўляльных крыніц, а паказчык энергаэфектыўнасці павінен вырасці ўдвая. На думку берлінскай газеты Tagesspiegel, дасягнуты кансэнсус – гэта значная веха ў кліматычнай палітыцы.
«Нават такім нафтаздабыўным дзяржавам, як Саудаўская Аравія, Расея і Іран, прыйшлося паддацца ціску з боку іншых краін, адмовіцца ад сваёй непрымірымай пазіцыі і падпісаць дамову. Ці не цуд гэта? Бо, па сутнасці, выжыванне гэтых рэпрэсіўных рэжымаў залежыць у тым ліку і ад бесперапыннага паступлення даходаў ад продажу выкапнёвых энерганосьбітаў. У плане аргументацыі гэтая бітва на сусветнай арэне выйграна. Цяпер гаворка ідзе толькі пра тэрміны, аб’ёмы, пытанні ўвасаблення ў жыццё. Існавала і ці існуе якая-небудзь іншая тэма, па якой быў дасягнуты глабальны кансэнсус падобнага маштабу? Наўрад ці», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






