BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Адцягнуць увагу

Тысячы беларусаў асуджаныя паводле палітычных матываў. Як выбудоўваюцца адносіны ФРГ з саюзнікамі? Швейцарская пенсія. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Тысячы беларусаў былі асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваннях за апошнія тры гады ў рамках бязлітаснага падаўлення іншадумства ўладамі. «Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, якія выклікалі масавыя пратэсты, на якія ўлады адказалі жорсткімі рэпрэсіямі, па палітычна матываваных абвінавачаннях было асуджана не менш за 4690 чалавек», – піша брытанская газета The Abcnews.

«Колькасць людзей, якія трапілі пад пераслед па палітычных матывах, магла быць большай, бо супольнасць не ведае імёнаў усіх асуджаных. Створаная ў цэнтры Еўропы самая буйная рэпрэсіўная машына XXI стагоддзя, накіраваная на падаўленне ўсіх свабод. Толькі летась да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах прыцягнута не менш за 1300 чалавек. Для пачатку палітычных рэпрэсіяў дастаткова нават падазрэння ў нелаяльнасці. У мінулым месяцы дыктатар Аляксандр Лукашэнка ўмацаваў сваё 30-гадовае праўленне на жорстка кантраляваных парламенцкіх і мясцовых выбарах, у якіх дапускалася ўдзельнічаць толькі лаяльным прыхільнікам. Выбары ў мінулым месяцы праходзілі на фоне жорсткага падаўлення іншадумства. За кратамі застаюцца больш за 1400 палітвязняў, у тым ліку лідары апазіцыйных партый і вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе», – падкрэслівае брытанскае выданне.

***

Уцечка з бундэсвера ўзмацніла раскол паміж ФРГ і саюзнікамі. Партнёры, у прыватнасці, заклікаюць Нямеччыну адправіць Кіеву ракеты Taurus, нягледзячы на перахопленую размову. Як піша Bloomberg, інцыдэнт «выклікаў раздражненне» Францыі і Вялікабрытаніі, хоць на афіцыйным узроўні яны спецыяльна памяншаюць важнасць апублікаванай інфармацыі «для захавання адзінства». Лондан жа заклікае Берлін адправіць ракеты Taurus і толькі ўзмацняе ціск на саюзніка.

«Такой бестурботнасці можна чакаць ад тых, хто ніколі не праходзіў інструктаж па бяспецы, але не ад ваенных чыноўнікаў. Назваць прынятыя Берлінам меры шыфравання непрафесійнымі. Іншы ж адзначыў, што і зусім не здзіўлены такім недаглядам з боку Германіі. Для звышсакрэтных перамоваў высокапастаўленыя афіцэры выкарыстоўвалі камерцыйную платформу. У перахопленай размове афіцэры абмяркоўвалі не толькі магчымасць паставак ракет Taurus ва Украіну і нерашучасць канцлера Олафа Шольца ў гэтым пытанні, але і дзеянні саюзнікаў: гаворка ішла пра тое, якім чынам свае ракеты пастаўляюць Лондан і Парыж, і як на тэрыторыі Украіны вайскоўцы з ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі дапамагаюць абслугоўваць тэхніку», – адзначае амерыканскае выданне.

***

Пытанне пастаўкі зброі Украіне працягвае заставацца актульным на фоне паведамленняў, што ўкраінскай арміі акурат бракуе як зброі, так, галоўнае, і людскога складу. Варшаўская Gazeta Wyborcza лічыць, што прамаруджванне з пастаўкамі зброі з боку немцаў – гэта праява марнай саступлівасці Пуціну.

«Як бы Шольц ні стараўся, крамлёўская прапаганда ўсё роўна да яго дабралася. Рускія скажуць пра яго: і гонар страціў, і ні капейкі не зарабіў. Усе цывілізаваныя краіны свету ўдзельнічаюць у гэтай вайне на баку Украіны, якая абараняецца. Мы не адпраўляем салдат, але пастаўляем тэхніку, боепрыпасы, грошы, навучаем украінскіх вайскоўцаў і падтрымліваем гэтую краіну рознымі іншымі спосабамі. Мы робім гэта, зыходзячы з простага разліку: калі Украіна прайграе, мы – наступныя ў спісе Расеі. Калі нямецкія вайскоўцы гэта ўсведамляюць, то чаму не разумее канцлер?», – піша польскае выданне.

***

У Швейцарыі адбыўся рэферэндум аб увядзенні 13-й пенсіі для ўсіх пенсіянераў краіны. На карысць гэтай ініцыятывы выказаліся 58,2 працэнты грамадзян, якія маюць права голасу. Цяпер базавая пенсія па старасці будзе павышана на 8,3 працэнты. Дадзеная пенсійная выплата ўяўляе сабой першы ўзровень пенсіённага забеспячэння, свайго роду базавую пенсію для ўсіх, максімальны памер яе ў цяперашні час – 2450 франкаў. Яшчэ некалькі гадоў таму падобная ініцыятыва не набыла падтрымкі насельніцтва. Мясцовая газета La Tribune de Genève тлумачыць адназначнае «так» наступным чынам.

«Гэтая ініцыятыва перамагла за кошт спрыяльнага кантэксту і памылак апанентаў. Які ж быў кантэкст? Цэна растуць паўсюль: ад медыцынскага страхавання да прадуктаў харчавання, ад квартплаты да энерганосьбітаў. Многія з пенсіянераў ужо не могуць дазволіць сабе дастойнае жыццё. У чым заключаліся памылкі апанентаў? Яны не змаглі прапанаваць ніякай альтэрнатыўнай праграмы. Ад новай ініцыятывы выйграюць усе пенсіянеры, у тым ліку і мільярдэры, прычым за кошт працоўных! Так, гэта сур’ёзны недахоп, але чаму не прапанавалі больш вузканакіраваны і прадуманы варыянт? З-за саманадзейнасці і ўпэўненасці ў сваёй перамозе, гэта і стала крытычнай памылкай», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя