Міністр замежных спраў Літвы заклікае свет адрэагаваць на выбары Лукашэнкі ў Беларусі. Цана расейскага газу. Сірыя балансуе на грані этна-канфесійнай вайны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс патрабуе міжнароднага рэагаваньня на прэзыдэнцкія «выбары» ў Беларусі, прызначаныя на наступны год», – піша Ukrainska Pravda.
«Пра гэта Будрыс заявіў напярэдадні пасля сустрэчы з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. Ён падкрэсліў неабходнасць моцнага міжнароднага рэагавання на «арганізаванае рэжымам мерапрыемства па пераабранні Аляксандра Лукашэнкі». Міністр таксама выказаўся за працяг санкцыйнай палітыкі і ўзмацненне падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі. «Інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы з’яўляецца дэмакратычная і мірная суседняя Беларусь, таму 19-ы ўрад Літвы працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі», — сказаў ён. Будрыс адзначыў, што ў гэтым месяцы Літва ўздымала пытанне Беларусі на Радзе ЕЗ па замежных справах у Бруселі і плануе зрабіць гэта зноў у студзені. «Мы павінны ўслых казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі: няспынныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народу, працяг падтрымкі расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і партнёрства з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй». Таксама нядаўна ўрад Літвы прапанаваў Сейму (парламенту Літвы) падоўжыць яшчэ на год нацыянальныя санкцыі, уведзеныя супраць грамадзян Расеі і Беларусі», – піша ўкраінскае выданне.
***
Славакія ацэніць сітуацыю з газам пасля 1 студзеня. Тады Браціслава разгледзіць магчымасць мер у адказ супраць Украіны, у тым ліку спыненне паставак электраэнергіі. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр рэспублікі Роберт Фіцо ў відэазвароце ў сацсетках. Ён дапусціў спыненне паставак электрычнай энергіі, у якой мае патрэбу Украіна. Кантракт, па якім “Газпром” пастаўляе газ у Еўропу праз тэрыторыю Украіны, заканчваецца 31 снежня і ўжо зразумела, што падаўжэння дамовы не будзе, гэта пацвердзіў Уладзімір Пуцін. «З якімі цяжкасцямі сутыкнецца Еўропа, пазбавіўшыся расейскага газу. Запасы газу ў еўрапейскіх сховішчах імкліва схуднеюць. Ужо зараз засталося 75% рэзерву, хоць мінулай зімой такі паказчык быў дасягнуты толькі да канца студзеня», – разважае Bloomberg.
«Гэта трывожны знак не толькі ў сэнсе абслугоўвання спажыўцоў у гэты халодны сезон, але і з пункту гледжання будучага папаўнення сховішчаў на зіму 2025-2026 гадоў. Гэтым зоймуцца ўлетку, і ўжо вядома, што новыя кантракты будуць істотна даражэй, чым прапаноўвала Расея праз украінскі транзіт. І хоць Масква ўсё яшчэ можа пастаўляць ЗПГ (звадкаваны прыродны газ) у Еўропу праз Турцыю, тыя магутнасці не змогуць закрыць верагодны дэфіцыт. Акрамя Расеі, краіны ЕЗ атрымліваюць газ з ЗША, Алжыра, Нарвегіі, Азербайджана, Катара, Вялікабрытаніі і яшчэ некалькіх партнёраў з невялікімі аб’ёмамі. Але Еўропе ўсё больш даводзіцца канкурыраваць за пастаўкі ЗПГ з Азіяй, якая нарошчвае закупкі. Разлічваць на амерыканскі газ, як прапануе старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляйен, таксама рызыкоўна з-за пастаянных правалак і пераносаў тэрмінаў уводу заводаў па экспарце ЗПГ. Банкруцтва падрадчыкаў і праблемы з эколагамі паставілі на паўзу адразу некалькі аб’ектаў, якія будуюцца амерыканцамі. Аналітыкі Міжнароднага цэнтра абароны і бяспекі ICDS таксама нагадваюць, што расейская газаправодная сетка не толькі давала Украіне $ 6,5 млрд даходу, але і служыла абаронай ад расейскіх нападаў. Пуцін заявіў, што Расея па-ранейшаму гатовая пастаўляць газ у Еўропу. Магчыма праз Польшчу. Але новага кантракту з Украінай дакладна не будзе. Пасля гэтага паведамлення газавыя ф’ючэрсы ў Еўропе падаражэлі на 5%», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
***
«З Сірыі прыходзяць трывожныя паведамленні. Група баевікоў, суніцкіх джыхадыстаў замежнага паходжання, спаліла калядную ёлку ў хрысціянскім горадзе Скальбія на поўначы сірыйскай правінцыі Хама. У правінцыі Латакія, дзе пражывае вялікая алавіцкая абшчына, адбываюцца шматлікія канфлікты паміж алавітамі з аднаго боку і прадстаўнікамі новай улады, а таксама незалежнымі ўзброенымі суніцкімі групоўкамі з другога, і там прымяняецца зброя. Групоўка джыхадыстаў падпаліла алавіцкі храм», – піша азэрбайджанскае выданне Vesti.
«У Сірыі каля 80 працэнтаў насельніцтва складаюць мусульмане-суніты. Астатнія – гэта хрысціяне розных напрамкаў, алавіты, шыіты і друзы. Акрамя таго, 10-12 працэнтаў сірыйцаў складаюць курды – этнічная меншасць, якая кампактна пражывае на паўночным усходзе краіны. Звязаныя з РПК (Курдская працоўная партыя) групы стварылі тут пры падтрымцы ЗША ўласнае войска і Аўтаномную Адміністрацыю. Абстаноўка ў Сірыі абвостраная на грані. Насельніцтва знаходзіцца ў стане, блізкім да голаду, 90 працэнтаў сірыйцаў паводле звестак ААН, жывуць ніжэй за рысу беднасці. Краіна наводнена зброяй і ўзброенымі групоўкамі, многія з якіх не падпарадкоўваюцца нікому, акрамя сваіх палявых камандзіраў і звязаных з імі шэйхаў – багатых кіраўнікоў мясцовых плямёнаў. Такое становішча спраў стварае ўмовы для міжэтнічнай разні. Звядзенне асабістых рахункаў у такой сітуацыі дапаўняе карціну. У Сірыі і за яе межамі загаварылі аб пагрозе “генацыду” алавітаў у знак помсты кіраванню алавіцкага клану Асадаў. Галоўны парадокс заключаўся ў тым, што вялікая, магчыма пераважная частка, алавітаў працягвалі заставацца самай беднай часткай сірыйскага грамадства, не здабываючы з праўлення Асадаў ніякіх выгод», – піша азэрбайджанскае выданне.
***
«Паводле апытання грамадскай думкі, праведзенай кампаніяй Baltijos tyrimai, прыкладна трое з чатырох жыхароў Літвы давяраюць НАТА. На фоне поўнамаштабнай вайны, якую ўжо трэці год Расея вядзе супраць Украіны, 73 адсоткі рэспандэнтаў заявілі, што ў складзе Альянсу пачуваюцца ў бяспецы», – піша літоўскае выданне LRT.
«У той жа час 21 працэнт рэспандэнтаў, якія пражываюць у Літве, заявілі, што не давяраюць НАТА. 6 працэнтаў апытаных не мелі меркавання па гэтым пытанні. Апытанне паказала, што НАТА карыстаецца вялікім даверам у насельніцтва ўсіх без выключэння дэмаграфічных і сацыяльных груп. У параўнанні з апытаннем, праведзеным два гады таму, доля літоўскіх рэспандэнтаў, якія давяраюць і не давяраюць Альянсу, не змянілася. Пэўныя дэбаты адносна будучыні НАТА выклікаў новаабраны прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп. У пачатку снежня ён намякнуў, што разгледзіць магчымасць выхаду з альянсу, калі значная колькасць краін працягне траціць на абарону менш за 2 працэнты свайго валавога ўнутранага прадукту. У канцы мінулага года тагачасны міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс, гаворачы аб пагрозах, якія зыходзяць ад Крамля, заклікаў Літву пераасэнсаваць канцэпцыю бяспекі. Паводле яго слоў, немэтазгодна спадзявацца толькі на гарантыі, якія дае 5-ы артыкул НАТА. У пачатку гэтага года камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе Бен Ходжэс папярэдзіў, што ў выпадку нападу Расеі Літва павінна быць гатова самастойна абараняцца як мінімум два тыдні, пакуль не прыбудзе падмацаванне з боку саюзнікаў. З-за падобных заяваў генерал падвергся крытыцы з боку некаторых палітыкаў, у тым ліку тагачаснага міністра нацыянальнай абароны Арвідаса Анушаўскаса», – адзначае літоўскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






