- Чаму Лукашэнка не прызначае дату выбараў?
- Еўрапарламент заклікаў краіны ЕЗ неадкладна дазволіць Кіеву ўдары па Расеі заходняй зброяй.
- Выбухі ў Ліване.
У Беларусі набліжаецца чарговая выбарчая кампанія – прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Зрэшты, дакладная дата да гэтага часу невядомая. «Ці амерыканцы, ці нашы беглыя нават прызначылі выбары ўжо і дату вызначылі. Развілі кучу канспіралагічных тэорый на гэты конт”, – заявіў 10 верасня Аляксандр Лукашэнка, каментуючы “зліў” BYPOL аб тым, што выбары адбудуцца 23 лютага, і настойваючы, што вызначаны толькі апошні тэрмін для правядзення кампаніі», – перадае DW.
«Дата выбараў ужо была ўзгодненая, і Лукашэнка пачаў кампанію з «міратворчай» рыторыкай, але аперацыя ВСУ ў Курску зблытала ўсе карты. Не напрамую, але Беларусь задзейнічана ў вайне ва Украіне. Гэтая рэгіянальная нявызначанасць, а таксама той факт, што адабрэнне Пуціна і яго адмашка таксама патрэбны, прыводзіць да таго, што рэжым адцягвае аб’яву даты выбараў. Важная і эканамічная сітуацыя: ён не можа моцна зацягваць з выбарамі, таму што чым далей, тым горш будзе сітуацыя з эканомікай. Эканоміка выраўнялася пасля санкцый, але зараз зноў ідзе на спад, і Лукашэнка разумее, што да лета можа грымнуць крызіс. Таму ў яго ёсць прамежак у паўгода – да сакавіка-красавіка трэба правесці выбары. А будзе гэта люты ці іншы месяц – пытанне чыста тэхнічнае. Рэжым хутчэй за ўсё правядзе выбары да сярэдзіны вясны, а іх дату аб’явіць максімальна позна ў крайнія тэрміны. І хаця дэмакратычныя палітыкі наўрад ці будуць заклікаць беларусаў да пратэстаў, улады гэта вельмі хвалюе. Агучаная дата ў лютым можа быць цалкам зручнай: надвор’е створыць умовы для немагчымасці прыняць удзел у вулічных пратэстах», – перадае DW.
agliad presy_world_adbiuka ap_jk
«Еўрапарламент ухваліў рэзалюцыю па Украіне, у якой, у прыватнасці, заклікае краіны Еўразвяза «неадкладна» зняць абмежаванні на ўдары Кіева па расейскай тэрыторыі заходняй зброяй», – піша The Guardian.
«На думку дэпутатаў, цяперашнія абмежаванні «перашкаджаюць здольнасці Украіны ў поўнай меры рэалізаваць сваё права на самаабарону». Яны выказалі шкадаванні наконт скарачэння ваеннай дапамогі Украіне з боку краін ЕЗ і заклікалі іх “выканаць сваё абавязацельства” ад сакавіка 2023 года па пастаўцы аднаго мільёна боепрыпасаў, а таксама паскорыць пастаўкі сучасных сістэм СПА і іншага ўзбраення, у тым ліку ракет Taurus. Рэзалюцыю падтрымалі 425 дэпутатаў, 131 выступіў супраць, 63 дэпутаты ўстрымаліся. Рэзалюцыі Еўрапарламента не з’яўляюцца юрыдычна абавязваючымі і маюць рэкамендацыйны характар. Днямі Вялікабрытанія дазволіла Украіне выкарыстоўваць дальнабойныя крылатыя ракеты Storm Shadow для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі. Афіцыйна аб гэтым не паведамлялася. Намёк на такі дазвол даў і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас візіту ў Кіеў. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў , што нанясенне Украінай удараў высокадакладнай заходняй зброяй па тэрыторыі Расеі будзе азначаць, што краіны НАТА напрамую ўдзельнічаюць у вайне», – падкрэслівае брытанскае выданне.
agliad presy_world news_adbiuka zvanoch
Пасля выбуху некалькіх тысяч пэйджараў, які здарыўся ў Ліване ў аўторак, у сераду адначасова выбухнула мноства радыёпрымачоў і прылад, якія перадаюць сігнал. На гэты момант сама меней 26 чалавек загінулі, больш за 3000 паранены. Пытанне аб датычнасці да гэтых нападаў Ізраіля застаецца незразумелым: Ізраіль ніяк не пракаментаваў тое, што адбылося, але ў чацвер раніцай нанёс серыю авіяўдараў па поўдні Лівана, паводле ўласных заяваў, – па ваенных аб’ектах ісламісцкіх баевікоў руху Хезбала. «Ні Хезбала, ні Ізраіль не зацікаўлены ў разрастанні канфлікту», – такога меркавання прытрымліваецца венская Kleine Zeitung.
«У адпаведнасці са стратэгіяй Тэгерана Хезбала павінна ўяўляць для Ізраіля пастаянную пагрозу, часткова скоўваць ізраільскія ўзброеныя сілы і, у выпадку надзвычайнай сітуацыі, дапамагаць абараняць Іран ад Ізраіля і ЗША. А гэта азначае, што адправіць зараз войскі і ракеты Хезбалы на вайну, навязаную ёй Ізраілем, азначала б супярэчыць такой стратэгіі. Наземны наступ углыб Лівана будзе ўяўляць сабой рызыку для Ізраіля, улічваючы тое, што яго войска працягвае ваяваць у сектары Газа. Тым часам Ізраіль і Хезбала, верагодна, прадоўжаць баявыя дзеянні з ужываннем артылерыі, беспілотнікаў і ракет уздоўж ліванскай мяжы», – адзначае нямецкае выданне.
agliad presy_world_adbiuka ap_jk
У Партугаліі шугаюць наймацнейшыя лясныя пажары, якіх краіна не бачыла ўжо шмат гадоў. Загінула шмат людзей, знішчаны больш за дзесяць тысяч гектараў кедравых і эўкаліптавых лясоў, тысячы пажарных спрабуюць змагацца з агнём. Прэм’ер-міністр Луіш Мантэнегру аб’явіў надзвычайнае становішча ў найбольш пацярпелых рэгіёнах. «Эфектыўная барацьба з ляснымі пажарамі пачынаецца яшчэ да першай іскры», – разважае лісабонская Jornal de Notícias.
«Штораз, калі ў краіне разгараецца надзвычайная сітуацыя, з’яўляецца немалая спакуса задумацца аб рэсурсах – і запытаць яшчэ больш пажарных, аўтацыстэрнаў, верталётаў і самалётаў для пажаратушэння. Як быццам старая футбольная мудрасць аб нападзе як найлепшым відзе абароны прыйдзецца да месца і тут. Зразумела, недапушчальна грэбаваць рэсурсамі і тэхнікай. Але калі гаворка ідзе аб прадухіленні гібелі нашай прыроднай спадчыны (а таксама нашых хат, нашай прамысловасці і нашых жыццяў), не варта мець ілюзій: найважнейшы фактар, які прадвесціць поспех, – гэта прафілактыка. І яна ўключае ў сябе як апрацоўку сельскагаспадарчых і лясных угоддзяў, так і навучанне грамадзян», – піша партугальскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя