Галоўнае патрабаванне – лаяльнасць. Каго бяруць на працу ў беларускую школу? Спыненне ваеннай дапамогі ЗША: Зяленскі змяніў тон. Абарона Еўразвяза: ці будзе карысць ад мільярдных уліванняў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«У Беларусі рыхтуюць змены ў законы па забеспячэнні правоў дзяцей. Сярод іншага дакумент уводзіць забарону на педагагічную дзейнасць для людзей, якія маюць судзімасць за распаўсюджванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама “за экстрэмісцкую дзейнасць”. Акрамя таго, тых, хто будзе “дапускацца да працы з дзецьмі”, чакае “псіхалагічная гутарка”, – перадае DW.
«Выхавальніца Вольга кажа, што зараз кандыдатаў на любую адміністрацыйную пасаду выклікаюць на сумоўе ва ўпраўленне адукацыі і гутараць на тэму лаяльнасці. “Палова вакансій не занятая, можа быць, у нейкіх гімназіях сітуацыя лепшая, але ў звычайных школах з гэтым вялікія цяжкасці”. Пра тое, што характарыстыка стала абавязковай умовай пры прыёме на працу, кажа і настаўнік матэматыкі Таццяна Карпіневіч. Яна працавала ў адной са школ у Ляхавічах, але ў снежні 2024 года з-за даносу прапагандысткі экстранна з’ехала з Беларусі. “Калі ідзеш кудысьці на адміністрацыйную працу, то абавязкова ўзгадненне ў аддзеле адукацыі. І там ужо правяраюць усё. Калі, напрыклад, як у мяне, быў подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты ў 2020 годзе, то могуць не ўзгадніць. З гэтай жа прычыны шмат каго прыбралі з кіруючых пасад», – перадае сітуацыю з Беларусі DW.
Згодна з паведамленнямі, у аўторак Дональд Трамп прыпыніў аказанне ваеннай дапамогі Украіне, але ў той жа дзень падчас свайго выступу ў Кангрэсе заявіў пра тое, што ўкраінскі прэзідэнт гатовы пайсці на саступкі. Раней Зяленскі апублікаваў у сетцы Х заяву, у якой падкрэсліў імкненне Украіны да міру, падзякаваў ЗША за аказаную дапамогу і заявіў пра сваю гатовасць падпісаць сыравінную здзелку, што было сарвана ў мінулую пятніцу. «Замяніўшы ўсяго толькі адно слова, Зяленскі здзейсніў мудры дыпламатычны ход», – на гэты аспект зважае турынская La Stampa.
«Саступіць – не значыць падпарадкавацца. У канчатковым выніку ён выдаліў толькі адно прыметнік з фармулёўкі пра мір – “справядлівы”. Што ж такога хавалася пад гэтым паняццем, якое блакавала кожную дыскусію, кожнае абмеркаванне нюансаў, кожную больш-менш відавочную спробу перайсці ў фазу перамоваў з інтэрвентам, які, на жаль, не паддаецца ўстараненню? А хавалася там – ні больш ні менш – патрабаванне перамогі над Расеяй на полі бою або адыходу агрэсара на лінію меж 2014 года. Учора ўкраінскі прэзідэнт замяніў прыметнік ‘справядлівы’ на іншае, больш рэалістычнае – зараз пад эгідай Трампа мэтай з’яўляецца забеспячэнне ‘доўгатэрміновага’ міру», – піша італьянскае выданне.
Еўразвяз мае намер рэзка павысіць сваю абараназдольнасць: у аўторак старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляйен прадставіла план па пераўзбраенні Еўропы, згодна з якім на гэтыя мэты плануецца выдзеліць каля 800 мільярдаў еўра. Пакет уключае ў сябе такія меры, як змякчэнне правіл адносна дзяржаўнага доўгу, а таксама стымулы да крэдытавання, нацэленыя на рост інвестыцый у абаронны сектар. Варшаўская Rzeczpospolita сумняваецца ў тым, што паслабленне правіл па бюджэтнай столі на працягу чатырох гадоў прынясе жаданы эфект.
«Прадстаўленую ініцыятыву фон дэр Ляен ацаніла ў 800 мільярдаў еўра. Гучыць уражліва, але наколькі ўсё рэалістычна? Ільвіная доля гэтага разліку грунтуецца на заяве аб тым, што адыманне выдаткаў на абарону з разліку дапушчальнага дэфіцыту бюджэту дазволіць павялічыць асігнаванні на гэтыя мэты па ўсім Еўразвязе ў сярэднім на 1,5 працэнтнага пункта ВУП на працягу чатырох гадоў. Атрымліваецца 600 мільярдаў еўра. Але ці дасць Расея еўрапейцам гэтыя чатыры гады? І ці скарыстаюцца дзяржавы-члены гэтай магчымасцю, вылучыўшы згаданыя сродкі?», – піша польскае выданне.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увасобіў сваю пагрозу ў жыццё – і ўвёў 25-працэнтныя мытныя пошліны на ўвоз тавараў з суседніх Канады і Мексікі. Пошліны на кітайскую прадукцыю былі павышаны на 10 працэнтных пунктаў. У красавіку аналагічныя меры павінны рушыць услед і ў дачыненні да іншых краін, як у чарговы раз падкрэсліў Трамп у аўторак – падчас свайго выступу перад Кангрэсам. Усе спробы пераканаць Трампа здаюцца брусельскай De Standaard нерэалістычнымі.
«Колькі яшчэ дружалюбных краінаў зможа адвадзіць Трамп ад Злучаных Штатаў? Мексіка, Канада, Еўразвяз, Вялікабрытанія, Украіна, Паўднёвая Афрыка, Японія, Аўстралія – усе яны разгневалі Трампа, і ўсе яны павінны зараз упасці перад ім на калені. Але прэзідэнта, які гатовы адштурхнуць ад сябе наймацнейшыя дэмакратыі свету, найбольш заможную частку планеты і найбуйнейшыя рынкі збыту для саміх Злучаных Штатаў, немагчыма прымусіць змяніць гнеў на літасць», – адзначае бельгійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






