
Паліцыя Малдовы праводзіць расследаванне фактаў “каруселяў” на выбарчых участках у Менску. У Фінляндыі закрылі адзіны музей Леніна, размешчаны па-за Расеяй. Харыс ці Трамп? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У Малдове заявілі пра “маштабнае ўмяшанне” ў выбары прэзідэнта. Кандыдатаў усяго два — цяперашняя кіраўніца дзяржавы, прыхільніца еўраінтэграцыі Мая Санду (беспартыйная) і Аляксандр Стаяногла, які балатуецца ад Партыі сацыялістаў. Тым не менш, пра пачатак расследавання фактаў арганізаванай дастаўкі электарата для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах паведаміла Нацыянальная паліцыя Малдовы. “Адзначаецца, што такія факты фіксуюцца як за межамі краіны, так і “на нацыянальным узроўні», – піша ізраільская газета “Вести”.
“Нацыянальныя ўлады праводзяць расследаванне і рэгіструюць доказы ў сувязі з дзейнасцю авіятранспарту з Расеі ў Беларусь, Азербайджан і Турцыю”, — гаворыцца ў заяве паліцыі. Падкрэсліваецца, што арганізаваная перавозка людзей на выбарчы ўчастак у дзень выбараў у Малдове забароненая, за гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу. “Такія меры прымаюцца для абароны цэласнасці выбарчага працэсу і забеспячэння таго, каб голас кожнага грамадзяніна выяўляўся свабодна, без ціску і неапраўданага ўплыву”, — адзначае паліцыя. Раней улады Малдовы не раз выказвалі асцярогі, што ў працэс выбараў будзе ўмешвацца Расея. Раніцай 3 лістапада з’явілася інфармацыя аб прыбыцці ў Беларусь для галасавання грамадзян Малдовы, якія пражываюць у РФ. Спачатку гаворка ішла пра дзясяткі чалавек, цяпер з паведамленняў дзяржСМІ вынікае, што лік можа ісці на сотні. Людзі прыбываюць у Менск аўтобусамі і па паветры. Таксама медыя паведамляюць аб дастаўцы выбаршчыкаў з Расеі ў Баку і Стамбул. Малдаўскім грамадзянам, якія пражываюць у Расіі, можна прагаласаваць на выбарах у Маскве, дзе адкрытыя два выбарчыя ўчасткі. У Менску выбарчы ўчастак адкрыты ў амбасадзе Малдовы ў Менску”, – піша ізраільскае выданне.
“У Фінляндыі закрылі адзіны музей Леніна, размешчаны па-за Расеяй. Ён працаваў 78 гадоў”, – піша расейскае выданне Meduza.io.
«Музей у горадзе Тампэрэ абвясціў, што спыняе працу з сённяшняга дня. У лютым 2025 года на яго месцы адкрыюць музей палітычнай гісторыі, экспазіцыя якога будзе прысвечана адносінам Расеі і Фінляндыі. Пра планы закрыць музей Леніна яго дырэктар Кале Калiо казаў яшчэ ў красавіку. «Ранейшая назва больш не адпавядае зместу нашай экспазіцыі, уводзіць наведвальнікаў у зман і выклікае недастатковае разуменне», — тлумачыў ён. Музей Леніна ў тамперскім Доме працоўных, дзе ў 1905 году ўпершыню сустрэліся Іосіф Сталін і Уладзімір Ленін, адкрылі ў студзені 1946 года. Да сённяшняга дня ён быў адзіным пастаянна дзейным музеем Леніна за межамі Расеі», – падкрэслівае расейскае незалежнае выданне.
У аўторак вырашыцца, хто ж стане прэзідэнтам Злучаных Штатаў на наступныя чатыры гады – Камала Харыс ці Дональд Трамп. Мяркуючы па выніках апытанняў, кандыдаты ідуць ноздра ў ноздру. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт таго, што адбываецца. «Кандыдатам трэба яшчэ пару дзён добра папрацаваць», – канстатуе рыжскі партал Tvnet.
«Апытанні грамадскай думкі прыводзяць да таго, што прагнозы па галасах выбаршчыкаў у вагальных штатах змяняюцца кожны божы дзень, а значыць, прагназуемая, да прыкладу, перавага Харыс у два галасы ўжо заўтра можа апынуцца неістотнай. Больш за тое, апошнія і перадапошнія выбары прэзідэнта ЗША паказалі, што апытанні грамадскай думкі даюць ілжыва адмоўны вынік для Трампа – яго прыхільнікі, падобна, не жадаюць раскрываць сваіх пераваг падчас апытанняў. Калі такая тэндэнцыя захаваецца і на гэтых выбарах, то для таго каб атрымаць больш пераканаўчую перавагу, у бліжэйшыя дні Камале Харыс давядзецца як след паднапружыцца», – падкрэслівае латвійскае выданне.
Прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер наведаў з трохдзённым візітам Грэцыю і папрасіў у грэкаў прабачэння за злачынствы, учыненыя нацысцкай Германіяй. ‘Я прашу ў вас, якія выжылі і іх нашчадкаў, прабачэнні за тыя найцяжэйшыя злачынствы, якія былі здзейснены тут немцамі’, – заявіў ён у вёсцы Канданас на выспе Крыт – вёсцы, якая была цалкам знішчана салдатамі вермахта. Аднак пытанне пра выплату рэпарацый Германія лічыць у прававым сэнсе закрытым. «Афіны не спрабуюць сур’ёзна вырашыць гэтае пытанне», – абураецца партал News247.
«З моманту заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло ўжо восем дзесяцігоддзяў. Пераможаная Германія была адноўлена, стала эканамічнай звышдзяржавай, аднак яе адказнасць за разбурэнні, учыненыя ёю ў акупаваных краінах, так і не была асэнсавана. Нямеччына мяркуе, што свайго роду “тэрмін даўніны” ўжо скончыўся. На працягу ўсяго гэтага часу грэцкія ўрады час ад часу “ўздымалі гэтую тэму”, прэзідэнт і прэм’ер-міністр зараз таксама гэта зрабілі. Аднак яны, хутчэй, выканалі гэта як нейкі фармальны абавязак, а не таму, што спадзяюцца дамагчыся якіх бы там ні было змен. Яны аддаюць сабе справаздачу ў катэгарычным непрыманні ідэі рэпарацый з боку Нямеччыны – і задавальняюцца словамі», – піша афінскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






