BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Апошняя заслуга

Лідар баснійскіх сербаў сустрэўся з Лукашэнкам. На памяць Навальнага. Эрдаган і ас-Сісі пайшлі на збліжэнне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лідар баснійскіх сербаў Міларад Додзік прыехаў са шматдзённым візітам у Беларусь і павінен у панядзелак сустрэцца з самаабвешчаным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам», – паведамляе еўрапейскае выданне Eurointegration.

«Разам з Додзікам, прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай, у Беларусі знаходзіцца таксама міністр аховы здароўя Рэспублікі Сербскай. У нядзелю яны паехалі на сустрэчы ў цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі ў Менску, пасля таго адбылося шэраг сустрэч «па пытаннях эканомікі і сельскай гаспадаркі». На панядзелак, як паведамляюць, анансаваная сустрэча Додзіка з Лукашэнкам, а таксама з прэм’ерам Беларусі. Нагадаем, у Босніі і Герцагавіне  пачаўся суд над Додзікам з-за яго адмовы выконваць распараджэнні Высокага прадстаўніка Крысціяна Шміта», – піша еўрапейскае выданне.

16 лютага ў калоніі „Палярны воўк» памёр Аляксей Навальны. Расейскія прапагандысты разгублена перабіраюць варыянты, каб не называць такую смерць «забойствам»: тромб, які адарваўся, «сіндром раптоўнай смерці», змова Захаду. «Дакладней, яго забілі. Гэта не фігуральныя словы: незалежна ад таго, што адбылося ў той дзень, палітыка наўмысна трымалі ў невыносных умовах», – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.

«У сацыяльных сетках фраза «не памёр, а забілі» стала галоўнай рэакцыяй узрушаных людзей, якія адчуваюць рознае. Хтосьці спустошаны, хтосьці адчувае лютасць, хтосьці перажывае смерць Навальнага як страту блізкага.

Людзі спрабуюць зразумець, чаму так адбылося. Але забойства Навальнага па-за рацыянальнасцю. Напэўна, у Пуціна – калектыўнага і індывідуальнага – была нейкая матывацыя пасадзіць Навальнага на 19 гадоў і замарыць яго ў калоніі. Як і пачаць вайну з Украінай дзесяць гадоў таму і поўнамаштабнае ўварванне два гады таму. Іншая справа – зразумець, чаму выканаўцы, незлічоныя судзейскія чыноўнікі, турэмшчыкі, паліцыянты, іншыя сілавікі – падпарадкоўваліся гэтай логіцы: труцілі Навальнага, саджалі яго, катавалі. Спакусліва думаць, што Пуцін баяўся Навальнага. Пуцін і Навальны жылі ў розных светах. Навальнага многія ведалі асабіста. Пуцін апошні раз па-сапраўднаму ўжывую меў зносіны з людзьмі 22 жніўня 2000 года: яго суразмоўцамі сталі сваякі маракоў падлодкі «Курск», якая затанула ў Баранцавым моры на дзесяць дзён раней. З тых часоў Пуцін сустракаецца толькі са спецыяльна адабранымі і падрыхтаванымі статыстамі. Навальны ўвесь час паўтараў словы «нельга мірыцца»: з крадзяжом, неверагоднай няроўнасцю, палацамі службоўцаў, цэнтралізацыяй, з агрэсіўнай вайной.

Важна зразумець: смерць Навальнага не перакрэсліла спіс таго, з чым нельга мірыцца», – адзначае расейскае незалежнае выданне.

Пасля некалькіх гадоў поўнага маўчання Турцыя і Егіпет зноў маюць намер зблізіцца: на сустрэчы прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана і яго егіпецкага калегі Абдэль Фаттаха ас-Сісі, якая адбылася ў Каіры, выказаліся за пашырэнне гандлёвых адносін і сумесныя дыпламатычныя ініцыятывы. Аглядальнікі задаюцца заканамерным пытаннем, што з гэтага выйдзе. Балгарскі партал News.bg дае наступны каментар наконт абвешчанага пашырэння супрацоўніцтва паміж абедзвюма краінамі.

«Егіпет і Турцыя знаходзяцца, хутчэй, у модусе суперніцтва, паколькі абедзве краіны лічаць сябе энергетычнымі хабамі, праз якія ідзе забеспячэнне Еўропы прыродным газам. Знакам паглыблення іх адносін стала б вестка аб тым, што ўжо распаўсюджанае паведамленне аб намеры Егіпта купляць турэцкія дроны пацвердзілася. А датуль Турцыя і Егіпет могуць быць калі і не сябрамі, то сама меней добрымі знаёмымі. Пакуль не падзьме іншы вецер», – іранізуе балгарскае выданне.

Пасля скандалу з памілаваннем злачынцы, замяшанага ў выпадках гвалту над выхаванцамі аднаго з дзіцячых дамоў, і адстаўкі прэзідэнта Каталін Новак і адмовы ўжо былой міністра юстыцыі Юдзіт Варгі ад вылучэння на выбары ў Еўрапарламент, жарсці ў Венгрыі не сціхаюць. Былы муж Варгі, Петэр Мадзьяр, выступіў з публічнай заявай пра тое, што сістэма, выбудаваная прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам, працятая карупцыяй, а затым пакінуў кіруючыя пасады ў розных кампаніях. Румынская служба Deutsche Welle каментуе заяву.

«Змест большасці сцвярджэнняў, зробленых Мадзьярам, не новы і ўжо добра вядомы. Новым тут стала толькі тое, што яны прагучалі з вуснаў інсайдэра, які сцвярджае, што ўжо на працягу многіх гадоў знутры займаўся крытыкай сітуацыі ў краіне – і больш не жадае маўчаць. Складана паверыць у тое, што заявы Петэра Мадзьяра могуць стаць рэальнай пагрозай для рэжыму Орбана. Прэм’ер-міністр, напэўна, ажыццявіць некаторыя кадравыя перастаноўкі, з тым каб выправіць сітуацыю. Аднак словы Мадзьяра сведчаць і пра іншае: час ад часу сістэма Орбана жарэ сваіх уласных дзяцей. А таксама яны сведчаць пра тое, што яе немагчыма рэфармаваць знутры», – падкрэслівае румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка