BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Аргумент як падстава

Літва заклікае вырашыць пытанні бяспекі на Беларускай АЭС. Трамп пагражае Пуціну: праз ціск да ўгоды? Славакія: Фіцо ставіць у віну апазіцыі планы перавароту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Літва ў чарговы раз заклікала Менск прыпыніць працу энергаблокаў № 1 і 2 Беларускай АЭС у Астраўцы, прыкладна ў 50 км ад Вільні, да вырашэння ўсіх пытанняў бяспекі. Беларуская АЭС працуе з перыядычнымі і незарэгістраванымі збоямі, а праблемы бяспекі на станцыі працягваюць заставацца без увагі», – цытуе LRT прэс-рэліз Дзяржаўнай інспекцыі бяспекі ядзернай энергетыкі Літвы (VATESI).

«VATESI заклікала прыпыніць працу двух блокаў Беларускай АЭС у лісце, накіраваным у сераду ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС). Мы разлічваем атрымаць не толькі афіцыйныя заявы ад нашага суседняга рэгулятара, але і падрабязную інфармацыю пра практычныя дзеянні па забеспячэнні бяспекі Беларускай АЭС у адпаведнасці з самымі высокімі міжнароднымі стандартамі бяспекі. Абодва блокі Беларускай АЭС зараз спыненыя — было абвешчана, што на энергаблоку 1 ідзе планавы рамонт, але інфармацыі пра прычыны спынення блока 2 вельмі мала. Безадказны падыход да бяспекі цяпер усё больш выяўляецца ў пазапланавых адключэннях энергаблокаў Беларускай АЭС і зацягванні тэрмінаў рамонту. Больш за тое, Беларусь не дзеліцца інфармацыяй пра прычыны нестабільнай працы атамнага аб’екта, пазапланавых адключэнняў блока або працяглага рамонту. Паводле ацэнак VATESI, у выпадку аварыі на АЭС радыяцыі падвергнулася б траціна насельніцтва Літвы. Раней паведамлялася, што першая ў Беларусі АЭС у Астраўцы будзе мець два расейскія рэактары тыпу ВВЭР па 1200 МВт кожны. Літоўскія і міжнародныя эксперты заяўляюць, што будаўніцтва Астравецкай АЭС вялося з грубым парушэннем тэхналагічных і экалагічных нормаў», – піша літоўскае выданне.

У сваёй інаўгурацыйнай прамове прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абышоў тэму вайны ва Украіне. Аднак цяпер на медыяплатформе Truth Social ён наўпрост звярнуўся да Пуціна: “Спыніце гэтую вар’яцкую вайну!”. Як заявіў Трамп, калі неўзабаве не будзе знойдзена рашэнне, то ён будзе вымушаны ўвесці ў дачыненні да расейскага экспарту “высокія падаткі, пошліны і санкцыі”. Па дадзеных газеты Wall Street Journal, Трамп даў свайму спецпасланніку па РФ і Украіне Кіту Келагу сто дзён на тое, каб дамагчыся заключэння пагаднення. Турынская La Stampa абураная тым, якім чынам Трамп паспрабаваў націснуць на Пуціна.

«Калі дыпламатыя новага прэзідэнта ЗША будзе прытрымлівацца той жа лініі, што і яго твіт, у якім ён заклікаў Уладзіміра Пуціна “скончыць вайну, таму што інакш будзе толькі горш”, то нават пачатак перамоваў стане вельмі няпростай справай. Ініцыятыва пра пачатак перамоваў, аформленая ў выглядзе пагрозы новых санкцый і мытных пошлін, – гэта ў цэлым не занадта папераджальны падыход, але публічна прапаноўваць Уладзіміру Пуціну пайсці на саступкі і прадстаўляць сваю, трампаву, гатовасць скончыць з уварваннем РФ ва Украіну ў якасці «вялікай паслугі», – гэта, хутчэй за ўсё, пацягне за сабой адказ у выглядзе “Не”. Цяжка сказаць, раіўся Трамп з кім-небудзь да гэтага – ці не, але складваецца ўражанне, што яго пасыл сфармуляваны так, каб расейскі лідар не змог яго прыняць», – адзначае італьянскае выданне.

У мінулы аўторак славацкая апазіцыя мела намер паставіць у парламенце пытанне аб даверы прэм’ер-міністру Роберту Фіцо. Апошні змог прадухіліць негатыўны для сябе сцэнар, апублікаваўшы даклад спецслужбаў, паводле якога апазіцыя плануе ўзняць у краіне “майдан” – гэта значыць звяржэнне ўлады па ўзоры падзей ва Украіне ў 2014 годзе. Венская Der Standard малюе змрочны сцэнар.

«Фіцо настаяў на тым, каб прамаўляць сваю прамову за зачыненымі дзвярыма – без удзелу грамадскасці. Прычына такая: паводле слоў прэм’ер-міністра, ён меў намер цытаваць справаздачу спецслужбаў, а таму ўсім парламентарыям пасля заканчэння пасяджэння таксама забаранялася публічна выказвацца наконт гэтага. Апазіцыя ў гэтыя гульні гуляць не стала, пасяджэнне было сарванае, і галасаванне не адбылося. Пазней парламентарыі казалі пра шакуючыя навіны, якія прынесла праславутая справаздача. Апазіцыя, у сваю чаргу, заявіла, што гаворка ішла пра наборы даўно вядомых і якія набілі ўсім аскому абвінавачванняў з боку Фіцо, у вачах якога зноў разгарэліся масавыя пратэсты, маўляў, з’яўляюцца прадвеснікамі перавароту. Многім нават здаецца, што краіна нібыта вярнулася ў часы чэхаславацкай камуністычнай дыктатуры, калі ўлада выкарыстоўвала спецслужбы ва ўласных мэтах», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

Blackrock, адна з найбуйнейшых у свеце інвестыцыйных кампаній і рэкардсмен па памеры актываў пад кіраваннем, аб’явіла аб тым, што пакіне кліматычны альянс Net Zero Asset Managers Initiative (NZAMI). Гэтая арганізацыя аб’ядноўвае інвестыцыйных менеджараў, адданых мэты дасягнення бізнесам кліматычнай нейтральнасці да 2050 года і якія інвесціруюць у “зялёныя” галіны прамысловасці. «З прыходам Трампа ў дзелавых элітаў з’явілася ідэальная адгаворка», – заўважае варшаўская Rzeczpospolita.

«Словы і рашэнні Дональда Трампа стануць у Злучаных Штатах – ды і, хутчэй за ўсё, не толькі там – ідэальным апраўданнем любога бізнэс-рашэнні, якое яшчэ ўчора было б расцэнена як уклад у паскоранае знішчэнне планеты і пацягнула б за сабой шырокі байкот прадпрыемства. Тое, што адбываецца, азначае, што чаша шаляў у супрацьборстве паміж аскетызмам у імя барацьбы са зменай клімату і будучыні нашай планеты, з аднаго боку, і дзікай пагоняй за прыбыткам без аглядкі на сацыяльныя наступствы – з другога, хіліцца ў бок Мамоны. Як гаворыцца, ‘пасля нас хоць патоп», – адзначае польскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка