BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Беспрэцэдэнтная нерашучасць

Прэм’ер-міністр Польшчы паабяцаў узмацніць ахову на мяжы ЕЗ з Беларуссю. Перамога Швейцарыі на „Еўрабачанні”. Грузія: на ростанях паміж ЕЗ і Расеяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у суботу наведаў мяжу краіны з Беларуссю, якая таксама з’яўляецца знешняй мяжой Еўразвяза з аўтакратычнай дзяржавай, і паабяцаў зрабіць больш для ўмацавання бяспекі ўздоўж усёй усходняй мяжы», – перадае амерыканскае выданне voanews.

«Туск абвінаваціў Беларусь, саюзніка Расеі, ва ўзмацненні таго, што ён назваў «гібрыднай вайной» супраць Захаду, заахвочваючы мігрантаў спрабаваць пераехаць у ЕЗ. Ён паабяцаў, што Польшча не пашкадуе грошай на бяспеку сваіх межаў. Туск таксама адзначыў «рост пагрозы ў выніку расейска-ўкраінскай вайны, агрэсіі Расеі супраць Украіны і нявызначанай геапалітычнай сітуацыі». Візіт Туска на мяжу, першы з моманту яго ўступлення на пасаду ў снежні, адбыўся пасля таго, як у гэтым месяцы польскі суддзя перайшоў у Беларусь. Ён сцвярджаў, што сутыкнуўся з пераследам у дэмакратычнай Польшчы. Афіцыйныя ўлады абвясцілі яго здраднікам, і ён знаходзіцца пад следствам па падазрэнні ў шпіянажы. Польшча правярае, ці быў суддзя, які папрасіў прытулку ў Беларусі, шпіёнам. Туск замяніў нацыянальна-кансерватыўную партыю, якая канфліктавала з ЕЗ па пытаннях вяршэнства права. Гэтая партыя, «Права і справядлівасць», заняла цвёрдую пазіцыю супраць міграцыі такім чынам, што паставіла яе ў супярэчнасць з іншымі еўрапейскімі саюзнікамі, калі яна ўпершыню прыйшла да ўлады ў 2015 годзе.

Аднак з таго часу агульныя настроі супраць міграцыі ў Еўропе сталі больш жорсткімі. Хаця Туск не выкарыстоўвае частку жорсткай антымігрантскай рыторыкі сваіх папярэднікаў, ён таксама выступае супраць нерэгуляванай міграцыі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Упершыню за 36 гадоў “Еўрабачанне” выйграла Швейцарыя дзякуючы кампазіцыі “The Code”, праспяванай Nemo. Год таму Nemo абвясціў сябе небінарнай асобай, а “The Code” – маніфест 24-гадовага выканаўцы. Падчас выступаў Nemo мяняў музычныя жанры ад арыі да рэпу і драм-энд-бэйсу, паралельна дэманструючы акрабатычны спрыт”, – перадае DW, і не абыходзіць увагай напружанасць вакол песеннага конкурсу:Еўрабачанне” ў Мальме стала самым скандальным у гісторыі конкурсу. Тысячныя антыізральскія маршы на вуліцах і асвістванне выканаўчага прадзюсара “Еўрабачання” Марціна Эстэрдаля за рашэнне допуск Ізраіля – вось пастаянны фон “Еўрабачання”. Акрамя таго, конкурс яшчэ не ведаў дыскваліфікацыі аднаго з удзельнікаў непасрэдна перад фіналам. Размова ідзе аб прадстаўніку Нідэрландаў Йосце Кляйне, які быў адхілены за „непрыстойныя” паводзіны: скаргу на яго падала супрацоўніца здымачнай групы конкурсу. Нідэрланды падалі афіцыйную скаргу ў сувязі з адхіленнем Кляйна”.

У Грузіі праходзяць масавыя пратэсты супраць закона аб “замежным уплыве”. Законапраект прадугледжвае, што СМІ і арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20 працэнтаў фінансавання з-за мяжы, павінны будуць даваць справаздачу аб сваіх даходах і раскрываць іх крыніцы. У сакавіку ў краіне ўжо мелі месца шырокія акцыі пратэсту супраць прыняцця падобнага законапраекта, і ў выніку ўлада тады пайшла на попятную. Як ацэньваць тое, што адбываецца ў краіне – асабліва ў кантэксце таго, што толькі нядаўна Грузія атрымала статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз? Газета Jyllands-Posten, якая выходзіць у дацкім Вібю, уражаная маштабам пратэстаў.

«Пратэстуючыя гавораць на той жа мове, што і ўкраінцы ў 2014 і 2004 гадах, немцы і чэхі ў 1989 годзе, а польскія актывісты ў 1970-я і 1980-я: дух свабоды па-ранейшаму застаецца наймацнейшай зброяй у арсенале дэмакратыі. Нягледзячы на ўсе расчараванні мінулых трох з паловай дзесяцігоддзяў руху па гэтым шляху, дэмакратыя не састарэлая і не «аслабла», у яе маюцца ўсе магчымасці для таго, каб даць адпор папулістам, а таксама паставіць шах і маm імперыялістам новага стагоддзя, якія абкапаліся ў Расеі і Кітаі», – піша дацкае выданне.

Правакансерватыўная партыя Унутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя – Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства (ВМРО-ДПМНЕ) упэўнена перамагла на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у Паўночнай Македоніі. Партыя, якая раней знаходзілася ў апазіцыі, выйшла ў перадвыбарчую гонку з еўраскептычнымі і нацыяналістычнымі лозунгамі. Так, яна плануе вярнуць старую назву дзяржавы і скасаваць пагадненне аб добрасуседскіх адносінах з Балгарыяй. «ЕЗ нясе частку адказнасці за гэты нахіл у бок нацыяналізму», – лічыць нямецкае выданне Frankfurter Rundschau.

«На працягу многіх гадоў партнёры па ЕЗ не аказвалі дапамогі кандыдату на ўступленне, які быў вымушаны нават змяніць назву сваёй краіны, але працягвалі чыніць новыя перашкоды на яго шляху і ўсяляк запавольвалі марафон па ўступленні, які той пачаў яшчэ ў 2005 годзе. Той, хто наўмысна прапускае магчымасці, не павінен дзівіцца наступствам: і суседзям па ЕЗ Балгарыі і Грэцыі, і тым, хто ўпарта тармозіць пашырэнне ЕЗ у Парыжы, Гаазе і ў нямецкай партыі ХДС/ХСС, давядзецца наракаць на сябе, калі не толькі Будапешт, але яшчэ і Пекін ды Масква стануць аказваць на Скоп’е яшчэ большы ўплыў», – адзначае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя