Фота: wikimedia.org
Пуцін накіраваў у Беларусь ядзерную зброю. Ці ахопіць вайна ўвесь Блізкі Усход? У Германіі аграрыі блакуюць дарогі і вуліцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскі часопіс The Wall Street Journal паведамляе, што расейскае тактычнае ўзбраенне хутчэй усяго размешчанае аб тэрыторыі 116-й нацыянальнай гвардыі на авіябазе ў Лідзе.
„У той час як адміністрацыя Байдэна непакоіцца аб тым, як Расея і Іран адрэагуюць на ўяўную эскалацыю з боку ЗША, адносіны паміж патэнцыйнымі краінамі-удзельніцамі працягваюць абвастрацца. Расея завяршыла размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў канцы мінулага месяца. Амэрыканскія афіцыйныя асобы маўчаць пра сваю выведку адносна перадачы, і магчыма, што Лукашэнка блефуе. Але дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША Джэйк Саліван пацвердзіў у чэрвені, што Пуцін пачаў «прымаць меры па размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі», – паведамляе амерыканскае выданне.
На Блізкім Усходзе па-ранейшаму неспакойна: баявыя дзеянні паміж Ізраілем і ліванскай Хезбалай працягваюцца, роўна як і дужанне Ізраілю супраць ХАМАС у сектары Газа. Напярэдадні выхадных суніцкія баевікі ІДІЛ узялі на сябе адказнасць за тэракт у іранскім Кермане падчас памінальнай службы па Касему Сулеймані, у выніку якога загінула больш за 90 чалавек. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў аб небяспецы эскалацыі ў рэгіёне. Як адзначае мадрыдская газета El País, падзеі развіваюцца трагічным чынам, аднак эскалацыі чакаць не варта.
«Цяперашняе адчуванне страты кантролю на Блізкім Усходзе пагаршаецца жаданнем усіх актараў прадушыць свае інтарэсы за кошт суседзяў. Вядома, яны так паводзяць сябе ўжо на працягу дзесяцігоддзяў, але зараз, ва ўмовах вайны, гэтае імкненне да дамінавання становіцца яшчэ больш відавочным – і ў першую чаргу, у выпадку ЗША, Ізраілю і Ірана. Жадання ёсць ва ўсіх, але ні ў кога няма неабходных рэсурсаў. З гэтага можна зрабіць выснову, што ніхто – акрамя ІДзІЛ – гэта значыць тых, хто дзейнічае па прынцыпе «чым горш, тым лепш», – не зацікаўлены ў тым, каб правакаваць рэгіянальную эскалацыю. Хутчэй, кожны марыць аб тым, каб стаць тым, кім ён не з’яўляецца. Усе апынуліся ў цісках трагедыі, пры тым што кожны сам жа распальвае агонь – і спадзяецца на тое, што вецер падзьме ў патрэбны бок», – заўважае гішпанскае выданне.
Нямецкія фермеры распачалі акцыі пратэсту супраць запланаванага федэральным урадам скарачэння субсідый на сельскую гаспадарку. У ход пойдуць такія меры, як перакрыцце дарог і шляхоў. Кіруючая кааліцыя ўжо адклікала некаторыя планы па эканоміі, але фермеры працягваюць патрабаваць захавання для сябе льгот на дызельнае паліва. Лонданскі штотыднёвік The Spectator разумее, што падштурхнула аграрыяў на такія дзеянні.
«Адмяніць жыццёва важныя субсідыі без папярэдніх кансультацый – гэта значыць не проста выбіць глебу з-пад ног у фермераў, але і ў цэлым парушыць дэмакратычны кантракт паміж урадам і электаратам – гэта значыць зрабіць менавіта тое, у чым зараз абвінавачваецца ідругі бок – фермеры. Калі нямецкі ўрад не можа ці не жадае прадставіць больш канструктыўны адказ на пратэсты, чым асуджэнне, то тады яму варта рыхтавацца да яшчэ шырэйшых і адчайных акцый пратэсту з боку фермерскай супольнасці. У Нідэрландах падобная адсутнасць павагі і захаванні інтарэсаў аграрыяў ужо прывяла да шырокіх падрыўных акцый з боку фермераў», – піша брытанскае выданне.
Падзеі 6 студзеня 2021 года, калі прыхільнікі Трампа паспрабавалі ўзяць штурмам будынак Кангрэса Злучаных Штатаў, да гэтага часу чакаюць сваёй юрыдычнай ацэнкі. У лютым Вярхоўны суд разгледзіць пытанне аб тым, ці з’яўляецца законнай забарона тагачаснаму прэзідэнту Дональду Трампу ўдзельнічаць у цяперашніх праймерыз у двух штатах – на падставе яго ролі ў кантэксце вышэйзгаданага штурму. Як гэтая падзея паўплывала на амерыканскую дэмакратыю? «На коне – будучыня амерыканскай дэмакратыі», – падагульняе парыжская газета Le Figaro.
«Амерыка зацыкленая на адным-адзіным пытанні: якая праўда таго, што здарылася шостага студзеня, маем мы справу з псеўдапераможцам – ці ж з разлютаваным прайграўшым? У ЗША і іншых краінах усё ўжо вызначыліся з пунктам гледжання наконт гэтага, таму ад перадвыбарных дэбатаў можна чакаць толькі нязначнага прагрэсу. Але ў Вярхоўнага суда ёсць магчымасць вярнуць амерыканскую дэмакратыю на шлях праўдзівы. Калі ён вызначыць, што Трамп парушыў 14-ю папраўку і падтрымаў штурм, то тады рэспубліканцам давядзецца падшукваць сабе іншага кандыдата. Калі ж суд апраўдае Трампа, то для таго каб «выратаваць» амерыканскую дэмакратыю, безумоўна, спатрэбіцца нехта мацнейшы за нямоглага старца Джо Байдэна», – адзначае французскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя