BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Без паваротаў

Еўракамісія прапануе абмежаваць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі. Славакія: публічна-прававое тэлерадыёвяшчанне ў небяспецы? Выбары ў Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Ілюстрацыйнае фота.

«На наступным тыдні Еўракамісія прапануе абмежаваць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainian Shipping Magazine.
«Чакаецца, што на наступным тыдні Еўракамісія прадставіць прапанову адносна колькасных абмежаванняў на імпарт збожжа з РФ і Беларусі. Прапанова падаецца на фоне пратэстаў еўрапейскіх аграрыяў і заклікаў да Украіны абмежаваць імпарт прадукцыі з краін-агрэсараў. Па словах неназванага еўрапейскага дыпламата, прапанова будзе ўключаць квоты на харчовыя тавары з Расеі і Беларусі. ЕЗ баіцца поўнага эмбарга з-за рызыкі глабальных цэнавых ваганняў і негатыўнага ўплыву на бедныя краіны свету. Транзіт расейскай і беларускай прадукцыі, як і раней, будзе дазволены. Па дадзеных Еўрастата, летась у ЕЗ было імпартавана больш за 1,5 млн. тон збожжа ў параўнанні з 970 000 тон у 2022 годзе. Раней USM паведамляў, што Польшча папросіць Еўракамісію заблакаваць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі. Нагадаем, нягледзячы на эмбарга на некаторыя віды сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны, Польшча працягвае імпартаваць такія ж пазіцыі з Расеі і Беларусі. Пра гэта даведаліся ўкраінскія журналісты», – нагадвае ўкраінскае выданне.

***

Урад Роберта Фіцо прадставіў законапраект аб рэфармаванні RTVS – дзяржаўнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае пад сваім дахам цэлы шэраг тэлеканалаў і радыёстанцый. Намер улад выклікаў шквал крытыкі. RTVS плануецца перайменаваць у «Славацкае тэлебачанне» і STaR, а наглядныя камітэты ў будучыні будуць падпарадкоўвацца напрамую парламенту і міністэрству культуры. Генеральны дырэктар RTVS Любаш Махай заявіў аб тым, што тое, што адбываецца, нагадвае часы камуністычнай цэнзуры. Аглядальнікі таксама занепакоеныя лёсам свабоды прэсы. Браціслаўская газета Hospodárske noviny падкрэслівае, што палітыкі заўсёды спрабавалі ўплываць на медыя.

«Славацкія СМІ, якія будуць працаваць пад абрэвіятурай STaR, не змогуць функцыянаваць інакш, акрамя як класічнае дзяржаўнае тэлебачанне. Але як толькі зменіцца ўрад, сыдзе і гэты STaR – вельмі хутка і нават не піскнуўшы. Наша «публічнае права ў галіне СМІ» заўсёды выклікала сумневы. Палітыкі заўсёды нейкім чынам прымудраліся кантраляваць радыё і тэлебачанне. У такім кантэксце шмат залежыць ад кемлівасці, лабісцкіх здольнасцяў і выкрутлівасці тэлевізійных начальнікаў», – піша славацкае выданне.

***

У пятніцу ў Расеі пачынаюцца прэзідэнцкія выбары. Галасаванне працягнецца тры дні. Акрамя Пуціна ў бюлетэнях пазначаны імёны яшчэ трох “прэтэндэнтаў”, вылучаных прадстаўленымі ў Дзяржаўнай Думе партыямі. Пры гэтым усе яны ў прынцыпе падтрымліваюць курс кіраўніка Крамля. Кандыдаты ад апазіцыі дапушчаны не былі. «Для Пуціна вайна – гэта спосаб падвышэння свайго рэйтынгу», – канстатуе будапешцкі штотыднёвік hvg.

«У Расеі расце папулярнасць Сталіна, паколькі падчас яго праўлення Савецкі Саюз адыграў важную ролю ў разгроме гітлераўскай Германіі, стаў сусветнай імперыяй і ўстанавіў свой кантроль над краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Падтрымка Пуціна сярод насельніцтвы таксама шмат у чым грунтуецца на поспехах у войнах. Кожны раз, калі рэйтынг папулярнасці Пуціна – хоць на пасадзе прэзідэнта, хоць на пасадзе прэм’ера – пачынае асядаць у сілу ўнутраных эканамічных праблем, пачынаецца вайна – у 2008 годзе супраць Грузіі, у 2014 і 2022 гадах – супраць Украіны. І большасць расейскіх выбаршчыкаў, якія адчуваюць настальгію па часах імперыі, адразу ж усё даруе крамлёўскаму ўладару», – прагназуе венгерскае выданне.

***

У сераду, Еўрапарламент прыняў першы ў свеце закон, які рэгулюе сферу выкарыстання штучнага інтэлекту. Праект закона ўзгадняўся з дзяржавамі ЕЗ. Сярод палажэнняў закона – забарона на выкарыстанне штучнага інтэлекту для стварэння сістэм сацыяльнага рэйтынгу або распазнання эмоцый чалавека на працоўным месцы. У тым, што датычыцца выкарыстання праграм па распазнанні асоб, былі зроблены выключэнні – напрыклад, для праваахоўных органаў. Меркаванні СМІ падзяліліся: адны аглядальнікі лічаць выніковую версію тэксту выпусташанай, іншыя, наадварот, кажуць аб лёсавызначальным прарыве. «Працэс выпрацоўкі закону наглядна дэманструе, у каго ў Еўразвязе знаходзяцца рэальныя рычагі ўлады», – піша нямецкае выданне Frankfurter Rundschau.

«Яны – ва ўрадаў асобных краін ЕЗ і зусім не ў Еўрапарламента, які наогул мае прамую дэмакратычную легітымацыю. У Законе аб штучным інтэлекце мала што засталося ад пазіцыі Еўрапарламента, накіраванай на абарону асноўных правоў грамадзян ад пагрозы іх ушчамлення з выкарыстаннем новых тэхналагічных інструментаў. Прыкладам таму – пытанне аб забароне выкарыстання тэхналогій для распазнання асоб у грамадскай прасторы, на якой настойваў Еўрапарламент. Прыняты тэкст закону дапускае занадта шмат выключэнняў. Той факт, што для памежнага рэжыму Еўразвяза зроблены выключэнні, шмат што кажа пра тое, наколькі выбарча часам падыходзяць еўразаканадаўцы да справы абароны правоў чалавека», – паведамляе нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя