У пункце пропуску “Брэст” зніклі чэргі з аўтобусаў. Блізкі Усход: ідзе вялікая вайна? Орбан робіць стаўку на “эканамічны нейтралітэт”. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску “Брэст” няма чэргаў з аўтобусаў. Пра гэта паведамляе прадпрыемства “Мінсктранс” і просіць пасажыраў улічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездак», – паведамляе DW.
«Нагадаем, на працягу месяцаў у пункце пропуску “Брэст” назапашваліся чэргі з дзясяткаў аўтобусаў, у пікавыя моманты іх было больш за 80, а праходжанне мяжы займала звыш 30 гадзін. Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта Беларусі, перасячэння граніцы з Польшчай зараз чакаюць больш як 300 аўто. На выезд у Літву чэргаў няма. Нагадаем, Літва забараніла ўезд у краіну для аўто з беларускай рэгістрацыяй, зрабіўшы выключэнне толькі для ўладальнікаў літоўскіх віз ці ВНЖ», – піша DW.
***
Ізраіль працягвае атакаваць мэты ў Ліване – як з паветра, так і на сушы. Упершыню за некалькі гадоў авіяўдар быў нанесены на Заходні бераг. “Хезбала”, у сваю чаргу, працягвае бамбіць ізраільскую тэрыторыю ракетамі. Застаецца незразумелым, як Ізраіль адкажа на ракетныя напады Ірана ў мінулы аўторак. Еўрапейская прэса абмяркоўвае, што будзе, калі Ізраіль пачне прамыя ваенныя дзеянні супраць Ісламскай Рэспублікі. «Паслабленне іранскага рэжыму стала б палёгкай для ўсіх», – лічыць капенгагенская Weekendavisen.
«Вырашальны паядынак Ізраіля з Іранам чарговы раз дэманструе, што ў нас на Захадзе няма ніякай стратэгіі ў плане таго, як вызваліць іранскі народ і ўвесь астатні свет ад той разбуральнай дзейнасці, якой займаецца гэтая тэакратычная дыктатура. Мы павінны сур’ёзна паставіцца да засцярог Ізраіля, які на працягу многіх гадоў паказваў на тое, што ядзерная зброя стане для рэжыму аятол свайго роду страхаваннем жыцця, сапраўды гэтак жа, як гэта адбылося ў выпадку Паўночнай Карэі. У інтарэсах Ізраіля, нашай краіны і іранскага народа – у значнай ступені аслабіць гэту ядзерную праграму. Іран аказаўся папяровым тыграм. Цяпер Ізраіль праводзіць вельмі няпростую працу, і яму патрэбна любая дапамога, якую мы можам аказаць», – піша дацкае выданне.
***
Кіраўнік урада Венгрыі Віктар Орбан мае намер праводзіць “стратэгію эканамічнага нейтралітэту”. Паводле яго слоў, фарміраванне блокаў, да якога, маўляў, імкнецца Захад у адказ на эканамічны ўздым дзяржаў усходу, трэба адхіліць: эканамічныя адносіны не павінны грунтавацца на ідэалагічных меркаваннях. “У выпадку сваёй рэалізацыі план Орбана будзе азначаць выхад краіны з ЕЗ”, – б’е трывогу штотыднёвік hvg.
«Хочацца спадзявацца, што прэм’ер-міністр аддае сабе справаздачу ў тым, што “эканамічная незалежнасць” у той форме, у якой ён яе абмаляваў, нерэалізуемая ў складзе Еўразвяза – і што для Венгрыі немагчыма існаванне па-за Еўразвязам. У такім выпадку “эканамічная незалежнасць” у тым выглядзе, у якім яна малюецца, уяўляе сабой не што іншае, як фікцыю, як нейкія ідэалагічныя рамкі, закліканыя абгрунтаваць усе тыя спрэчныя меры, якія прымае ўрад ва ўнутранай і знешняй палітыцы (дэмантаж прававой дзяржавы, сталыя сутычкі з саюзнікамі, імкненне падлізацца да дыктатараў усіх масцяў), а таксама апраўдаць правалы ў эканамічнай палітыцы», – адзначае венгерскае выданне.
***
Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, які застаецца на гэтай пасадзе да канца 2025 года, у Ізраілі больш не жадаюць бачыць. Міністр замежных спраў краіны Ісраэль Кац аб’явіў Гутэрыша персонай нон грата. У сваім выказванні наконт ракетнага абстрэлу ізраільскай тэрыторыі з боку Ірана Гутэрыш не згадаў Тэгеран ні словам – і не асудзіў яго дзеянні. Генеральны сакратар ААН толькі туманна казаў аб “адной эскалацыі за другой”. «Цалкам лагічнае рашэнне», – падкрэслівае інфармацыйнае агенцтва УНІАН.
«Гэта – палітычная пазіцыя краіны, дэманстрацыйны крок, які паказвае, што кіраўнік міжнароднай арганізацыі не адпавядае прынцыпам і асновам, дзеля якіх ААН стваралася – прадухіленне войнаў. Бо пра гэта не можа ісці размова, калі ў арганізацыі нават не называюць агрэсара агрэсарам. Яны быццам бы спрабуюць захоўваць нейтральнасць, хаця гаворка ідзе пра відавочныя прыкметы агрэсіі з боку Ірана. У Статуце ААН дакладна прапісана адказнасць агрэсара – поўнае асуджэнне. Аднак у арганізацыі робяць выгляд, быццам не ведаюць, хто вядзе абстрэлы Ізраілю. Для Украіны – вельмі знаёмая сітуацыя», – адзначае ўкраінскае інфармацыйнае агенцтва.
Беларускае Радыё Рацыя